28 кастрычнiка 2021, Чацвер, 16:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы пакет санкцый нанясе скрышальны ўдар па беларускіх банках

22
Новы пакет санкцый нанясе скрышальны ўдар па беларускіх банках

Па сваім эфекце ён можа перасягнуць адключэнне ад SWIFT.

Як стала вядома «Нашай Ніве», на шматлікіх міжнародных кансультацыях у беларускім пытанні цяпер гучыць ідэя ўвядзення драконаўскіх санкцый супраць пяці банкаў («Беларусбанка», «Дабрабыта», «Белінвестбанка», «Белаграпрамбанка» і «Банка развіцця») як адказ на адмову Лукашэнку ісці на перамовы з грамадствам, прадаўжэнне катаванняў і рэпрэсій, а таксама арганізацыі міграцыйнага крызісу ў краінах-суседзях. Таксама гучаць словы «дрэваапрацоўка» і «Белтэлекам».

Пакеты наўрад ці будуць прынятыя раней за канец кастрычніка. Крыніцы адзначаюць, што цяпер амерыканскія і еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі імкнуцца да сінхранізацыі, а таксама могуць быць прынятыя адначасова і ў аднолькавай ступені.

Што тычыцца банкаў, дакладны спіс забароненых аперацый пакуль невядомы. Але адзначаецца, што па сваім эфекце рэстрыкцыі перасягнуць эфект ад адключэння SWIFT, што можа азначаць поўную забарону супрацоўніцтва.

На гэты момант супраць «Беларусбанка», «Белаграпрамбанка» і «Белінвестбанка» дзейнічаюць еўрапейскія санкцыі, якія не забараняюць супрацоўніцтва цалкам, а абмяжоўваюць доступ на еўрапейскі рынак капіталу, а таксама фінансаванне дзяржаўных праектаў.

Яны ўжо даволі хваравіта адбіліся на працы, прынамсі, «Беларусбанка», які, напрыклад, не можа дафінансаваць вялікі праект распрацоўкі Нежынскага калійнага радовішча, бо кітайскі бок адмаўляецца пералічваць рэшту сродкаў.

Таксама заходнія карэспандэнты згортваюць супрацоўніцтва, прымушаючы тры вялікіх банкі шукаць іншыя варыянты пераводу валютных выплат. Але гэта адбылося пасля таго, як амерыканцы ўнеслі фінансавы сектар Беларусі як магчымую мэту санкцый у свой дакумент, які вызначае магчымыя накірункі забаронаў.

Як дзейнічаюць амерыканскія санкцыі, можна ўбачыць на прыкладзе «Абсалютбанка» - ён не можа працаваць з далярам і асноўнымі аплатнымі сістэмамі, у тым ліку карткамі.

Калі ўявіць, што тое ж самае адбудзецца з трыма асноўнымі банкамі, дзе абслугоўваюцца і крэдытуюцца дзяржаўныя экспарцёры, а таксама стратныя прадпрыемствы, можна зразумець маштабы катастрофы.

Рэпутацыйны эфект і наступны вынас сродкаў юрыдычных і фізічных асоб нельга ацаніць, але можна прадбачыць. Рэсурсы Нацбанку ў плане кампенсацыі такога ўдару выглядаюць сумнеўнымі.

Таксама абмяркоўваюцца санкцыі супраць «Белтэлекама», які звязваюць з новай сістэмай татальнага відэа-кантролю і сачэння за трафікам карыстальнікаў інтэрнэту.

Акрамя гэтага, абмяркоўваюцца санкцыі супраць сферы дрэваапрацоўкі, якая стала крыніцай валютных паступленняў у сувязі з ростам коштаў будаўнічых матэрыялаў, а таксама ўзмацненнем жорсткасці адказнасці за аперацыю з нафтай, якія ўжо забароненыя, але працаваць спрабуюць з дапамогай схемаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».