25 красавiка 2024, Чацвер, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Кубе шасцёра высокапастаўленых вайскоўцаў памерлі за дзесяць дзён

18
На Кубе шасцёра высокапастаўленых вайскоўцаў памерлі за дзесяць дзён

Ва ўрадзе Кубы абставіны скону генералаў не каментуюць.

На Кубе за дзесяць дзён памерлі шасцёра высокапастаўленых вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе гішпанамоўны тэлеканал Univision.

Апошнім з сканаўшых стаў Хільберта Антоніа Кардэра Санчэс, які ў 1957 году далучыўся да паўстанцкага войска Фідэля Кастра, а пасля рэвалюцыі служыў у кубінскіх Узброеных сілах. Як стала вядома 28 ліпеня, цела вайскоўца ўжо крэміравалі. Узрост памерлага, яго званне, а таксама прычына смерці не выдаюцца.

Як адзначае тэлеканал, да гэтага на працягу паўтара тыдняў на востраве памерлі пяць генералаў. 26 ліпеня ва ўзросце 87 гадоў памёр брыгадны генерал, пісьменнік і гісторык Арманда Чой Радрыгес, які быў заснавальнікам аддзялення рэвалюцыйнага руху «Рух 26 ліпеня» ў правінцыі Вілья-Клара. У той жа дзень памёр Мануэль Эдуарда Ластрэс Пачэка - ён далучыўся да партызанаў Фідэля Кастра ў 1957 годзе і змагаўся пад камандаваннем Эрнэста Чэ Гевары.

Яшчэ адзін генерал Рубен Марцінес Пуэнтэ памёр ва ўзросце 79 гадоў 24 ліпеня. Лічыцца, што менавіта ён аддаў у 1996 годзе загад збіць у міжнароднай паветранай прасторы самалёты некамерцыйнай арганізацыі «Браты на дапамогу», створанай кубінскімі эмігрантамі ў Маямі.

Генерал запасу Марсэла Вердэцыя Пердома, які быў адным з ахоўнікаў Фідэля Кастра, памёр 20 ліпеня; Агусцін Пенья Порас, былы камандзір Заходняга войска і сябра Цэнтральнага камуністычнага камітэта Кубы, памёр 17 ліпеня.

Прычыны смерці ўсіх названых вайскоўцаў не называліся. Ва ўрадзе Кубы абставіны скону генералаў не каментуюць.

12 ліпеня стала вядома, што ўлады Кубы абвясцілі ў краіне рэжым надзвычайнага становішча на фоне масавых пратэстаў супраць кіруючай Камуністычнай партыі, якія ўспыхнулі ўпершыню за шмат гадоў. Праціўнікі дзейнай улады патрабуюць правядзення свабодных выбараў і больш рашучых дзеянняў у барацьбе з пандэміяй COVID-19. На фоне акцый у сталіцу краіны ўвялі войскі і дадатковыя падраздзяленні сіл бяспекі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках