26 красавiка 2024, Пятніца, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесю Бяляцкаму ўручаюць Нобелеўскую прэміі міру: жывая трансляцыя

24
Алесю Бяляцкаму ўручаюць Нобелеўскую прэміі міру: жывая трансляцыя

Цырымонія праходзіць у сталіцы Нарвегіі.

10 снежня а 15.00 паводле менскага часу ў Осла пачалася цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. Яе лаўрэатамі сёлета сталі расейскі фонд «Мемарыял», украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і заснавальнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Ад імя беларускага праваабаронцы, які ўжо 17 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, на ўручэнні прэміі выступіць ягоная жонка Наталля Пінчук.

Прадстаўніца Нобелеўскага камітэта ў сваім уступным слове адзначыла, што Альфрэд Нобель падтрымліваў навукі, літаратуру і мір.

- У аснове яго бачання было перакананне, што таленавітыя і ўпартыя людзі, могуць змяніць свет, - сказала спікерка.

Палітвязень Алесь Бяляцкі з'яўляецца кіраўніком беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна».

14 ліпеня 2021 года Алеся Бяляцкага, а таксама ягоных паплечнікаў Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча арыштавалі паводле «крымінальнай справы», калі ў супрацоўнікаў «Вясны» па ўсёй Беларусі і ў галоўным офісе ў Менску прайшлі ператрусы. Палітвязень ужо больш за год знаходзіцца ў СІЗА.

Раней рэжым Лукашэнкі ўжо кідаў Алеся Бяляцкага за краты. 24 лістапада 2011 года праваабаронцу прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тады кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» правёў за кратамі 1050 дзён (амаль тры гады) і выйшаў на волю 21 чэрвеня 2014 года.

- Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё справе дэмакратыі і міру ў сваёй краіне. Бяляцкі ў 1996 годзе стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна» ў адказ на сумнеўныя змены ў Канстытуцыю, якія далі Лукашэнку дыктатарскія паўнамоцтвы, - заявіла прадстаўніца Нобелеўскага камітэта падчас прадстаўлення лаўрэатаў.

Нобелеўская прэмія - адна з найбольш прэстыжных міжнародных узнагарод. Яна прысуджаецца па пяці кірунках. Апроч садзейнічання ўстанаўленню міру ва ўсім свеце, гэта прэмія за навуковыя дасягненні ў вобласці фізікі, хіміі, фізіялогіі ці медыцыны, а таксама літаратуры.

Раней лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуры стала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках