26 красавiка 2024, Пятніца, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кошты выраслі і падаць не будуць, але зэканоміць на прыгоне ўсё яшчэ можна»

6
«Кошты выраслі і падаць не будуць, але зэканоміць на прыгоне ўсё яшчэ можна»

Пра асаблівасці сучаснага рынку аўто з Еўропы.

Калі вы яшчэ не заўважылі рост коштаў літаральна ўсяго вакол, вы напэўна шчаслівы чалавек. Многія беларусы ўжо паспелі адчуць на сабе падаражанне будматэрыялаў і аўтамабіляў. Дазволіць адкладаць набыткі "да найлепшых часоў" могуць не ўсе, а таму чарговы сезон пошуку эканоміі і выгодаў можна ўважаць адкрытым. Як ідуць справы з прыгонам аўто з Еўропы?

Пра тое, ці можна цяпер зэканоміць і чаго чакаць беларускім пакупнікам у будучыні, abw.by пагутарыў з прадстаўніком літоўскага аддзялення папулярнага аўкцыёну Exleasingcar Айварасам Якулевічусам.

– На старонках аўкцыёнаў з'явіўся асобны пункт у меню з запрашэннем юрыдычных асобаў выставіць на гандаль свае аўтамабілі. Гэта значыць, што цяпер набыць машыну з нямецкага аўтахаўсу можна будзе проста з дастаўкай у Беларусь?

– Гэта так толькі збольшага. Набыць проста аўтамабіль з "другаснага рынку", хай і ад юрыдычнай асобы, не выйдзе – на аўкцыёны ўсё гэтак жа трапляюць толькі лізінгавыя аўтамабілі з максімальнай справаздачнасцю пра стан і абслугоўванне. Але калі раней мы прапаноўвалі аўто толькі ад буйных і вядомых кампаній, то цяпер паступова з'яўляюцца машыны ад кампаній значна больш дробных. Прычым мы робім стаўку на аўтамабілі з балтыйскіх краінаў і актыўна працуем у гэтым кірунку.

Цяпер назіраецца вельмі вялікая патрэба ў аўтамабілях, асартымент праз павышаны попыт натуральным чынам зніжаецца. Машыны невялікіх кампаній якраз дазволяць яго павялічыць.

Гэтую ідэю мы абдумвалі даўно, але да рэалізацыі яе на практыцы прыйшлі толькі ў канцы вясны – пачатку лета. Такім чынам мы спадзяемся павялічыць на пляцоўцы колькасць унікальных аўтамабіляў, якіх няма на іншых аўкцыёнах. Гэта будзе выгадна для ўсіх: пакупнікі атрымаюць большы выбар, уладальнікі невялікіх аўтапаркаў змогуць распрадаваць іх больш эфектыўна.

Акрамя таго, для пакупнікоў гэта азначае крыху больш за індывідуальны падыход. Калі гандаль ідзе за аўтамабіль ад буйнога гульца на рынку, усё адбываецца ў аўтаматычным рэжыме. У выпадку з дробнымі прадаўцамі нават пасля заканчэння аўкцыёну ў пакупніка будзе магчымасць звязацца з прадаўцом і абмеркаваць, напрыклад, кошт набытку, калі аўкцыён не адбыўся. У маштабах буйных кампаній такі падыход немагчымы.

Пакуль аўкцыёнаў ад такіх невялікіх прадаўцоў не так шмат, але калі набытак не тэрміновы, то мае сэнс звярнуць на іх увагу.

– Наколькі адрозніваюцца аўтапаркі тых жа Літвы, Польшчы і Чэхіі ад аўтапаркаў Еўропы?

– Скажам так: не варта надта спадзявацца, што з гэтых краінаў атрымаецца прыгнаць нейкі "асаблівы" аўтамабіль. У сутнасці, усё гэта адзін рынак, нейкіх глабальных адрозненняў, за рэдкімі выключэннямі, у аўтапарках няма. Да выключэнняў можна аднесці хіба што Нідэрланды з тамтэйшай любоўю да электрамабіляў.

