26 красавiка 2024, Пятніца, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошняе слова Ірыны Леўшынай: Перыяд цемрашальства праміне

7
Апошняе слова Ірыны Леўшынай: Перыяд цемрашальства праміне
ІРЫНА ЛЕЎШЫНА

Праўда адна.

У апошнім слове галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына абурылася хваляй барацьбы з іншадумствам і журналістыкай. Выданне «Позiрк» апублікавала поўны тэкст прамовы Леўшынай. 6 кастрычніка яе асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму, прысуды ейным калегам - да 14 гадоў узмоцненага рэжыму.

Ірына Леўшына падзякавала адвакату і расказала, што ўжо год знаходзіцца ў следчым ізалятары, з якога назірала за спробамі выставіць яе рэдакцыю «экстрэмістамі». Яна згадала, што за паўтара года ў Беларусі былі знішчаныя дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, а сотні журналістаў пазбавіліся працы або былі вымушаныя ўцякаць за мяжу ад крымінальнага пераследу.

«Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі, – казала Леўшына. – Хтосьці відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, наважыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 2020 годзе».

Яна заявіла, што незалежныя мэдыі ні да чаго не заклікалі і нічога не выдумлялі, а «рэальнасць была мацнейшай за ўсякую выдумку». Яна нагадала, што карнікі прыцэльна стралялі па журналістах гумовымі кулямі і кідалі ў іх святлогукавыя гранаты, таму журналістам даводзілася працаваць у панцырных камізэльках.

Леўшына таксама нагадала суду пра закон "Аб СМІ", у якім ёсць такія словы: "Сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне меркаванняў і поглядаў у грамадстве". А цэнзуру з боку дзяржавы закон забараняе.

Карнікам яна параіла паглядзець хаця б адну перадачу прапагандыста Рыгора Азаронка: «Там за кожнае выданне можна пачынаць справы адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за паклёп, абразу, распальванне нянавісці».

«Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай альбо недзяржаўнай. Праўда - яна адна», - казала Леўшына ў апошнім слове.

Яна дадала, што не просіць суд аб паблажлівасці да сябе, бо ўважае сябе за невінаватую і ганарыцца тым, што знаходзіцца поруч з іншымі падсуднымі ў «справе БелаПАН». Выданне, паабяцала яна, вернецца ў Беларусь, а "перыяд цемрашальства праміне, як заканчваецца ўсё дурное". І сама яна за кратамі фактычна працавацьме журналісткай: кажа, што "традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій".

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына атрымала 4 гады калоніі агульнага рэжыму, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў - 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф Br 32 тысячы, ягоная жонка Ірына Злобіна - 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф Br 25,6 тысячы, экс-дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў - 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф Br 22,4 тысячы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках