19 кастрычнiка 2021, aўторак, 2:42
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі святкуюць адну з найвялікшых перамог нашых продкаў

5
У Беларусі святкуюць адну з найвялікшых перамог нашых продкаў
ФОТА: «БЕЛСАТ»

У «Дудутках» праходзіць двухдзённы рыцарскі фэст «Наш Грунвальд».

Пад Менскам на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі» 24-25 ліпеня праходзіць двухдзённы рыцарскі фэст «Наш Грунвальд». Ён праводзіцца ў гонар перамогі аб'яднаных войскаў ВКЛ і Каралеўства Польскага над рыцарамі Тэўтонскага ордэна ў бітве пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 года. Гэтая перамога хаўрусных войскаў спыніла канчаткова крыжацкую агрэсію на нашы землі. Атмасфера першага дня мерапрыемства ў фотарэпартажы «Белсата».

У двухдзённым фестывалі бяруць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі з усёй Беларусі. На імправізаваным рысталішчы цягам усяго першага дня прадстаўнікі клубаў - сярэднявечныя рыцары паказваюць сваё вайсковае майстэрства і моц падчас двубояў, баёў «пяцёрак» і бугурты (масавых спражэнняў). Бой цягнецца да таго моманту, пакуль праціўнік не падае на зямлю. Прысутныя на полі суддзі вызначаюць, хто з рыцараў перамог.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

На кірмашы можна было набыць у рамеснікаў скураныя сумкі і гаманцы, ільняную вопратку, плеценыя паясы, драўляныя нажы і мячы.

Ахвотных выкаваць металічныя вырабы запрашалі да сябе ў імправізаваную майстэрню кавалі, прадказаць будучыню браліся варажбіткі і аракулы.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Сапраўднымі рыцарамі-хэдлайнерамі былі чальцы Маладзечанскага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шатландская пяхота». Падчас свята яны дэманстравалі гасцям розныя тыпы сярэднявечнай зброі: кнотавыя вогнестрэлы, кісцяні, розных тыпаў сякеры і мячы. За пяць рублёў можна было апрануць пяхотную кірасу, шлем, футравую накідку, патрымаць у руках сякеру ці меч. Дазвалялі рыцары і зрабіць адзін стрэл з кнотавай стрэльбы 16-17ст. (Бамбардзье, пістоль). Праўда, прысутным даводзілася затыкаць вушы ад вельмі гучнага стрэлу. Рыцары-рэканструктары тлумачылі, што гэта зброя выкарыстоўвалася ў баі не столькі для паразы ворага, колькі мела псіхалагічны эфект: палохала коней, пяхоту.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Шатландскія пяхотнікі апынуліся і выдатнымі перформерамі. Падчас свайго выступу яны разыгралі некалькі рыцарскіх, шатландскіх, рамантычных легенд пра адважных воінаў, якія дзеля каханай здзяйснялі ваенныя подзвігі, нават коштам уласнага жыцця.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Кульмінацыяй першага дня фэсту стала рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. Рэшткі разгромленых тэўтонцаў ратаваліся ўцёкамі ў сваім абозе за драўлянымі шчытамі, дзе былі атакаваныя саюзнымі войскамі, пераможаныя, забітыя або ўзятыя ў палон.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Першы фестывальны дзень скончыўся выступамі музычных гуртоў, якія ў розных стылях - ад фолку да року - выконвалі сярэднявечную музыку. На сцэне запальвалі - гурт «Pawa», «Млын», «Неўрыда», «Стокс», «Aquamorta». Танцпол не трэба было доўга разаграваць, даслоўна з першай кампазіцыі ўсе пусціліся ў скокі ў карагодзе, групах і сола.

Сёння фестываль прадоўжыцца. Цікавосткай другога дня будуць рыцарскія баі на конях і спаборніцтвы лучнікаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».