26 красавiка 2024, Пятніца, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядомая прычына смерці Леаніда Барткевіча

13
Стала вядомая прычына смерці Леаніда Барткевіча
ЛЕАНІД БАРТКЕВІЧ
ФОТА: WIKIPEDIA

Знакаміты музыка чатыры дні ляжаў у рэанімацыі 3-й лякарні Менска.

Сумную навіну пра смерць саліста "Песняроў" Леаніда Барткевіча паведаміла ў сацсетках Ірына Відава, удава кампазітара Алега Молчана.

Як распавёў сайту kp.by Вадзім Касенка, блізкі сябра і калега Барткевіча, ён чатыры дні ляжаў у рэанімацыі 3-й лякарні Менска. У "песняра" было хворае сэрца, сітуацыя ўскладнялася тым, што Барткевіч пакутаваў на дыябет.

Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 траўня 1949 года ў Менску. Музыкай пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве: быў салістам у хоры хлопчыкаў Палаца піянераў, іграў на гітары і скончыў музычную школу па класе трубы. Падчас вучобы ў архітэктурным тэхнікуме з'яўляўся салістам мясцовага аркестра, а пасля - вакалістам ансамбля "Залатыя яблыкі".

У 1970 годзе Уладзімір Мулявін паклікаў спевака выступаць у свой ансамбль "Песняры". Леанід Барткевіч стаў голасам папулярнага ансамбля. У ягоным выкананні слухачы запомнілі такія хіты, як "Александрына", "Алеся", "Бярозавы сок", "Белавежская пушча", "Вераніка", "Купалінка" і многія іншыя.

З 1971 года пачаліся першыя замежныя паездкі ансамбля. "Песняры" выступілі на Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце (Польшча), у 1973 году ансамбль перамог на Усесаюзным конкурсе савецкай песні, які праходзіў у Менску. А ў 1976 годзе з вялікім поспехам прайшлі гастролі "Песняроў" у ЗША. Менавіта "Песняры" былі першым у СССР вакальна-інструментальным ансамблем, які гастраляваў у ЗША. Яны сталі першымі ўладальнікамі "Залатога дыска" СССР.

У 1980 годзе Барткевіч паступіў у Расейскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС) на курс легендарнага эстраднага рэжысёра, прафесара Ёакіма Шароева. У тым жа годзе праз немагчымасць сумяшчаць гастролі і вучобу Леанід пакінуў ансамбль "Песняры".

З 1983 года з'яўляўся салістам Беларускай тэлевізіі і радыё. У 1989 годзе з жонкай, алімпійскай чэмпіёнкай у спартыўнай гімнастыцы, Вольгай Корбут і сынам Рычардам пераехаў у ЗША, дзе пражыў амаль дзесяць гадоў.

Пасля вяртання ў Беларусь Леанід працаваў у ансамблі "Песняры" да самай смерці Уладзіміра Мулявіна. У 2003 годзе Барткевіч з некалькімі ўдзельнікамі ансамбля "Песняры" стварыў свой калектыў з такой жа назвай, які праіснаваў да 2008 года.

У 2009 годзе музыкі Анатоль Кашапараў, Алег Молчан і Леанід Барткевіч аб'ядналіся ў ансамбль "Песняры", кіраўніком якога стаў Барткевіч.

Леанід Барткевіч з'яўляецца заслужаным артыстам Беларусі (1979), лаўрэатам I прэміі Усесаюзнага конкурсу савецкай песні (1973), а таксама лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Артыст выпусціў аўтабіяграфічную кнігу "Песняры" і "Вольга", у якой падзяліўся з чытачамі сваім творчым і асабістым жыццём, распавёў пра ўнікальнасць ансамбля "Песняры". Асобны раздзел прысвяціў свайму сябру і настаўніку Уладзіміру Мулявіну. На аснове дыпломнага праекта Барткевіча быў пабудаваны менскі кінатэатр "Кастрычнік".

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках