26 красавiка 2024, Пятніца, 2:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Натоўп бяжыць, а за ім – малады чалавек з ружжом»

«Натоўп бяжыць, а за ім – малады чалавек з ружжом»
Фота: ТАСС

Відавочцы страляніны ў Пермі расказалі падрабязнасці.

У Пермскім дзяржуніверсітэце студэнт гэтага ж ВНУ адкрыў стральбу. У выніку шэсць чалавек загінулі, 24 параненыя. Нападнік, заявілі ў МУС, затрыманы. Пры гэтым ён быў паранены.

Узброены нападнік адкрыў стральбу ў двары ўніверсітэта. Відавочцы кажуць, што пачулі першыя стрэлы ў 11:20. За тым, як развіваліся падзеі, выкладчыца Святлана назірала з акна ўніверсітэцкага дэканата, паведамляе currenttime.tv.

"Натоўп людзей бяжыць, а за імі ідзе малады чалавек са зброяй, страляе. Я яшчэ прадаўжала думаць, што вучэнні, потым гляджу, што адзін чалавек упаў на траву і ляжыць, мы тады зразумелі, што гэта ўжо не вучэнні, што гэта сур'ёзнае, мы зачыніліся ў дэканаце знутры", – расказвае Святлана.

Нападнік увайшоў у будынак восьмага корпуса ўніверсітэта і прадоўжыў страляць па ўсіх, хто знаходзіўся ў фае. Трывожная сігналізацыя ў будынку ці то не спрацавала, ці то не была запушчаная. Нападнік расстраляў ахову, прайшоў першы паверх і падняўся на другі.

Ягор Сюткін здолеў разам з сябрамі схавацца ў адной з аўдыторый: "Мы ўжо збіраліся выходзіць, і тут усе забягаюць ва ўнівер, і так атрымалася, што, калі б мы выйшлі хвілінаў на 10–15 раней, мы патрапілі б у гэтую сітуацыю, нам было вельмі страшна".

У гэты час студэнты ў аўдыторыях на другім і трэцім паверхах пачалі выскокваць з вокнаў, каб выратавацца. Юля і Карына пачулі стрэлы і паспелі падняцца ў аўдыторыю на пятым паверсе ўніверсітэта.

"Мы дзверы зачынілі, партамі ўсё заставілі", – расказваюць студэнткі.

Стральбу ва ўніверсітэце, як мяркуецца, зладзіў 18-гадовы Цімур Бекмансураў. Напярэдадні ён, паводле звестак Следчага камітэта, апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетках падрабязнае апісанне сваёй падрыхтоўкі. Ён паведаміў, што больш не працуе ў экстрэмісцкіх арганізацыях, і папрасіў не ўважаць тое, што здарылася, за тэракт.

Больш за 20 чалавек атрымалі раненні рознай цяжкасці. Самога нападніка ў перастрэлцы цяжка параніў супрацоўнік ДПС, які першым апынуўся на месцы трагедыі.

"Убачыў, як узброены чалавек спускаецца па лесвічках, крыкнуў: кідай. Пасля чаго малады чалавек накіраваў зброю на мяне і зрабіў стрэл, пасля гэтага я ўжыў агнястрэльную зброю", – кажа малодшы лейтэнант паліцыі Канстанцін Калінін.

Нападнік атрымаў раненні ў жывот і канечнасці. Цяпер, паводле афіцыйных звестак, ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі. Лякарня, дзе ён знаходзіцца, узятая ў паліцэйскае ачапленне. Следчы камітэт Расеі распачаў справу паводле артыкула "Забойства дзвюх і больш асобаў". 21 верасня абвешчана ў Пермі днём жалобы. Ва ўсіх школах, каледжах і тэхнікумах краю заняткі будуць скасаваныя.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках