3 траўня 2024, Пятніца, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Nestlé скараціла рэкламны бюджэт у Беларусі пад уплывам праваабаронцаў

10
Nestlé скараціла рэкламны бюджэт у Беларусі пад уплывам праваабаронцаў

Заходніх рэкламадаўцаў абвінавацілі ў фінансаванні тэлепрапаганды Лукашэнкі.

Найбуйнейшы ў свеце вытворца прадуктаў харчавання Nestlé істотна паменшыць аб'ёмы сваёй рэкламы на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. «Мы ўважліва сочым за развіццём падзей у Беларусі і, натуральна, рэгулярна правяраем нашу рэкламную палітыку і карпаратыўную камунікацыю. У выніку гэтых рэгулярных праверак мы ўжо значна скарацілі рэкламны бюджэт для Беларусі», - паведаміла 6 жніўня ў адказ на запыт DW прэс-служба швейцарскай кампаніі.

Даследаванне Libereco пра найбуйнейшых рэкламадаўцаў на дзяржканалах Беларусі

Прычынай запыту сталі абвінавачванні ў адрас цэлага шэрагу знакамітых амерыканскіх і еўрапейскіх кампаній у тым, што яны фактычна фінансуюць прапаганду рэжыму Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшла нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.

Прааналізаваўшы, прадукцыя якіх фірмаў рэкламуецца на трох дзяржаўных тэлеканалах Беларусі ў найлепшы вечаровы час, у тым ліку непасрэдна да, пасля і падчас палітычных праграм і выпускаў навін, арганізацыя прыйшла да высновы, што дзве траціны ролікаў прыпадаюць на заходніх вытворцаў.

Падрабязна распавёўшы пра апублікаванае 4 жніўня даследаванне Libereco, DW звярнулася да трох нямецкіх і двух швейцарскіх фірм, якія апынуліся ў спісе найбольш актыўных рэкламадаўцаў на беларускай дзяржаўнага тэлевізіі, з просьбай аб каментары.

Прадстаўнікі Nestlé сустракаліся з праваабаронцамі

На другое месца ў гэтым спісе трапіў швейцарскі гігант Nestlé. У адказе яго прэс-службы гэта тлумачыцца так: «Адсутнасць альтэрнатыўных каналаў і шырокі асартымент нашай прадукцыі прывялі да прыкметнай прысутнасці брэндаў Nestlé на нацыянальных тэлеканалах краіны». Да гэтых брэндаў належаць, між іншым, Nescafé і Nespresso (кава), KitKat (шакалад), Lion Cereals (гатовыя сняданкі), Maggi (запраўкі для супоў і прыправы), Purina (корм для хатніх жывёл).

У прэс-рэлізе Libereco ад 4 жнiўня цытуецца прэзідэнт швейцарскага аддзялення гэтай арганізацыі Ларс Бюнгер (Lars Bünger), які паведаміў, што «ў пачатку ліпеня мы ў ходзе асабістай сустрэчы з прадстаўнікамі кампаній усебакова паінфармавалі іх пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Пасля апошніх шакавальных падзей мы чакаем у вельмі хуткім часе ад Nestlé публічнай заявы пра тое, у якой меры кампанія спыніць рэкламу ў дзяржаўных беларускіх СМІ».

Атрыманы цяпер DW адказ прэс-службы кампаніі менавіта гэтай публічнай заявай і з'яўляецца, хоць яна і не ўтрымлівае ніякіх канкрэтных звестак і толькі абмяжоўваецца фармулёўкай аб «значным скарачэнні рэкламнага бюджэту».

У Henkel рэкламу ў Беларусі аплачвае прадстаўніцтва ў Расеі

На запыт DW адгукнуўся таксама нямецкі вытворца бытавой хіміі Henkel, вядомы такімі брэндамі, як Persil (парашок і гелі для мыцця бялізны), Schwarzkopf (сродкі па догляду за валасамі), «Момант» (клеі). Гэты канцэрн заняў чацвёртае месца ў спісе самых актыўных заходніх рэкламадаўцаў на дзяржканалах Беларусі. Старэйшая мэнэджарка прэс-службы штаб-кватэры ў Дзюсельдорфе Ханна Філіпс (Hanna Philipps) праігнаравала просьбу пракаментаваць даследаванне Libereco, аднак адказала на некалькі пытанняў DW.

Яна паведаміла, што рашэнні аб размяшчэнні тэлевізійнай рэкламы прымаюцца не ў галаўным офісе канцэрна, а «ў філіялах на месцах лакальнымі маркетынгавымі камандамі». З гэтага вынікае, што ролікі Henkel на беларускіх дзяржканалах аплачваюцца з Масквы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ТАА «Хенкель Рус», якая абслугоўвае рынкі Расеі і краін СНД. На просьбу DW пацвердзіць такую выснову кіраўніца аддзела карпаратыўных камунікацый Henkel у Расеі, Беларусі і Казахстане Наталля Авакімян на момант публікацыі гэтага артыкула не адказала.

Ханна Філіпс паведаміла таксама, што прадукцыя Henkel, якая паступае на беларускі рынак «вырабляецца галоўным чынам у Расеі і праз вонкавага дыстрыбутара імпартуецца ў Беларусь». Праўда, Henkel з 2004 года прадстаўлены і ў самой Беларусі, удакладніла прэс-сакратарка: «У нас там прыкладна 100 супрацоўнікаў і ўласная вытворчая пляцоўка».

Маецца на ўвазе завод па выпуску будаўнічых сумесяў Ceresit у Заслаўі пад Менскам. Для параўнання: у Расеі ў Henkel 11 заводаў і амаль 2500 супрацоўнікаў. Так што можна зыходзіць з таго, што рэкламная стратэгія на беларускім рынку (паводле звестак Ханны Філіпс, аб'ёмы продажаў на ім «істотна ніжэйшыя за 1% глабальнага даходу» канцэрна) і адпаведны бюджэт фармуюцца менавіта ў Маскве ў расейскім прадстаўніцтве нямецкай кампаніі.

Sandoz, Dr. Theiss Naturwaren і Dolorgiet пакуль маўчаць

Цалкам магчыма, што ў аналагічнай сітуацыі знаходзіцца і цэлы шэраг іншых заходніх і, між іншым, амерыканскіх кампаній са спісу Libereco: рашэнні аб тым, колькі грошай накіраваць на беларускія дзяржканалы, прымаюцца не недзе за акіянам у штаб-кватэрах транснацыянальных карпарацый, а ў іх маскоўскіх філіялах расейскімі мэнэджарамі.

DW накіравала таксама запыты буйной швейцарскай кампаніі Sandoz і двум нямецкім фірмам - сярэдняй па памерах Dr. Theiss Naturwaren і параўнальна невялікай Dolorgiet. Ні ад аднаго з гэтых трох вытворцаў медыцынскіх прэпаратаў, лекавых і касметычных сродкаў, што таксама актыўна рэкламуюць сваю прадукцыю на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах, на момант публікацыі адказ не паступіў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках