28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя беларуса, які пакінуў лукашыстаў з носам

4
Гісторыя беларуса, які пакінуў лукашыстаў з носам

Уладзіслаў Усцін кажа, што ягоныя бацькі былі ў шоку.

22 жніўня беларускі палітвязень Уладзіслаў Усцін уцёк з папраўчай установы, дзе ён павінен быў адбываць трохгадовы тэрмін. Ён лесам перасек літоўскую мяжу і цяпер знаходзіцца ў Вільні, паведамляе svoboda.org.

Уладзіслаў – 22 гадовы мянчук. 14 ліпеня 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, падчас стыхійных акцый пратэсту супраць адмовы зарэгістраваць у якасці кандыдата Віктара Бабарыку, ён убачыў дзеянні АМАПу і ўмяшаўся. У выніку два месяцы яму давялося правесці ў менскім СІЗА. Пасля – прысуд: 3 гады так званай хіміі. Дакладная назва "хіміі" – выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу. Гэта абмежаванне волі, крыху адрознае ад турэмнага пакарання. Тэрмін "хімія" з'явіўся ў СССР у пасляваенны час, калі праца асуджаных стала актыўна выкарыстоўвацца на будоўлях і шкодных вытворчасцях (у тым ліку на хімічных заводах).

21 сакавіка Уладзіслаў трапіў ва ўстанову №7 у Пружанскім раёне, адкуль і ўцёк. У інтэрв'ю ён расказвае сваю гісторыю:

– Калі вы перасеклі мяжу?

– 22 жніўня. Цяпер я знаходжуся ў Вільні. Мяне адпусцілі з лагеру, я падаваў прашэнне на наданне прытулку, але заяўка разглядаецца да шасці месяцаў. Цяпер я чакаю пакуль часовую маленькую картку, з якой змагу атрымліваць медыцынскую дапамогу, а далей, калі Літоўская рэспубліка пойдзе мне насустрач, мне выдадуць пасведчанне ўцекача.

– Як вашы родныя паставіліся да вашай пастановы ўцячы?

– Яны былі ў шоку. Калі я патэлефанаваў маме, яна спытала са слязьмі ў голасе: "Навошта ты гэта зрабіў?"

– Што вы плануеце далей рабіць?

– Пакуль улада не зменіцца, я ў Беларусь дакладна не вярнуся. Я кухар, хачу ездзіць, вучыцца, набірацца досведу, працаваць, каб надалей можна было адчыніць нешта сваё цікавае, толькі ўжо ў новай Беларусі.

З "хіміі" надумаў уцячы, калі зразумеў, што не заслугоўваю такога пакарання. Я працаваў у калгасе ў Белавусаўшчыне з 6 раніцы да 9 вечару і атрымліваў у два разы менш, чым атрымлівалі мясцовыя. (Белавусаўшчына – аграгарадок у Пружанскім раёне Берасцейскай вобласці. – Заўвага). Плацілі вельмі мала, у мяне быў унутраны страйк. Я адмаўляўся бясплатна працаваць. Адпрацаваў сваіх сем гадзінаў, якія ў працоўным лістку, а потым ішоў займацца сваімі справамі, еў, мыўся, сядзеў у тэлефоне. І гэта быў час, каб падрыхтавацца да ўцёкаў. Усё гэта спантанна атрымалася.

У выніку я дачакаўся свайго заробку, замовіў вялікую торбу, і яна ляжала на працы ў сабраным стане. Мне дапамаглі ўцячы, я не буду называць пасаду ў мэтах бяспекі. Адзін з супрацоўнікаў мяне вывез з Берасця ў Гародню, там мяне высадзіў, і я сам ішоў пешшу ў кірунку літоўскай мяжы. Ноч правёў у лесе. Па дарозе ўбачыў машыну з бел-чырвона-белай налепкай на люстэрку, мясцовы кіроўца капаўся ў капоце. Я падышоў да яго, разгаварыўся, і ён мяне падкінуў да пэўнага месца за пару кіламетраў да літоўскай мяжы. Сказаў, што плоту там быць не павінна. Я праз лес перабег мяжу, звязаўся з сваякамі, каб іх супакоіць, пасля чаго тэлефон пачалі штурмаваць супрацоўнікі міліцыі з маёй ўстановы. Прасілі, каб я падышоў да слупоў, сфатаграфаваў іх, каб хто-небудзь з беларускіх памежнікаў мяне змог хутка падхапіць, затрымаць і вярнуць на месца. Увогуле, я ішоў як мага далей ад гэтых слупоў і чакаў літоўскіх памежнікаў. Тыя прыехалі, праверылі мяне і забралі на заставу. Там я правёў дзён пяць, пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей, якія таксама трапілі ў лагер для ўцекачоў.

– Вы не першы палітвязень, які ўцёк пасля прысуду і пакінуў краіну. У тым лагеры для ўцекачоў, дзе вы апынуліся, былі такія людзі?

– Там былі замежныя грамадзяне з Ірака, Афганістана, Нігерыі. Грамадзянін Беларусі я быў адзін.

– У сакавіку гэтага года праваабарончы цэнтр "Вясна" прызнаў вас палітвязнем, гэты статус вам дае нейкія правы?

– На мяжы, думаю, гэта згуляла сваю ролю. Літоўскія памежнікі добра ставяцца да беларусаў, якія воляю выпадку там апынуліся, – кажа Уладзіслаў Усцін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках