1 траўня 2024, Серада, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данія прапанавала прыняць чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на трэку замест Беларусі

2
Данія прапанавала прыняць чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на трэку замест Беларусі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: DARIO BELINGHERI / BETTINI PHOTO / UEC

Сярод прычынаў пераносу ў Даніі называюць пытанні бяспекі і стаўленне да каранавірусу ў Беларусі.

Алімпійскі камітэт Даніі прапанаваў перанесці ў краіну чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на трэку, які павінен адбыцца ў канцы чэрвеня ў Менску. Пра гэта паведамляе Berlingske.de.

У Даніі нават гатовыя разгледзець магчымасць кампенсацыі ўсіх стратаў Еўрапейскага звязу раварыстаў (UEC), звязаных з пераносам.

Сярод прычынаў пераносу ў Даніі называюць пытанні бяспекі і стаўленне да каранавірусу ў Беларусі.

«Калі хто-небудзь з спартоўцаў заразіцца перад Алімпіядай, гэта будзе катастрофай», – сказаў кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Алімпійскага камітэта Даніі Пол Броберг.

Віцэ-прэзідэнтам UEC з'яўляецца датчанін Хенрык Ес Енсэн, якога і папрасілі абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату з кіраўніцтвам Еўрапейскага звязу раварыстаў.

Тым не менш сустрэча не адбылася, бо пасяджэнне кіравання UEC праходзіць толькі чатыры разы на год.

Сярод іншых прычынаў для адмовы, паводле словаў Хенрыка Еса Енсэна, прэзідэнт звязу Энрыка Дэла Каса назваў немагчымасць атрымання большасці галасоў за перанос, бо раней кіраванне прагаласавала супраць.

Пры гэтым у Berlingske.de адзначаюць, што з тых часоў сітуацыя змянілася. Па-першае, быў абраны новы склад кіравання. Па-другое, у снежні UEC спасылалася на адсутнасць альтэрнатывы, а цяпер ёй стала Данія.

Хенрык Ес Енсэн, у сваю чаргу, мяркуе, што перанос у іншае месца вельмі складаны і ў арганізацыйных пытаннях.

«Час прайшоў. Чэмпіянат Еўропы – гэта не такая простая канструкцыя, каб лёгка сабраць яе за кароткі тэрмін», – сказаў Енсэн.

Ён таксама заявіў, што пераносіць турнір на больш позні тэрмін немагчыма, бо гоншчыкам патрэбная спаборніцкая практыка перад Алімпіядай. Зрэшты, ягоныя словы аспрэчылі ў трэнерскім штабе зборнай Даніі. Яны не плануюць адпраўляць лідараў каманды ў Менск, адзначыўшы, што на гэтыя даты запланаваны трэніравальны збор у Італіі.

Прэзідэнт UEC Энрыка Дэла Каса ўпэўнены, што турнір пройдзе ў Менску, нават калі Данія афіцыйна абвесціць пра гатоўнасць прыняць чэмпіянат.

«Мерапрыемства ў Менску пацверджанае, і мы не хочам мяняць месца правядзення. Акрамя таго, розныя нацыянальныя каманды, тэлевізійнікі і тэхнічныя асістэнты ўжо забранявалі авіяквіткі і гатэлі. Спадзяюся, вы разумееце нашу пастанову», – сказаў Дэла Каса.

Чэмпіянат Еўропы ў веласпорце на трэку павінен прайсці ў Менску з 23 да 27 чэрвеня.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках