18 лiстапада 2024, панядзелак, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як зараз выехаць з Беларусі?

6
Як зараз выехаць з Беларусі?

Без візаў і вакцынацыі беларусы могуць выехаць, напрыклад, ва Украіну.

У дапандэмійныя часы выязджаць у Польшчу, Літву, Украіну ці цёплыя краіны для многіх беларусаў было нормай. Як зараз ідуць справы з перасячэннем мяжы і куды на пачатку студзеня лічаць за лепшае ехаць беларусы - у матэрыяле abw.by.

Як адпачыць у Расеі і ва Украіне

Важнае новаўвядзенне апошніх тыдняў - для беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, незалежна ад краіны поўнасцю скасаваная самаізаляцыя. У астатнім значных змен няма. Як і летась, па-беламу выехаць на адпачынак на асабістым аўтамабілі не атрымаецца: у Польшчу, Літву, Латвію і Украіну вас без падстаў не выпусцяць беларускія памежнікі, у Расею - не ўпусцяць іх расейскія калегі. Пакінуць краіну можна чыгуначным транспартам, калі казаць пра паездку ў Расею, ці толькі на самалёце, але зноў жа ёсць абмежаванні.

Напрыклад, у Расеі беларусаў, якія ўязджаюць з роднай краіны, не спытаюць аб прычыне паездкі толькі ў тым выпадку, калі яны перамяшчаюцца чыгуначным або авіятранспартам. Для ўезду ж у краіну на аўтобусе, мікрааўтобусе і асабістым аўтамабілі спатрэбіцца важкая падстава: наяўнасць ВНЖ або блізкіх сваякоў, накіраванне на лячэнне, напрыклад, наведванне санаторыя, працу або навучанне.

Пры гэтым не менш чым за 48 гадзін да меркаванай паездкі чалавек павінен здаць ПЦР-тэст і загрузіць вынікі ў дадатак «Вандрую без Covid-19».

Нягледзячы на гэта, многія турфірмы прапануюць аўтобусныя туры ў Расею, ёсць магчымасць паехаць у турпаездку і на цягніку. Калі вы абавязкова хочаце ехаць на аўтобусе, падрыхтуйце падставы для ўезду – працоўная выправа або выезд на лячэнне ў санаторыі. Са слоў супрацоўнікаў фірмаў, папулярнасцю на навагоднія святы карыстаюцца туры ў Маскву і Пецярбург. Каштаваць паездка будзе ад 200 да 500 рублёў у залежнасці ад праграмы і колькасці дзён.

Каб зараз трапіць ва Украіну, беларус павінен заключыць дамову страхавання, якая прадугледжвае магчымасць атрымання лячэння ад ковіду. Акрамя таго, ён павінен падаць адмоўны вынік тэставання на каранавірус або зрабіць тэст на мяжы, або падаць сертыфікат аб праходжанні поўнага курса вакцынацыі прэпаратам, ухваленым САЗ. У Беларусі для гэтага можна зрабіць прышчэпку Vero Cell ад Sinopharm – гэтая вакцына ўхваленая Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, але прызнаецца не ва ўсіх краінах Еўропы. Хаця абмежаванняў на ўезд для беларусаў з украінскага боку няма, яны ёсць з беларускага. Для выезду з Беларусі нашым грамадзянам спатрэбіцца падстава – працоўная выправа, лячэнне і г.д.

На практыцы паездка можа выглядаць наступным чынам: у Беларусі трэба толькі атрымаць у адной з беларускіх кампаній страхавы поліс на даты паездкі. ПЦР-тэст здаецца ў залежнасці ад таго, з якой кампаніяй вы едзеце і якія ў яе патрабаванні, а таксама ад таго, ці праходзілі вы вакцынацыю. Тэст можна здаць у Беларусі, на ўкраінскай мяжы, а ў адной з фірмаў сказалі, што здаваць яго і зусім не давядзецца - замест гэтага мы проста плацім 10 даляраў. У якасці падставы для выезду беларускія турфірмы выкарыстоўваюць камандзіровачныя пасведчанні або накіраванне ў санаторый. Кліенту пры гэтым нічога рабіць не трэба, усе дакументы аформяць у кампаніі.

Зімой у беларусаў папулярныя туры ў Кіеў, Львоў і Карпаты. Каштуюць яны ад 200 да 600 рублёў у залежнасці ад праграмы і працягласці.

Еўропа па-ранейшаму на замку?

