3 траўня 2024, Пятніца, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нерукапаціскальны Лукашэнка заганяе сябе ў кут

15
Нерукапаціскальны Лукашэнка заганяе сябе ў кут

Ён канчаткова страціў сувязь з рэчаіснасцю.

Са снежня 2021 года прадукцыя беларускага вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалія» больш не будзе перавозіцца праз Літву. Пра гэта паведамляе 15min.lt, цытуючы міністра транспарту і камунікацый Літвы Маруса Скуодзіса, перадае «Голас Амэрыкі».

«З аднаго боку, мы можам сказаць, што санкцыі тычацца толькі амэрыканскіх кампаній, але з практыкі мы ведаем, што банкі не будуць прымаць аплату за выкананыя ў Літве паслугі ў еўрах, а не толькі ў далярах. [...] Я магу дакладна заявіць, што са снежня, калі санкцыі ўвойдуць у дзеянне, угнаенні перастануць перамяшчацца праз Літву», - заявіў Марус Скуодзіс.

Сайт zerkalo.io адзначае, што ў тлумачэнні да санкцыйнага спісу ЗША «Беларуськалій» называюць асноўнай крыніцай падатковых паступленняў і валюты для рэжыму Лукашэнкі.

«Пры гэтым у амэрыканскім санкцыйным спісе (адрозна ад еўрапейскага) няма ўмоў, якую прадукцыю «Беларуськалія» закранаюць абмежаванні, а якую - не. Гэта значыць, фактычна ўсю. Нагадаем, сэктаральныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі закранулі калійную галіну з умовамі», - падкрэсліваецца ў артыкуле.

Санкцыі ЗША і ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у панядзелак з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі падпісаў дэкрэт аб увядзенні новых захадаў, закліканых прыцягнуць да адказнасці рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Міністэрства фінансаў таксама прыняло самы буйны на сённяшні дзень пакет санкцый у дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб.

Як паведамляецца ў заяве Міністэрства фінансаў, у санкцыйны спіс патрапілі такія кампаніі, як «Беларуськалій», «Белнафтагаз», «Белказтранс», «Белказатранс Украіна», «Энэрга-Ойл», «Інтэр Табака», Абсалютбанк, а таксама Следчы камітэт Беларусі, Нацыянальны Алімпійскі камітэт Беларусі (НАК). Акрамя таго, уведзеныя санкцыі ў дачыненні да 23 фізічных асоб, у тым ліку бізнэсоўцаў і прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных кампаній. У ліку фігурантаў - Аляксей Алексін, Андрэй Бунакоў, Леанід Чура ды іншыя.

«У прэамбуле выканаўчага ўказа прэзідэнта Байдэна адзначаецца, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі з'яўляюцца пагрозай для нацыянальных інтарэсаў Злучаных Штатаў. Гэта вельмі важна, бо азначае, што ЗША будуць ісці да лагічнага канца, да змены рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі», - адзначыў эканаміст Алесь Аляхновіч.

Eўразвяз 21 чэрвеня прыняў санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамляе Нямецкая хваля, гэта «чацвёрты, самы шырокі пакет персанальных санкцыяў што да Беларусі».

Ва Украіне адказалі Лукашэнку

Самаабвешчаны Лукашэнка загнаў сябе ў пастку і трапіў у поўную залежнасць ад прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта заявіў 11 жніўня ў эфіры тэлеканала «Украіна 24» былы міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін.

«Я ўважаю Беларусь за сяброўскую краіну. Маю вельмі вялікую сімпатыю да беларусаў. А вось у дачыненні да Лукашэнкі… ён ужо нарабіў і нагаварыў, ён звычайны дыктатар. Лукашэнка да пэўнага моманту спрабаваў утрымаць пэўную самастойнасць. І я быў супраць таго, каб заганяць Лукашэнку ў кут. А цяпер Лукашэнка сам загнаў сябе. Спачатку ён ператвараецца ў паветранага пірата, і гэта бачыць увесь свет. А цяпер ён ганяў самалёты з Ірака, і плынню людзей на мяжу з Літвой… Ну калі ты дыктатар, не спускайся да такіх дробязных рэчаў. Руку яму падаваць больш ніхто не будзе. Цяпер ён не самастойны. Захад не штурхае Лукашэнку да Пуціна... Ужо ўсё, да пабачэння, ён у Пуціна», - сказаў Клімкін.

Нагадаем, што 9 жніўня падчас «Вялікай размовы» з прэсай Лукашэнка заявіў пра нібыта датычнасць афіцыйных органаў улады Украіны да перакідання зброі ў Беларусь.

Ва Украіне назвалі беспадстаўнымі абвінавачанні з боку Лукашэнкі ў падрыхтоўцы на тэрыторыі Украіны ваеўнікоў. «Прэзідэнт падкрэслівае, што Украіна змагаецца з ваеўнікамі, а не трэнуе іх, як заявіў Аляксандр Лукашэнка. Заявы Аляксандра Лукашэнкі Валадымыр Зэлэнскі называе беспадстаўнымі», - адзначыў 9 жніўня прэсавы сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў.

Лукашэнка канчаткова страціў сувязь з рэчаіснасцю

Аляксандр Лукашэнка канчаткова страціў сувязь з рэчаіснасцю, ператвараючы Беларусь ў краіну-выгнанца, ствараючы штучны крызіс з мігрантамі на межах з Літвой, мяркуе выканаўчы дырэктар Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Аляксандр Лявонаў.

«У Беларусі развіваецца тэндэнцыя, што Лукашэнка нібыта супрацьстаіць міжнароднай змове, часткай якога з'яўляецца Украіна. І таму дэманізуецца ўкраінскі кірунак. Украіна ў прамовах Лукашэнкі - вораг, з якім можна "барукацца". Гэта немагчыма зрабіць з ЕЗ або з ЗША. Таму ёсць пэўная пагроза: з тэрыторыі Беларусі Украіне могуць пагражаць расейскія ўзброеныя сілы, і Лукашэнка фактычна легітымізуе іх дзеянні, падводзіць пад гэта ідэалагічную базу», - адзначае Аляксандр Лявонаў.

Разам з тым палітолаг зазначае, што Украіна недастаткова, але актыўна прапрацоўвае санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

«Калі Украіна хоча, каб ёй дапамагалі ў рамках еўраатлантычнай салідарнасці, то яна мае дзейнічаць сінхронна з заходнімі краінамі. Да гэтага часу Украіна не ўвяла санкцыі што да энэргетыкі, а толькі прыпыніла куплю электраэнэргіі. Два месяцы таму МЗС заяўляў, што рыхтуе спіс асоб, супраць якіх маюць быць уведзеныя санкцыі, але РНБА дагэтуль гэты спіс не разгледзела», - нагадвае Аляксандр Лявонаў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках