19 кастрычнiка 2021, aўторак, 2:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Доктар Мартаў: Я не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца

23
Доктар Мартаў: Я не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца
УЛАДЗІМІР МАРТАЎ
ФОТА: АЛЯКСАНДР ВЕЛЕДЗІМОВІЧ

Нам нічога не перашкаджае быць у медыцынскім сэнсе Нямеччынай.

Рэаніматолаг з Віцебска Уладзімір Мартаў, які адным з першых сумленна загаварыў пра COVID у Беларусі і быў звольнены, да гэтага часу не выйшаў на працу.

Пасля ягоных крытычных выказванняў пра арганізацыю працы лякарняў падчас пандэміі – пра аварыю на кіслароднай станцыі Віцебскай лякарні і гібель пацыентаў – з ім не прадоўжылі кантракт.

"Я не займаюся цяпер нічым. Пяць месяцаў не працую, клапаціўся трохі пра сваё здароўе. Цяпер жыву за горадам", – расказаў Мартаў у інтэрв'ю nn.by. Паводле ягоных словаў, адчувае сябе спакойна, "як у адпачынку": "сяджу адзін у вёсцы, палю грубку".

Мартаў не разглядаў пытанне пра пераезд у іншую краіну. Кажа, гэта прынцыповая пазіцыя – не хоча з'язджаць, "пакуль гэта магчыма, пакуль няма пагрозы бяспецы".

"У мяне былі вельмі смешныя спрэчкі з маімі больш маладымі і больш прасунутымі калегамі – адна і тая тэма, якую мы ўвесь час абсмоктваем з розных бакоў. Казалі, што чым з'язджаць у Канаду і рабіць там Беларусь, трэба рабіць у Беларусі Канаду", – адзначыў ён.

Цяпер Мартаў спрабуе сабраць думкі ў тэкст, піша пра тое, што бачыў і пра што думаў апошні час. Пакуль прааналізаваў першую хвалю каранавірусу. Кажа, быў перакананы, што беларускія медыкі справяцца з праблемай – бо быў жа досвед 2009-га года, калі краіна перажыла эпідэмію свінога грыпу, і "гэта было даволі цяжка і страшна".

"У мяне была ілюзія, што мы таксама павінны справіцца з COVID, у чым праблема? І калі мы проста ўсё завалілі... узнікла пытанне, якое мы таксама абмяркоўвалі з маладымі калегамі ў ардынатарскай: чаму мы не Нямеччына? А я не разумею, чаму. Бо нам нічога не перашкаджае быць у медыцынскім сэнсе Нямеччынай. Але мы не Нямеччына, нават блізка. Мы зрабілі ўсё наадварот. І гэта незразумела", – кажа медык.

Ён згадвае, што ў лякарні "проста забаранілі прафесійна рыхтавацца да COVID, бо была прынятая пастанова – нічога страшнага, і так перажывем, нічога не трэба рабіць". Паводле словаў Мартава, для прафесіянала – гэта дзіка.

Мартаў кажа, што яму прапаноўвалі працу. Але з'язджаць за мяжу ён не хоча, а падпрацоўкі, каб пераседзець, яму не падыходзяць.

"Я не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца. Вось такі лозунг у мяне", – прызнаецца медык.

Ён не спрабаваў уладкавацца ў дзяржаўныя медустановы, таму не ведае, ці ёсць ягонае прозвішча ў "чорным спісе". Кажа, пакуль сам не гатовы вярнуцца ў сістэму.

"Бо трэба будзе ўступіць у прафзвяз, здаць грошы на Чырвоны Крыж, падпісацца на газеты... Я буду вымушаны зноў паглыбіцца ў сістэму, якая дакладна не пра медыцыну. Медыцына мне вельмі цікавая, а гэтая мішура, вакол якой кормяцца ўсе гэтыя кампаніі, гэта ж жудасна. І, калі шчыра казаць, проста непрыстойна. І з гэтым вельмі не хочацца зноў сутыкацца", – кажа Уладзімір Мартаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».