А як ідуць справы з краінамі Шэнгенскай зоны? Напрыклад, у пасольстве Літвы сказалі, што атрымаць турыстычную візу зараз магчыма, але для гэтага неабходна акрамя іншых дакументаў падаць сертыфікат аб вакцынацыі адной з 4 вакцын: Pfizer, Moderna, AstraZenica ці Janssen. Як бачым, кітайскай вакцыны ў гэтым спісе няма, пры гэтым указаць такую прычыну для атрымання візы, як вакцынацыя, немагчыма, гэта значыць атрымліваць сертыфікат давядзецца ў любой іншай краіне, а потым ужо ехаць у Літву. Але нават калі ён у вас ёсць, праз дзейныя ў Беларусі абмежаванні на выезд трапіць у краіну праз наземныя пункты пропуску без важкіх прычын усё роўна не атрымаецца, таму адзіны варыянт - ляцець самалётам з суседніх краін. Затое вярнуцца на радзіму можна праз наземны пункт пропуску - па вяртанні абмежаванняў для беларусаў няма, ПЦР-тэст не патрэбны.

Пасольства Латвіі ў Беларусі пакуль прыпыніла выкананне консульскіх функцый, гэта значыць атрымаць візу гэтай краіны зараз не атрымаецца. Што тычыцца ўезду ў краіну пры наяўнасці ў чалавека візы, то ўсе падарожнікі перад уездам павінны запоўніць Covid Pass і падаць доказы праведзенай вакцынацыі прэпаратамі, ухваленымі Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў і САЗ, акрыяння або адмоўнага выніку тэсту.

З турыстычнай мэтай нельга адкрыць і польскую візу - зрабіць гэта можна толькі для вучобы ці працы. Але калі віза ўжо ёсць, калі на працягу 6 месяцаў, што папярэднічылі паездцы, вы перахварэлі на ковід і ў вас будзе пра гэта адпаведная даведка на ангельскай ці польскай мове, вы можаце ўехаць у Польшчу без карантыну, зрабіўшы ў аэрапорце ПЦР-тэст, вынікі якога сапраўдныя 24 гадзіны. Натуральна, ён мусіць быць адмоўным. Калі такой даведкі ў вас няма, незалежна ад вынікаў тэсту вы абавязаны будзеце 14 дзён знаходзіцца на карантыне або атрымаць яшчэ адзін адмоўны вынік тэсту на восьмыя дні карантыну. Карантынныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на тых, хто знаходзіцца ў краіне менш за 24 гадзіны, але трэба падаць пры ўездзе зваротны білет.

Атрымаць турыстычную візу ў Нямеччыну таксама магчыма, але зноў жа для гэтага неабходна падаць сертыфікат аб праходжанні вакцынацыі адной з чатырох вакцын: Pfizer, Moderna, AstraZenica ці Janssen.

Дзе можна зрабіць прышчэпку і колькі гэта каштуе

Як бачым, турыстычны «шэнген» зараз атрымаць можна, але трэба прайсці вакцынацыю і атрымаць сертыфікат. Дзе гэта можа зрабіць беларус?

Па-першае, можна з'ездзіць ва Украіну, дзе адобраныя ў Еўропе вакцыны ёсць. Многія беларусы едуць туды ў экскурсійны тур і сумяшчаюць яго з атрыманнем сертыфіката. Праўда, тут можа быць нюанс: у гэтую краіну ездзяць экскурсійныя туры, гэта значыць турфірмы не гарантуюць, што ўсе ахвочыя змогуць зрабіць прышчэпку. Суправаджаючы падасць інфармацыю аб пунктах вакцынацыі, але не можа гарантаваць, што там у дні паездкі апынецца патрэбны прэпарат. Калі людзям пашанцуе, яны змогуць прышчапіцца аднадозавай вакцынай Janssen і адразу атрымаць дакумент. Калі вакцыны не будзе або ў наяўнасці будуць толькі двухдозавыя, гэта значыць якія патрабуюць рэвакцынацыі, давядзецца ехаць у тур паўторна. Вакцынацыя ў гэтай краіне для беларусаў платная, каштуе да 50 даляраў.

У візавым цэнтры сеткі турыстычных агенцтваў Ecotravel нам параілі падаць дакументы на грэчаскую візу. Пасля гэтага можна адпраўляцца ў Грэцыю. Дарэчы, у гэтай краіне прызнаюцца беларускія сертыфікаты аб вакцынацыі, але візу выдадуць нават без сертыфіката. З грэчаскай візай можна адправіцца адразу ў Польшчу: як сказалі нам у некалькіх турыстычных агенцтвах, некаторыя так робяць, і праблем са ўездам, як правіла, не бывае. Вакцынацыя для беларусаў у Польшчы бясплатная, так што выдаткоўвацца давядзецца толькі на жыллё, харчаванне і забавы.

