Чалы: Расея мае намер спыніць схемы беларускага рээкспарту
9- 18.04.2021, 15:20
- 13,482
Мішусцін - добры кандыдат, каб канчаткова развязаць гэтае пытанне.
Расейскі прэм'ер Міхаіл Мішусцін сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам 16 красавіка, каб дамовіцца наконт дарожных карт аб уніфікацыі падатковага заканадаўства і адміністравання, упэўнены незалежны аналітык Сяргей Чалы.
- Мінфінансаў казала пра тое, што ўніфікацыя падатковага заканадаўства і адміністравання не ў інтарэсах Беларусі. Гаворка ішла, апроч іншага, не толькі і не столькі аб падатковым адміністраванні, а пра тое, што нам прапаноўвалася перайсці на праграмнае забеспячэнне мытнага кантролю і ўліку руху тавараў на мяжы не толькі супольнай, але і на вонкавым контуры. Думаю, гэта з'яўляецца самым цікавым.
Пераход на расейскае ПА мытнага кантролю цікавіць Расею праз усё большую колькасць схем і выкарыстанне шчылін мытнага заканадаўства з боку Беларусі.
- Уключаючы элементарную кантрабанду, гісторыю з нафтапрадуктамі, кветкамі і іншае, - кажа Сяргей Чалы. - Цікавасць з боку Расеі цяпер не столькі ў тым, каб эканамічна паглынуць Беларусь, колькі спроба перайсці на расейскі софт. Гэта будзе азначаць, што ўсе шчыліны, з дапамогай якіх набліжаныя да цела імператара зарабляюць, увесь гэты схематоз перастане працаваць.
Аналітык падкрэслівае, што схемы існуюць не без інтарэсаў з расейскага боку. Але гэта інтарэсы не бюджэту Расеі, а асобных людзей.
- Інтарэсы Расейскай дзяржавы палягаюць у тым, каб з такога кшталту схемамі пакончыць. Гэта могуць быць эканамічныя прычыны, палітэканамічныя, бо мы бачым, што цяпер скандалаў з гэтымі схемамі ўсё больш. Мабыць, грошы вельмі моцна патрэбныя. Эканоміка не зарабляе так шмат, як хацелася б. Я заўсёды казаў, што дыктатура - гэта дорага.
Сяргей Чалы звяртае ўвагу на тое, што Міхаіл Мішусцін - добры кандыдат, каб развязаць гэтае пытанне.
- Успомнім бэкграўнд самага Мішусціна. Гэта чалавек, які зрабіў сабе кар'еру фактычна як метабухгалтар. Чалавек, які навучыўся выбудоўваць дзяржфінансы: у падатковай, мытнай сферы.