20 красавiка 2024, Субота, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны бункер саюзнай рашучасці

11
Галоўны бункер саюзнай рашучасці
Владимир Халип

Ёсць толькі адзін чалавек, якому невыказна пашанцавала ў гэтых студзеньскіх палавецкіх скоках.

Нешта дзіўнае адбываецца ў суровай лізе постсавецкіх супермэнаў. Хуткасны зыход у шэрагі пенсіянераў аднаго з яе нязменных прадстаўнікоў нікога і нічому не навучыў. Але інтуітыўна яны адчуваюць ужо нешта нядобрае. І таму іх нястрымна цягне ў бункер. Там ціха і надзейна. Вядома, на гэтым кірунку б'е ўсе рэкорды той - кіроўны, напраўляючы. Фактычна, гэта супер-бункер. Сувязь у парадку. Даносы, зводкі, аналітыка і ўсё неабходнае - у поўным камплекце. Падпарадкаваныя ўсіх узроўняў і рангаў цярпліва чакаюць сігналу. А галоўнае - заўсёды пад рукой аловак.

Амаль той самы, сталінскі. Нанова навостраны. Каб упэўнена і выразна прачэрчваць чырвоныя лініі. Якія ўжо ніхто не адважыўся б перакрочыць. Як было тады, пасля Ялты. І вось ён узяў той самы аловак і прачарціў яшчэ адну рашучую лінію. Яна атрымалася на здзіўленне мудрагелістай. І дакладна паўтарыла контур паўднёвай мяжы нашай краіны. Падначаленыя цудоўна разбіраліся ў яго творчасці і каментараў чакаць не сталі.

Войскі рушылі на захад. Там, на краі Расеі ўжо даўно сканцэнтраваная яе адборная групоўка, якую вайсковыя аналітыкі ацэньваюць ці то на сто, ці то на сто трыццаць тысяч жаўнераў, ужо гатовых па першым сігнале перакрочыць мяжу. А тут яшчэ гэты новы вал пад выглядам нейкіх раптоўных і да таго ж супольных манеўраў. Толькі за сем дзён у Беларусь прыбылі 33 воінскія эшалоны. Перадыслакацыя прадаўжаецца. Графікам руху прадугледжана амаль 200 эшалонаў. Нешта няўяўнае. Нават на манеўры «Захад-2021» прыбылі толькі 29. І ўвесь свет замёр у чаканні - пачне той галоўны бункер вайну з Украінай ці пакуль усё абыдзецца кампрамісам?

А таму вайсковыя аташэ замежных дзяржаў былі ў спешным парадку запрошаныя на раптоўны брыфінг. І намеснік расейскага міністра абароны Аляксандр Фамін паспрабаваў дэзавуяваць недарэчныя здагадкі аб падрыхтоўцы ўварвання на тэрыторыю Украіны. Ніякай эскалацыі. Гэта толькі праверка сіл рэагавання саюзнай дзяржавы на тэрыторыі РБ. «У рамках праверкі плануецца падрыхтаваць войскі і сілы да дзеянняў не толькі ў сваіх межах адказнасці, але і да вырашэння задач лакалізацыі крызісных сітуацый на ўсіх пагражальных кірунках».

Суцішыў генерал. Сказаў бы проста, па-салдацку, што б гэта значыла. Ці будуць гэтыя сілы рэагавання шукаць затоеную ў лясіста-багністай мясцовасці групу «вагнераўцаў», пра існаванне якой даўно папярэджваў краіну ўсім вядомы памежнік і да таго ж палкаводзец. Або пройдуць яны таемным следам маджахедаў, якія прарваліся калісьці да нас праз Літву на джыпах з буйнакалібернымі кулямётамі. Пра якія дакладна вядома з той жа дакладнай крыніцы. І раптам яны нібы прапалі, зніклі з радараў. Ці гэта не наўпроставая пагроза саюзнай дзяржаве? Дык навошта ж выдумляць нейкага ўмоўнага апанента, ды яшчэ заглядацца на чужую тэрыторыю? Ідзі ў балота, шукай ворага. А яшчэ гэтыя раптоўныя вучэнні назвалі так шыкоўна - «Саюзная рашучасць – 2022». Гэта ж трэба! Усе ламаюць галаву: на што яны наважыліся?

І вось ужо цэнтральнымі вуліцамі Слуцка, Рэчыцы, Калінкавіч і іншых беларускіх гарадоў ідуць калоны расейскай тэхнікі. Усе, хто служыў у войску, ведаюць, што пры выхадзе на вучэнні войскі выбіраюць звычайна аб'язныя шляхі, палявыя дарогі. На многія прычыны. А тут - нейкае дэманстратыўнае ўварванне. Чаму раптам? Ды таму, што вучэнні асаблівыя. І нібыта нават перад адпраўкай жаўнерам казалі, што ў месцах дыслакацыі яны на месяцы могуць затрымацца. Нічога надзвычайнага. Проста імперыя нагадвае, хто ў гэтай саюзнай дзяржаве галоўны. І хто проста на падхваце.