Яшчэ адзін варыянт - зрабіць гішпанскі «шэнген» і зноў жа адправіцца ў Гішпанію або Польшчу. У Гішпаніі таксама прызнаюць кітайскую вакцыну Vero Cell, якой можна зрабіць прышчэпку ў Беларусі. Зрабіўшы гэтую прышчэпку, можна атрымаць візу, нават калі да гэтага ў вас ніколі не было «шэнгену». Без сертыфіката візу вам адкрыюць толькі ў тым выпадку, калі ў вас не менш чым тры гады таму былі адкрыты шэнгенскія візы любой краіны ЕЗ тэрмінам дзеяння не менш за год.

Акрамя таго, некалькі беларускіх турыстычных агенцтваў прапануюць беларусам аднадзённыя туры з магчымасцю атрымання сертыфіката аб вакцынацыі ў Польшчу, Сербію, Харватыю і Чэхію коштам ад 58 рублёў да 85 еўра + 100 рублёў. Датэлефанавацца ў Respector travel для ўдакладнення дэталяў не ўдалося, а ў SevenTravel расказалі, што за 58 рублёў кампанія аказвае толькі інфармацыйную падтрымку паездкі: дапамагае аформіць дакументы на візу і выехаць з Беларусі, падкажа адрасы пунктаў вакцынацыі ў абранай краіне і г.д.

Куды беларусы адпраўляюцца гэтым часам

Як распавялі журналістам у некалькіх кампаніях, якія жадаюць паехаць за мяжу ў пачатку студзеня сёлета крыху больш, чым летась, але попыт на туры ўсё роўна далёка ад даковіднага. Калі казаць пра аўтобусныя туры, то беларусы актыўна едуць ва Украіну (Львоў, Карпаты, Кіеў) і Расею (Масква і Пецярбург). Напрыклад, за некалькі дзён да Новага года знайсці тур на калядныя выхадныя было не так проста: у адной з кампаній у Львоў засталося на аўтобус толькі 4 свабодныя месцы, таму што ў апошні момант людзі адмовіліся ад паездкі, у іншых месцаў было больш.

Едуць беларусы зімой на адпачынак і ў цёплыя краіны.

«Самымі папулярнымі кірункамі зараз з'яўляюцца Егіпет, ААЭ, ёсць у нас і навагоднія туры ў Турцыю. Выбіраюць турысты і краіны, дзе можна пакатацца на горных лыжах, - Грузію і Сербію. Многія гатэлі прапануюць навагоднюю праграму з вячэрай і забавамі - калі вы будзеце выбіраць тур, можна ўдакладніць, дзе яна ёсць. Яшчэ да новага года некаторыя беларусы пачалі планаваць свой летні адпачынак - ужо забраніравалі туры ў Турцыю і Балгарыю», - распавялі нам у турыстычнай кампаніі «Интерсити».

У турыстычным агенцтве Ecotravel да агучанага спісу самых папулярных у беларусаў напрамкаў дабавілі гарналыжныя курорты Арменіі. У візавым цэнтры кампаніі ўдакладнілі, што з турыстычных віз зараз часцей за ўсё афармляюць гішпанскую або грэчаскую візу, а што да Польшчы, то ў асноўным беларусы падаюць дакументы на нацыянальныя працоўныя візы.

«Ва ўмовах каранавіруса наяўнасць шэнгенскай візы не дае вам права ўезду ў любую краіну Еўрапейскага звязу, – адзначыла спецыяліст. – Хтосьці для нас адкрыў межы, хтосьці – не. Таму перад тым, як адправіцца ў канкрэтную краіну, трэба ўдакладняць умовы ўезду і знаходжання там. З астатніх напрамкаў, але ужо ў меншай колькасці людзі падаюць дакументы на візу ў Вялікабрытанію і Ірландыю, прычым прычыны паездак могуць быць рознымі: нехта едзе з мэтай турызму, нехта – па працоўных пытаннях».

Вердыкт

Выехаць за мяжу без віз і вакцынацыі беларусы могуць у Расею і Украіну, з цёплых краін папулярнасцю карыстаюцца Егіпет і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Атрымаць «шэнген» цяпер таксама цалкам рэальна - без усялякіх дадатковых умоў візу дасць Грэцыя. Гішпанія гатова выдаць візу толькі вакцынаваным турыстам - там, акрамя ўсіх іншых, прызнаецца кітайская вакцына, - або падарожнікам, тэрмін дзеяння гадавых (і больш) віз у якіх скончыўся не раней за 2018 год.

Польшча турыстычных віз не дае, але з гішпанскай ці грэцкай вы можаце наведаць гэтую краіну і бясплатна вакцынавацца там, каб падарожнічаць па свеце вальней. Аднак наяўнасць візы зараз не гарантуе, што трапіце абсалютна ў любую краіну Еўразвязу, бо ў кожнай дзяржаве ў перыяд пандэміі дзейнічаюць свае абмежаванні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках