29 траўня 2022, Нядзеля, 8:41
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская і расейская ваенная тэхніка заняла пазіцыі ўздоўж мяжы з Украінай ад Гомеля да Лельчыцаў

244
Беларуская і расейская ваенная тэхніка заняла пазіцыі ўздоўж мяжы з Украінай ад Гомеля да Лельчыцаў

Ці будзе вайна?

17 студзеня Лукашэнка абвясціў правядзенне маштабных ваенных вучэнняў на тэрыторыі заходніх і паўднёвых раёнаў Беларусі. У сваю чаргу намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін выказаўся больш канкрэтна і абазначыў рэгіён будучых вучэнняў, піша «Флагшток».

«Практычныя дзеянні войскаў (сілаў) пройдуць на палігонах Даманаўскі, Гожскі, Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі і Асіповіцкі, а таксама асобных адрэзках мясцовасці, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Плануецца задзейнічаць аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда і Мачулішчы», – паведаміў намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін.

У той самы час у сеціве пачалі з'яўляцца фота і відэа, на якіх адлюстраванае перамяшчэнне расейскай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі. Зыходзячы з наяўнай у гэты момант інфармацыі, «асобнымі адрэзкамі мясцовасці», якія згадаў Аляксандр Фамін, сталі памежныя з Украінай раёны Гомельскай вобласці. Сёння ўжо можна з упэўненасцю назваць некаторыя месцы дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Вызначыць іх можна не толькі з публікацыяў у сацыяльных сетках, але і з паведамленняў дзяржаўных СМІ.

18 студзеня дзяржСМІ расказалі і паказалі, як расейскія войскі сустракаюць у Калінкавіцкім раёне. Старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь сустрэў эшалон з расейскім узбраеннем хлебам з соллю.

Расейскім вайскоўцам Гвоздзь заявіў, што правядзенне падобных мерапрыемстваў – неабходнасць, прадыктаваная часам, і беларусы заўсёды радыя бачыць сваіх расейскіх братоў на беларускай зямлі.

Увечары 19 студзеня хлебам-соллю сустракалі расейскія войскі ўжо ў Ельску. Расейскіх вайскоўцаў прывітаў старшыня райвыканкама Віктар Замосцік.

Адсюль ваенная тэхніка, паводле словаў мясцовых жыхароў, рушыла ў бок вёскі Багуцічы, размешчанай за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Між тым расейскія вайскоўцы заўважаныя не толькі на Палессі.

17 студзеня ў Гомелі ваенную тэхніку без апазнавальных знакаў бачылі ў розных частках горада. Тэхніку ў ахоўнай афарбоўцы бачылі ў Навабеліцы, на чыгуначнай станцыі «Гомель-Няцотны», а таксама ў Зябраўцы, дзе раней быў размешчаны ваенны аэрадром. Сярод ваеннай тэхнікі была заўважаная рэактыўная сістэма залпавага агню «Ураган».

19 студзеня зафіксаванае разгортванне лагера расейскіх вайскоўцаў каля Рэчыцы. Эксперты Conflict Intelligence Team вызначылі на апублікаваных фота транспартна-зараджальную машыну 9Т452 рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Ураган».

Расейскія вайскоўцы прадаўжаюць прыязджаць сюды да сёння. 21 студзеня ў Рэчыцу прыехалі, як мяркуецца, інжынерныя войскі. Сярод тэхнікі заўважаны гусенічныя БТР МТ-ЛБ, перасоўная радыёстанцыя Р-166-0,5 і машына спадарожнікавай сувязі Р-439-МД2.

Перамяшчэнне ваеннай тэхнікі паблізу ад межаў з Украінай бачылі і ў заходніх раёнах Гомельскай вобласці. 20 студзеня з Мазыра ў бок г. п. Лельчыцы павезлі машыну, якая знешне нагадвае БРЭМ-1 (браніраваная рамонтна-эвакуацыйная машына), на базе танка Т-72. Машына прызначаная для эвакуацыі захраслай і пашкоджанай тэхнікі, а таксама для рамонту і тэхнічнага абслугоўвання ў палявых умовах.

Беларускі ваенны аналітык Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале выказаўся пра магчымае развіццё падзей:

«Пакуль вучэнні выглядаюць прадаўжэннем палітыкі У. Пуціна на дэманстрацыю сур'ёзнасці ягоных намераў у перамовах з NATO пра гарантыі нераспаўсюджвання ўплыву Альянсу, фактычна, пра падзел сфераў уплыву ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне. Вектар напружанасці для Украіны ўжо цалкам адчувальна створаны і на поўначы.

Многія аналітыкі не прагназуюць нападу на Украіну з беларускага напрамку сухапутных войскаў Расеі (і, магчыма, дарма). Асноўны чаканы многімі варыянт нападу ўяўляе з сябе захоп перавагі ў паветры для закіду на тэрыторыю Украіны дэсантнікаў, нанясенні па войсках і інфраструктуры ракетна-авіяцыйных удараў.

Калі Беларусь прапануе сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, гэта будзе паводле міжнароднага права азначаць агрэсію супраць Украіны (як часта ў гісторыі бывала, такое прыбіраецца правакацыяй і «вымушаным адказам, самаабаронай», у гэтым выпадку калектыўнай). Украіна ж зможа адказаць на гэта ракетнымі ўдарамі, ужываннем авіяцыі, БПЛА, а таксама накіраваць у Беларусь дыверсійныя групы. Якраз на СР22 [«Саюзная адвага 2022»] і адпрацоўваецца нарошчванне СПА для прадухілення ракетных і авіяцыйных нападаў, а таксама адпрацоўваюцца «пошук, блакаванне і знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-выведвальных групаў спаборніка», г. зн. захады для прадухілення ўдару або кантрудару ўкраінскіх сілаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».