18 лiстапада 2024, панядзелак, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Амікрон» абрынуў расейскую медыцыну

7
«Амікрон» абрынуў расейскую медыцыну
Фота: ТАСС

Шэсць рэгіёнаў спынілі планавую дапамогу.

Аптымізаваная Міністэрствам аховы здароўя і фундаваная на ўзроўні афрыканскіх краін расейская сістэма аховы здароўя зноў захлынаецца ў хворых на Covid-19, колькасць якіх памнажаецца з рэкорднай хуткасцю за ўсю пандэмію, піша finanz.ru.

Шэсць рэгіёнаў РФ прыпынілі наданне планавай медыцынскай дапамогі, а яшчэ чатыры абмежавалі працу паліклінік праз усплёск захворвання на каранавірус і перагрузку лякарняў.

З 24 студзеня планавую меддапамогу не могуць атрымаць жыхары найбуйнейшых гарадоў ЯНАА, дзе, паводле звестак урада, нагрузка на амбулаторную службу вырасла больш чым у 10 разоў. Абмежаванні ўведзеныя ў Салехардзе, Новым Урэнгоі, Наябрску, Лабытнангі, Мураўленку, Губкінскім, а таксама ва ўсім Прыўральскім раёне.

З 25 студзеня праз недахоп спецыялістаў планавая дапамога спыненая ў Архангельскай вобласці, піша мясцовае выданне «БезФормата». Праблемы пачаліся ў панядзелак, 24 студзеня, калі да дактароў цягам дня звярнуліся 10 тысяч чалавек.

У той жа дзень аналагічныя захады ўвяла Калінінградская вобласць. Выключэнні складуць толькі сацыяльна значныя захворванні - сухоты, анкалогія і інфекцыі, паведамілі «Інтэрфаксу» ў мясцовым каранавірусным штабе.

У Санкт-Пецярбургу планавая дапамога спыненая з 21 студзеня. Гэта звязанае з хутка нарастальнай нагрузкай на амбулаторнае звяно праз распаўсюджванне амікрон-штаму, тлумачыў віцэ-губернатар горада Алег Эргашаў:

«Калі раней мы казалі, што адзін чалавек заражае ад 7 да 10 чалавек, то ў новых варунках гэта будзе вылічацца дзясяткамі ці нават даходзіць да сотні чалавек».

У лякарнях Карэліі спыняюць не толькі планавую дапамогу (з 25 студзеня), але і спецыялізаваную стацыянарную дапамогу (з 1 лютага), за выключэннем «смяротна небяспечных выпадкаў».

«Адбыўся выбухны рост захворвання, колькасць зваротаў у паліклінікі павялічылася ў чатыры разы», - растлумачыў міністр аховы здароўя Карэліі Міхаіл Ахлопкаў. Кожная паліклініка цяпер - гэта амаль цалкам «чырвоная зона», дадаў ён.

У Маскве на тры тыдні спыняюць планавую шпіталізацыю ў дзіцячыя лякарні праз рост захворвання на каранавірус сярод дзяцей, паведаміў дэпартамент аховы здароўя сталіцы ў сераду.

У Башкірыі, Ніжагародскай Мурманскай вобласці, а таксама ў Стаўрапольскім краі часова спынілі правядзенне планавых дыспансерызацый і прафілактычных аглядаў.

У двух рэгіёнах адбыўся калапс сістэмы хуткай дапамогі: у Інгушэціі датэлефанавацца проста не ўдалося, а ў Самарскай вобласці давялося чакаць 23 хвіліны, перш чым аператар адказаў, расказаў на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным кіраўнік выканкама АНФ (Аб'яднанага народнага фронту) Міхаіл Кузняцоў.

У 12 рэгіёнах немагчыма было датэлефанавацца да паліклінік.

«Відаць, пайшла перагрузка, – сказаў Кузняцоў прэзідэнту. - Гэтыя рэгіёны - Амурская вобласць, Габрэйская аўтаномная вобласць, Камчатка, Курская, Ленінградская, Саратаўская, Томская, Яраслаўская вобласці, Бурація, Хакасія, Сахалін, Стаўрапольскі край».

Тыя ж, хто змог датэлефанавацца, часам застаюцца без дапамогі. Са слоў Кузняцова, да кожнага чацвёртага (25%) альбо не прыйшоў лекар, альбо не прыехала «хуткая», альбо не прывезлі лекі.

Паводле звестак аператыўнага штаба, за мінулы дзень у Расеі выявілі рэкордныя 74,6 тысячы выпадкаў Covid-19. 12,2 тысячы чалавек былі шпіталізаваныя.

Колькасць захварэлых за тыдзень падвоілася і дасягнула 416 тысяч, перавысіўшы рэкорд папярэдняй, восеньскай хвалі (280 тысяч).

Паводле звестак САЗ, Расея займае 121-е месца ў свеце ў выдатках на ахову здароўя (5,3% ВУП), саступаючы нават ЦАР (5,8%).

Дзяржаўнае фінансаванне медыцыны, паводле звестак АБСЕ, складае 879 даляраў на чалавека за год - удвая менш, чым у Ізраілі (1898 даляраў), утрая ніжэй за паказчык Гішпаніі (2560 даляраў), і ў чатыры разы менш, чым у Аўстраліі (3495 даляраў). Ад Нарвегіі і Нямеччыны (5,6 тысячы даляраў) Расея адстае ў 6 разоў, ад ЗША (9386 даляраў) - больш як у 10 разоў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках