11 траўня 2024, Субота, 6:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горадні ад аўтарынка засталася толькі шыльда

1
У Горадні ад аўтарынка засталася толькі шыльда
ФОТА: VGR.BY

Гарадзенцы ўспамінаюць часы, калі кожны тыдзень з замежжа прыганялі свежыя аўто.

У пачатку вясны журналіст «Вечернего Гродно» Яўген Лебедзь пабываў на Паўднёвым рынку Горадні, каб высветліць, што прапануюць ахвочым набыць аўтамабіль.

Адзін знаёмы рыбак, калі распавядае пра мноства аматараў палавіць на Нёмане, прыводзіць параўнанне, маўляў, машын на беразе - як на аўтарынку. Цяпер такая метафара недарэчная: у нядзельны дзень на Паўднёвым не налічылі нават двух дзясяткаў аўтамабіляў. Пляцоўка для продажу зусім пагражае ператварыцца ў самае нервовае месца на зямлі: раздражнёныя «перакупы», неспакойныя прадаўцы і нешматлікія кліенты, якія падыходзяць да машын, круцяць носам і ідуць далей.

ФОТА: VGR.BY

Каля «Сітраен» стаяць мужчыны, на першы погляд прадаўцы. Прадстаўляюся і пытаюся, як поспехі на аўтарынку.

- А дзе ты аўтарынак ўбачыў? - са злосцю ў голасе адказвае адзін з іх. - Няма тут даўно аўтарынка, тут сабраліся лайдакі, якім няма чаго рабіць, і вырашылі свае машыны прадаць!

Мужчыны кажуць, што машын няма наогул... З-за мяжы даўно нічога не прыгнаць, з Расеі таксама, яшчэ і каранавірус паўплываў. Атрымліваецца, што на рынак выстаўляюць, што ёсць у Беларусі, свежых аўто з Еўропы амаль няма. Гарадзенцы ўспамінаюць часы, калі кожны тыдзень з замежжа прыганялі «свежыя», а на Скідзельскай шашы і ў ДАІ было не праціснуцца.

- У каго ёсць грошы, купляюць у салонах, у каго няма - ідуць у аўтакамісіёнкі - зараз яны уладары... - распавядае негаваркі мужчына, дадае, што шукае аўто для сябе, і з поглядам «перакупа» аглядае з ног да галавы. - Толькі не фатаграфуйце мяне!

ФОТА: VGR.BY

Абысці ўвесь аўтарынак можна за пяць хвілін. «Немцы», «французы», «японцы» і некалькі «італьянцаў» - вось небагаты выбар. «Фольксваген-Пасат» 1996 гады на бензіне і газе каштуе 1980 даляраў, «Сітраен-Ксара» 2002 году - 3 тысячы, бензінавы «Гольф» 1998 года - 2450 даляраў.

Хлопец з маленькім сынам падышоў да «Ксара». Сеў у машыну, завёў, пасядзеў пару хвілін і выйшаў.

ФОТА: VGR.BY

- Не падабаецца, як працуе рухавік, - падзяліўся ўражаннямі. - Даўно шукаю сабе машыну коштам да пяці тысяч даляраў. Абышоў усе аўтакамісіёнкі - паглядзеў аўто дваццаць, зноў на рынак прыехаў, але нічога не спадабалася. Тут хоць прадаўцы машыны рыхтуюць. Нядаўна прыехаў па аб'яве, а там увесь салон захламлены, у жуках. У крэдыт не хачу новую, буду шукаць.

ФОТА: VGR.BY

Ідзём далей і натыкаемся на самы дарагі лот дня. Красовер «Рэно-Кад’яр» 2016 года каштуе крыху больш за 16 тысяч даляраў. За «Пежо-206» 2007 года выпуску просяць амаль 2700 даляраў. Бензінавая «Таёта» 1999 года прадаецца за 2500, дызельны «Опель-Зафіра» 2002 года - 4350, бензінавы «Рэно-Меган» 1999 году - 2270, «Нісан-Мікра» 2007 году - 3900 даляраў. Бензінавы «Сітраен С4» 2011 года каштуе 6150 даляраў, дызельны «Фольксваген-Пасат» 1998 года абыдзецца ў 4100.

ФОТА: VGR.BY

Ёсць на Паўднёвай пляцоўцы канфіскаваныя аўтамабілі, якія рэалізуюць праз электронныя таргі. Тут знойдзеш «ката ў мяшку» за тысячу рублёў. Але ў якім стане машына, вызначыць цяжка. Напрыклад, пачатковы кошт «Аўдзі 100» 1988 года выпуску з прабегам амаль 300 тысяч кіламетраў пачынаецца ад 1890 рублёў. Без аўкцыёну можна на запчасткі купіць «Опель-Вектру» усяго за 712 рублёў.

ФОТА: VGR.BY

Па пляцоўцы канфіскату мінакі цікавяцца, але толькі некаторыя рукой снег з лабавога шкла скідалі, каб паглядзець, колькі каштуе аўто.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках