«Сказалі: калі буду без маскі, магу застацца без працы»
9- 7.10.2022, 10:17
- 6,206
Хто выконвае захады прафілактыкі COVID-19 у Баранавічах.
У верасні, паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі пачаў рэгістравацца ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку на COVID-19. І ў Баранавічах з 23 верасня ўведзены "дадатковы комплекс санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў". Журналістка intex-press Дыяна Касякіна прайшлася па горадзе і паглядзела, дзе і хто апрануў маскі.
Дакумент, у якім прапісвалася неабходнасць насіць ахоўныя маскі супрацоўнікам гандлю, грамадскага харчавання, супрацоўнікам аптэк і іншых арганізацый, з сайта Баранавіцкага ЗЦГіЭ знік.
Чаму? Выразна ў занальным цэнтры растлумачыць не змаглі, але сказалі, што "нашэнне масак носіць рэкамендацыйны, а не абавязковы характар, а масачны рэжым на працоўных месцах устанаўлівае непасрэдна само кіраўніцтва, на сваё жаданне".
– Абавязкова толькі для супрацоўнікаў установаў аховы здароўя, – адзначылі ў Баранавіцкім ЗЦГіЭ.
"Не веру я ў маскі гэтыя"
Калі шпацыраваць па вуліцах горада, ствараецца ўражанне, што ніякага каранавірусу няма і не было. Сустрэць мінака ў масцы – той яшчэ квэст. Зрэшты, за некалькі гадзінаў аднаго мужчыну і дзвюх жанчынаў усё ж здолелі ўбачыць. Усе яны – пенсіянеры.
У грамадскім транспарце, дзе ахоўная маска была б вельмі дарэчы (асабліва ў гадзіны максімальнай загрузкі пасажыраў), сітуацыя падобная. А тут, у адрозненне ад вуліцы, трымаць сацыяльную дыстанцыю цяжка.
Саджуся ў таксі. Кіроўца без маскі. На пытанне, чаму, адказвае, што зрабіў прышчэпку і каранавірусу не баіцца.
– Ды і не веру я ў маскі гэтыя! Раней працаваў у ёй, калі быў самы разгар кавіду, а ў выніку ўсё роўна захварэў, – адзначае кіроўца.
"Лепш нацягну да вачэй, чым страчу месца"
А вось у крамах – асабліва ў харчовых – касіры ды іншыя супрацоўнікі ў масках. А хтосьці – і ў пальчатках! Але гэта рэдкасць.
З пакупнікоў у "абароне" – адзінкі. Усё спакойна разгульваюць па залах быццам у "дакавідны час". Зрэшты, ніхто не патрабуе ад іх быць у масцы, пагражаючы адмовай у абслугоўванні.
Памяткі пра прафілактыку каранавіруснай інфекцыі, дэзсродкі і жоўтыя лініі ля касаў – усё гэта ёсць, але на іх мала хто звяртае ўвагу.
У шапіках, размешчаных на аўтобусных прыпынках у цэнтры Баранавічаў, многія супрацоўнікі ў масках.
– Мне сказалі, што калі буду без маскі, то штраф атрымаю, а магу і зусім без працы застацца. Таму я лепш нацягну гэтую маску да вачэй, чым страчу месца, – кажа адна з жанчынаў, якія гандлююць у шапіку.
У адным з банкаўскіх аддзяленняў супрацоўнікі без сродкаў абароны. Можа таму, што ў кожнага з супрацоўнікаў ёсць пластыкавая агароджа ад кліентаў?
Наведвальнікі таксама без масак. І пра дыстанцыяванне ніхто не ўспамінае: сядзяць і стаяць, чакаючы сваёй чаргі, ледзь не прыціснуўшыся адзін да аднаго.
Пра кавід успамінаюць толькі ў паліклініках
Заходжу ў адну з гарадскіх аптэк. Твары ў супрацоўнікаў да вачэй схаваныя за маскамі. Хоць паміж імі і пакупнікамі, як і ў банку, маецца ахоўнае шкло. А вось сярод людзей, якія набываюць лекі, нікога ў масцы. Хоць, здавалася б, дзе, як не ў аптэцы, можна падхапіць які-небудзь вірус або інфекцыю? Бо часцей за ўсё тут бываюць людзі, якія альбо самі хварэюць, альбо ў якіх хварэюць родныя.
Пра тое, што кавід жывы і нікуды не падзеўся, становіцца зразумела толькі ў медустановах.
У Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы, а таксама ў жаночай кансультацыі №2 усе медсупрацоўнікі без выключэння прытрымліваюцца масачнага рэжыму.
Пры ўваходзе ва ўстановы вартуюць супрацоўнікі ў ахоўных строях і з электроннымі градуснікамі ў руках. Яны вымяраюць тэмпературу практычна кожнаму наведвальніку. Маскі надзяваць не прымушаюць, але людзі і самі ў большасці сваёй аддаюць перавагу таму, каб закрыць нос і рот, каб абараніць сябе і навакольных.
Стаміліся баяцца
Шпацыр па горадзе і розных установах паказаў, што з кожнай новай хваляй людзей, якія выконваюць захады прафілактыкі, на жаль, становіцца менш. Нават у паліклініках і аптэках. Нават нягледзячы на аб'явы пра абавязковую наяўнасць маскі на дзвярах гэтых установаў.
Магчыма, уся справа ў тым, што многія прышчапіліся і ўпэўненыя, што вакцына дапаможа не захварэць. А магчыма, тэма каранавірусу настолькі стала штодзённай і людзі настолькі стаміліся баяцца, што перасталі баяцца гэтага нябачнага ворага.
Але хвароба ёсць, і яна вельмі небяспечная. Не адмахвайцеся ад захадаў прафілактыкі і будзьце здаровыя!