– Ці можна казаць пра нейкую выгоду пры прыгоне аўто з непапулярных краінаў?

– У нейкім сэнсе так. Многія пакупнікі аддаюць перавагу аўто, напрыклад, з Нямеччыны ці Францыі, а звязвацца з Польшчай або Гішпаніяй не хочуць. Калі падыходзіць да гэтага пытання не так прынцыпова, то зэканоміць можна. Нядаўна мы пачалі супрацоўнічаць з гішпанскім падраздзяленнем Arval, у сярэднім можна казаць пра выгаду ў кошце прыкладна 10 адсоткаў у параўнанні з іншымі краінамі. Пакуль прапановаў з Гішпаніі трохі, сустракаюцца яны не кожны дзень. Аднак калі час дазваляе, мае сэнс шукаць аўто менавіта на такіх вось непапулярных аўкцыёнах.

У не самых папулярных прадаўцоў таксама можна адшукаць аўтамабілі ў больш добрым стане. Іхнія аўтапаркі часта даволі невялікія, а таму ў машынаў можа быць і меншы прабег, і меншы знос у цэлым.

– Але "халявы" ўсё роўна не будзе?

– Цяпер нідзе няма танных аўтамабіляў у добрым стане. За апошнія паўгода кошты выраслі на 20 адсоткаў, а ў некаторых выпадках можна казаць пра рост нават на 30 адсоткаў. Перадумоваў да іхняга падзення няма. Машынаў на ўсіх папросту не стае. Калі раней для арыентыру пераможных ставак мы раілі адымаць ад коштаў на mobile.de ПДВ, то цяпер кошты з ім практычна зраўняліся. У тым ліку скарацілася розніца паміж аптовымі і раздробнымі коштамі – цяпер яна складае блізу 5 адсоткаў у залежнасці ад аўтамабіля.

– Беларусы ўжо "рассмакавалі" гэтую магчымасць зэканоміць?

– Паколькі падобных прапановаў пакуль няшмат, казаць пра масавы попыт на гэтыя аўтамабілі не выпадае. Але, напрыклад, нядаўна беларускі пакупнік набыў Volkswagen Passat Allroad 2016 года з 2-літровым дызелем і прабегам блізу 180 тысячаў кіламетраў за 11.700 еўраў ужо з усімі плацяжамі. Стан аўтамабіля пасля прыбыцця цалкам супаў з чаканнямі – ён быў проста выдатным і без якіх-небудзь нараканняў.

Для параўнання прывяду ў прыклад іншы нядаўні набытак: такі самы дызельны Passat 2017 года з прабегам блізу 217 тысячаў, але ўжо з "аўтаматам" і з Нідэрландаў абышоўся пакупніку на 13.900 еўраў. Вядома, свой уплыў на кошт зрабіла аўтаматычная скрынка перадачаў, але розніца ў кошце усё роўна будзе істотнай.

– У Беларусі даўно існуе стэрэатып пра якасныя аўтамабілі з Нямеччыны і машыны-канструктары з суседніх краінаў. Наколькі гэта адчуваецца на продажах?

– Зноў жа таму, што прапановаў ад суседзяў пакуль няшмат, гаварыць пра ўплыў нейкіх стэрэатыпаў адназначна нельга. Але з колькасці пытанняў ад пакупнікоў усё ж прыкметна, што ўсё больш людзей перастае звяртаць увагу на краіну, з якой прадаецца аўтамабіль. Калі ў яго добры стан, пацверджаны прабег і гісторыя сэрвіснага абслугоўвання, то якая розніца, па дарогах якой краіны ён ездзіў? Можа быць, краіна эксплуатацыі будзе граць ролю ў выпадку з больш "узроставымі" аўтамабілямі, але ў рамках нашых стандартаў і ўзросту аўто да 5 гадоў гэта не працуе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках