26 красавiка 2024, Пятніца, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Праз глупства Лукашэнкі прадпрыемствы будуць у вялікіх стратах

21
Эканаміст: Праз глупства Лукашэнкі прадпрыемствы будуць у вялікіх стратах

Загадам кошты «спыніць» нельга.

Лукашэнка ашалеў праз гіперінфляцыю. З 6 кастрычніка дыктатар забараніў падвышаць кошты «на ўсё».

Наколькі гэта адэкватны захад, сайту Charter97.org расказаў эканаміст Леў Марголін:

– Гэта ні да чаго не прывядзе. Гэта больш палітычны, папулісцкі захад, які закліканы паказаць узровень клопату кіраўніцтва пра насельніцтва. У нашай краіне ўжо даўно навучыліся абыходзіць такія рэчы ў большасці выпадкаў. Першы варыянт – гэта выпускаць аналаг тавару або прадукту, які будзе на адну ёту адрознівацца ад таго, на які забаранілі павышаць кошты. І паколькі, як правіла, павышэнне коштаў – гэта працэс аб'ектыўны, то нягледзячы на тое, што новыя кошты трэба будзе рэгістраваць, зацвярджаць у адпаведных органах, няма праблемаў скласці калькуляцыю, якая пакажа, што новы высокі кошт сапраўды эканамічна абгрунтаваны.

Але там, дзе гэта зрабіць не атрымаецца, напрыклад цяжка гэта зрабіць з малочнай прадукцыяй, таму што малако яно і ёсць малако, там прадпрыемствы будуць старацца абыходзіць гэтае абмежаванне праз іншыя прадукты больш дарагога асартыменту. Гэта значыць, могуць з'явіцца даражэйшыя сыры, таму што прадпрыемства не можа працаваць сабе ў страту. І калі кошты, якія спыніліся, не дадуць прадпрыемству атрымліваць прыбытак, то яно рана ці позна банкрутуе.

– Ці можа гэта прывесці да дэфіцыту пэўных тавараў?

– Паўзучы дэфіцыт ужо назіраецца, перш за ўсё ў скарачэнні асартыменту. Але сам сабой ён надта заўважаны не будзе, таму што большасць прадпрыемстваў, асабліва ў сектары прадуктаў харчавання, з'яўляюцца дзяржаўнымі. Гэта значыць, нават калі яны будуць глыбока стратныя, яны ўсё роўна будуць прадаўжаць вытворчасць і шукаць спосабы абыйсці гэтую забарону на павышэнне коштаў.

– Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка паспрачаўся з Лукашэнкам, але ўсё ж падпісаў пастанову пра мараторый на рост коштаў і тарыфаў. Як гэта апісвае эканамічную палітыку нашай дзяржавы?

– Ну, вядома, ён спрабаваў спрачацца, таму што любы чалавек больш-менш дасведчаны ў эканоміцы разумее, што проста так загадам кошты спыніць нельга. Кошты бываюць завышаныя, але гэта бывае, калі ў вытворцы ёсць манапольнае становішча, гэта значыць ён адзіны вырабляе гэтыя прадукты. Напрыклад, у «Санта Брэмар» ёсць манаполія на нейкія рыбныя прадукты, ва ўсіх астатніх даволі высокая канкурэнцыя. І там прадпрыемства калі і падвышае кошты, то яно падвышае, таму што змушанае гэта рабіць, а не таму што хоча нейкія там звышпрыбыткі атрымліваць. Тым больш, што большасць гэтых прадпрыемстваў у нас дзяржаўныя, таму наўпрост іх кіраўніцтва ніякай звышвыгоды ад гэтага атрымліваць не будзе.

Эканамічная палітыка, як і ўся астатняя, гэта найперш палітыка папулісцкая. Гэта значыць яна закліканая нейкім чынам захоўваць народ у спакоі, не дапусціць ніякай незадаволенасці, закіпання і гэтак далей, і да таго падобнае. І каб дагадзіць гэтаму, перш за ўсё Лукашэнка гатовы кінуць эканоміку ў цяжкія выпрабаванні, але перш за ўсё для таго, каб не дапусціць ніякіх праяваў абурэння. Менавіта таму ён настояў на сваім, але ў гэтым нічога дзіўнага няма, ён дзейнічае ў такім ключы ўсе 28 гадоў сваёй улады.

– Якія прагнозы можна зрабіць датычна дабрабыту беларусаў?

– Прагноз адзін і ён вельмі просты. Дабрабыт беларусаў будзе паступова зніжацца, таму што інвестыцый у эканоміку практычна няма, асабліва няма замежных інвестыцый, якія прыносяць новыя тэхналогіі, новыя рынкі збыту. Найлепшыя спецыялісты шукаюць сабе больш годнай рэалізацыі, з'язджаюць на працу за мяжу. А што такое рост дабрабыту? Гэта перш за ўсё рост валавога ўнутранага прадукту і скарачэнне выдаткаў на яго вытворчасць. Ні таго, ні другога ў нашых умовах дасягнуць нельга, таму пра рост дабрабыту беларусаў і размовы быць не можа.

Іншае, эканоміка – гэта рэч дастаткова інэртная, і яе нельга ўзяць і спыніць адразу, як нельга спыніць адразу чыгуначны цягнік, ён усё роўна праз інэрцыю будзе рухацца даволі доўга. Таму калапсу, вядома, не будзе, голаду і картачнай сістэмы таксама не будзе, але дабрабыт будзе паступова змяншацца, узровень спажывання будзе зніжацца ў людзей і гэтак далей.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках