Афіцыйна: У Беларусі ўвялі мараторый на павышэнне цэн і тарыфаў
9- 6.10.2022, 21:13
- 9,038

Першы крок да пустых паліц зроблены.
У Беларусі 6 кастрычніка ўвялі мараторый на павышэнне цэн і тарыфаў на ўнутраным рынку. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па нарадзе ў Лукашэнкі, паведаміла прэсавай службе ўрада.
У адпаведнасці з дакументам з 6 кастрычніка юрыдычныя асобы ўсіх формаў уласнасці ды індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю тавараў на ўнутраны рынак або выконваюць паслугі на тэрыторыі Беларусі, не змогуць павысіць цэны ўсіх тавараў, як харчовых, так і нехарчовых, і паслуг.
Павышэнне цэн і тарыфаў у выніку скасавання акцый, збавак і распродажаў таксама не дапускаецца. Пастановы аб павышэнні цэн будуць прымаць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, абласныя выканкамы і Менскі гарвыканкам і толькі ў выпадку эканамічнай мэтазгоднасці.
Устанаўленне цэн і тарыфаў на тавары і паслугі, якія да 6 кастрычніка 2022 года не вырабленыя ў Беларусі, таксама ўзгадняецца з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, з абласнымі выканкамамі і Менскім гарвыканкамам.
Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму даручана ажыццяўляць кантроль за насычэннем рынку таварамі і паслугамі, а таксама дадзеныя паўнамоцтвы на прыпыненне работы аб'ектаў, дзеянні ліцэнзій у выпадку парушэння патрабаванняў пастановы ўрада.
Адзначым, эканамісты мяркуюць, што такія захады могуць прычыніцца да ўзнікнення жорсткага дэфіцыту.