29 траўня 2022, Нядзеля, 8:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Унітарнае прадпрыемства «ГУЛАГ»

22
Унітарнае прадпрыемства «ГУЛАГ»
ІРЫНА ХАЛІП

Тавары, вырабленыя беларускімі вязнямі, прадаюць на Захад

Нядаўна я зайшла на сайт дэпартамента выканання пакаранняў - патрэбныя былі кантакты адной з яе абласных упраў. Спачатку мне падалося, што я няправільна набрала адрас сайта і патрапіла кудысьці ў інтэрнэт-краму. Але гэта быў менавіта ён, афіцыйны сайт дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі. Толькі вось інфармацыі, патрэбнай сваякам і сябрам зняволеных, на гэтым сайце няма. Затое ёсць тавары.

Уласна, сайт ДВП цяпер так і функцыянуе - як інтэрнэт-крама. Галоўная старонка адразу ж настойліва прапануе тавары, якія вырабленыя рукамі зняволеных. Тавараў - процьма, ад лучыны і пілавіння да спарткомплексаў і альтанак. Ёсць англійская версія для залучэння інвестараў і пакупнікоў з-за мяжы. На дзвюх мовах ДВП распавядае пра дваццаць уласных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, на мадэрнізацыю якіх некалькі гадоў таму было выдаткавана паўмільёна еўраў, пра металаапрацоўчыя і швейныя прадпрыемствы, прапануе выпуск усялякіх тавараў на замову кліента і чырвоным шрыфтам, каб ніхто выпадкова не прапусціў, заклікае да супрацоўніцтва: «Супрацоўнічаючы з намі, вы набываеце стабільных, надзейных і доўгачасовых партнёраў».

«Можа, гэта цяпер такая ў постсавецкіх таталітарных дзяржаў заведзёнка?» - наіўна падумала я і зайшла на ўсялякі выпадак на сайт расейскай ФСВП. Нічога такоўскага: там - адрасы калоній, імёны і тэлефоны начальнікаў, прыёмныя дні і гадзіны, інструкцыі для сваякоў для пераводу грошай зняволеным і яшчэ шмат вельмі важнай для іх інфармацыі. А ў нас - ніводнага слова ўласна аб зняволеных, аб сістэме выканання пакаранняў, ніводнага прозвішча, ніякіх прыёмных дзён і адрасоў для зваротаў грамадзян. Наогул нічога, акрамя каталога тавараў і адрасоў крам, якія гэтымі таварамі гандлююць.

Зрэшты, не толькі на ўнутраны рынак арыентуецца ўправа беларускіх лагераў. Пачытаўшы дзяржаўныя медыя, я са здзіўленнем высветліла, што, высветляцца, прадукцыю, якую вырабляюць беларускія зняволеныя, ахвотна купляюць не толькі Кітай і Егіпет, але і Польшча, Латвія, Літва, Вялікабрытанія, Францыя, Вугоршчына. На Захад ідуць піламатэрыялы, мэблевыя шчыты і мэбля з масіву. Вынікі рабскай працы беларусаў з задавальненнем дэманструюць на міжнародных выставах. Напрыклад, два гады таму ў Познані на мэблевай выставе ўвішныя службоўцы з ДВП ахвотна пазавалі на фоне кованых кветкавых падставак і разнастайных казетак і банкетак. І пакуль беларусы патрабуюць санкцый супраць прамысловых гігантаў, Еўропа ціха купляе плён прымусовай неаплатнай працы зняволеных.

Нічога новага ў гэтым, дарэчы, няма. Яшчэ ў канцы дваццатых гадоў галоўным камерцыйным выканаўцам у СССР было АДПУ. Тады ў Мурманску павінны былі будаваць вугальную прыстань - удалечыні ад тралавай базы, каб вугальны пыл не пранікаў на рыбныя склады, дзе захоўваліся запасы для экспарту ў Вялікабрытанію. Самым нечаканым для трэсту стала камерцыйная прапанова АДПУ: тыя заявілі, што бяруцца будаваць прыстань і возьмуць за гэта коштам на дзесяць адсоткаў меншым ад самай нізкай цаны, прапанаванай будаўнічымі канторамі. Потым былі падрады на будаўніцтва жылля і дарог, экспартныя лесанарыхтоўкі, рыбны промысел. Дарэчы, у 1931 годзе АДПУ стала адзіным савецкім пастаўшчыком сёмгі на брытанскі рынак. А яшчэ яна ахвотна «падзарабляла» продажам спецыялістаў. Паколькі ў лагерах высакакласных спецыялістаў было значна больш, чым на волі, іх проста на некаторы час прадавалі - навуковым інстытутам, лабараторыям, канструктарскім бюро і універсітэтам. Зэк атрымліваў 10 адсоткаў заробку, астатняе забірала АДПУ. Але зэк усё роўна быў шчаслівы, што хаця б непрацяглы час мог працаваць паводле спецыяльнасці, а не на лесапавале.

Што ў беларускай частцы ГУЛАГа змянілася амаль за сотню гадоў? Нічога. Хіба што спецыялістаў зараз не прадаюць, бо і кардыяхірург, і эканаміст, і мікрабіёлаг павінны вырабляць пілавінне - так лепш перавыхавацца. А ў астатнім усё тое ж самае: рабская праца за бедную пайку і актыўны гандаль плёнам гэтай працы, у тым ліку на экспарт. Энкавэдзісты нашага часу таксама адчуваюць сябе паспяховымі камерсантамі і нават уласны сайт ператварылі ў інтэрнэт-краму. У іх распараджэнні - больш за трыццаць тысяч чалавек, якія працуюць прымусова і фактычна бясплатна. Грэх не квітнець пры такім раскладзе. І навошта ім публікаваць свае прозвішчы і пасады на сайце? Яшчэ ўнясуць у санкцыйныя спісы, а ў іх праграма бізнэс паездак па Еўропе на гады наперад распісаная. Так што сваякам зняволеных прапануецца хіба што купля паліўнай лучыны, а нямногія нумары тэлефонаў, якія ёсць на сайце, - выключна для аптовых закупак.

Наогул купля тавараў, вырабленых пад прымусам, у дэмакратычных краінах заўсёды была справай вельмі сумнеўнай з пункту гледжання маралі. Бывалі ў нядаўняй гісторыі гучныя скандалы з удзелам буйных кампаній, калі IKEA і H&M адмаўляліся купляць туркменскую бавоўну праз выкарыстанне дзіцячай працы на плантацыях. Нават у трыццатыя НКУС вымушана было адмовіцца ад прыбытковых экспартных лесанарыхтовак, калі ў заходняй прэсе пачалі пісаць пра палітычных вязняў. Дык вось, зараз сітуацыя ў Беларусі - усё адно што ў трыццатыя гады. Колькасць палітвязняў такая, што кожная кветкавая падстаўка ці табурэтка, якую купяць у Еўропе, апынецца зробленай не проста пад прымусам, але яшчэ і невінаватым чалавекам. Мне б вельмі хацелася, каб тыя, хто прымае ДВПаўскія камерцыйныя дэлегацыі ў Еўропе і падпісвае з імі кантракты, пра гэта нарэшце задумаліся.

І, вядома, давайце ніколі нічога не будзем купляць з таго, што так шчодра прапануюць нам карнікі. Нельга падтрымліваць айчыннага вытворцу, які рэкламуецца на сайце ДВП: гэты вытворца сядзіць цяпер за кратамі толькі таму, што быў свабодным і смелым.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».