Бывай, валюта!
33- 14.09.2021, 15:33
- 50,926
Беларускім дзяржбанкам закрылі рахункі ў Еўропе.
Беларуская банкаўская сістэма адчула на сабе цяжкае дзеянне еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый, уведзеных летам у адказ на рэпрэсіі і прымусовую пасадку рэйса Ryanair.
Еўрапейскія банкі пачалі масава закрываць для беларускіх дзяржаўных банкаў карэспандэнцкія рахункі ў далярах і еўрах, без якіх правесці аперацыі ў дзвюх ключавых сусветных валютах немагчыма.
На мінулым тыдні каррахункі «Беларусбанка», «Белінвестбанка» і «Белаграпрамбанка» закрыў Deutcsche Bank - ключавы банк-карэспандэнт для дзяржаўных крэдытных арганізацый рэспублікі, піша finanz.ru ў аглядным артыкуле.
«Белаграпрамбанк» - адзін з трох банкаў, якія трапілі пад санкцыі ЕЗ, - пазбавіўся карэспандэнцкіх рахункаў не толькі з Deutsche, але і з усімі еўрапейскімі калегамі, уключаючы нямецкі Commerzbank, DZ Bank, італійскі Unione di Banche Itаliane і польскі PKO Bank.
Ад валютных аперацый на адрас «Белаграпрамбанка» адмовіліся нават расейскія дзяржаўныя банкі, уключаючы «Сбер», «ВТБ» і «Россельхозбанк».
Аналагічная сітуацыя склалася ў «Беларусбанку» і «Белінвестбанку», якія таксама трапілі ў санкцыйны спіс ЕЗ.
Дзве тонкія нітачкі, на якіх трымаецца дзяржаўны банкаўскі сектар і якія могуць у кожны момант абарвацца, - гэта еўрапейская «дачка» ВТБ (праводзіць аперацыі для «Беларусбанка») і маскоўскі «ТКБ Банк», які трымае рахункі ў еўрах для «Белаграпрамбанка».
Ізаляцыя ад сусветнай валютнай сістэмы ўжо ўдарыла па беларускім бізнэсе. Рух валюты магчымы тэхнічна праз «маленькія аэрадромы» ў выглядзе малых беларускіх і маргінальных расейскіх банкаў, але гэта ўсё вельмі абцяжарвае выкананне існых кантрактаў і ставіць пад пагрозу новыя, паскардзіўся адзін з прадпрымальнікаў.
«Раней прамаруджванне аплаты на тры дні ўважалася за скандал, цяпер ужо два тыдні - гэта як бы норма, бо грошы абыходзяць паўсвету, каб дайсці, куды трэба», - кажа ён, дадаючы, што прыватны сектар, імаверна, будзе пераходзіць у іншыя банкі ці шукаць магчымасці праз суседнія краіны.
Еўразвяз, нагадаем, 24 чэрвеня абвясціў аб увядзенні эканамічных санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за «сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека», «жорсткае падаўленне грамадзянскай супольнасці», а таксама прымусовую пасадку рэйса Ryanair у Менску, якую Захад кваліфікаваў як паветранае пірацтва.
Пад санкцыі, якія забараняюць падаваць фінансаванне на тэрмін больш за 90 дзён, патрапілі ўсе беларускія банкі з доляй дзяржавы больш за 50%, а таксама асобна - даччыныя структуры «Беларусбанка», «Белінвестбанка» і «Белаграпрамбанка».
Лукашэнка ў каментары пастановы ЕЗ заявіў, што санкцыі азначаюць «бяссілле» і заклікаў давесці гэта на практыцы «мярзотнікам па той бок мяжы».