А ў галоўным бункеры хвацка. Мяркуючы з тэлевізійнай карцінкі, там строга і сурова. Здымалі, каб і праз шмат гадоў ганарыцца і паказваць нашчадкам, адкуль пайшла адроджаная чэкістамі імперыя. Ужо цяпер скупыя ролікі народным масам прэзентуюць шэдэўр кіроўнай думкі і жалезабетоннай творчасці. Гэта не бункер нават, а нейкі лубянскі скіт. Ніякіх празмернасцяў. Няма самага неабходнага - ні стойкі бара, ні кальяннай, ні тычкі для стрыптызёркі. Толькі з грубых сцен тырчаць паўсюль скрэпы. І ўсё тыя ж гаджэты рознага калібру. З улікам часу і моды. Натуральна, сцяг і арол аб двух галовах. Вось толькі пад гэтымі неймавернымі грудамі бетону цяжка зразумець, на праведны ўсход накіраваны яго строгі погляд ці на калектыўны захад? А можа, на поўдзень наважылася ляцець царская птушка ці ўсё ў тую ж тундру? Загадка больш складаная, чым у егіпецкага Сфінкса.

Разглядаць дэталі і адцягвацца на староннія развагі не час. Тут ганарыстыя амерыканцы ніяк не адгукаюцца на найстражэйшы ўльтыматум уладара краіны і гэтага бункера. Гарантуюць яны няўдзел Украіны ў NATO ці будуць упарта цягнуць з адказам? І наогул, будзе ўсё ж новая Ялта ці зноў паспрабуюць не заўважаць, як адроджаная Расея, якая грыміць ракетамі, устае з каленяў? Дарэмна ён так старанна вычэрчваў усе гэтыя чырвоныя лініі? І нарэшце, хто там так настойліва скрабецца, спрабуючы пракрасціся ў наглуха зачыненыя дзверы? Ды ніяк гэта ўсё той жа, дакучлівы і неспакойны. Будзе зноў выпрошваць крэдыт на тры з паловай мільярды зялёных, каб разлічыцца з ранейшай пазыкай. Відавочна, яшчэ не ўсвядоміў, куды ўступае мір.

Не хто-небудзь, а прэзідэнт Джозэф Байдэн заўважыў з нагоды крамлёўскага падбухторшчыка спакою: «З якой нагі ўстане, так яно і будзе». Нічога сабе перспектыва! Аптымісты яшчэ спадзяюцца, што ён пабуяніць і супакоіцца, падлічваючы дывідэнды ад гэтай ганебнай кампаніі. Аднак драпежнікі блізкага кола і іншая драбяза ўжо прадчуваюць будучую раздачу сланоў. Незалежна ад таго, як павернецца гэтая авантура. І нават блакітная і амаль нязбытная мара аб трох з паловай мільярдах у пазыку пачынае пакрысе налівацца нейкім далікатным святлом.

Таму што вертыкаль з самых вышынь і да мядзведжых куткоў прыведзеная ў стан хвацкай гатоўнасці. Яна захоплена сустракае расейскія войскі. З хлебам-соллю, з аркестрамі. На снезе развясёлыя дзяўчаты скачуць з жаўнерамі. Б'е бубен. Пілікае гармонік. Дурны смех, прывітальныя прамовы. Гэта ж якое шчасце - чужыя войскі да нас наляцелі! Якая акупацыя? Ёсць надзея, што дзесьці там, у Маскве, дзелавыя людзі ўвесь гэты правінцыйны энтузіязм ацэняць у цвёрдай валюце і тупое імкненне без адказу не пакінуць.

Вось толькі адна ёсць закавыка. Непрыемная. Нават калі рэжымныя часткі не прымуць непасрэднага ўдзелу ў крамлёўскай авантуры, згодна з міжнародным правам наступствы будуць горш няма куды. Краіна, якая падала агрэсару сваю тэрыторыю для дыслакацыі войскаў, уважаецца агрэсарам. І што такое сапсаваць стасункі з блізкім суседам? Гэта на стагоддзі. А яны ўсё скачуць. І шалёна шчаслівыя, што трапляюць у такт.

Ёсць толькі адзін чалавек, якому невымоўна пашанцавала ў гэтых студзеньскіх палавецкіх скоках. Гэта ўсё той жа елбасы. Ён ужо бясконца далёка ад галоўнага бункера і ўсёй яго пустой мітусні. І можа спакойна сядзець на беразе і сузіраць далёкім акаем.

Вось толькі куды цячэ гэтая рака?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках