26 красавiка 2024, Пятніца, 20:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Песня беларускага гурта, пад якую танцаваў Бенедыкт Камбербэтч, з'явілася на роднай мове

4
Песня беларускага гурта, пад якую танцаваў Бенедыкт Камбербэтч, з'явілася на роднай мове

Відэафакт.

Электронны гурт Intelligency і хлопцы з шоў «СамШазам» выканалі песню August на беларускай мове ў незвычайнай аранжыроўцы. Паслухайце яе перад вялікім канцэртам папулярных электроншчыкаў у сталічным Prime Hall, які пройдзе ўжо 26 сакавіка, піша tut.by.

August - галоўны хіт беларускага гурта Intelligency. Год таму трэк стаў звышпапулярным, дзякуючы дадатку TikTok, пад гэтую кампазіцыю танцавалі Джымі Фелан і Бенедыкт Камбербэтч. Паслухаць яго можна на расейскай і ангельскай мовах, а цяпер у кампазіцыі з'явіўся беларускамоўны варыянт. Фронтмэн гурта Усевалад Доўбня дзеліцца:

- Мы наважыліся зрабіць для беларусаў версію на «мове» менавіта ў такім варыянце жартаўлівага жывога балаганчыка, бо наперадзе ў нас вясна, затым посткавідны час, і мы нікуды не падзенемся, нам трэба прадаўжаць жыць і развівацца, жыць для немінучай мэты.

Пераклад песні August зрабіў паэт Мікіта Найдзёнаў. Яго аўтарству таксама належыць тэкст песні «Давідна» гурта VAL, якая перамагла год таму на адборы на «Еўравізію», беларускі трэк «Мара» калектыву IOWA, тэкст да песні «Неверагоднасць» Змітра Вайцюшкевіча. Мікіта ўдакладняе:

— Для мяне гэта такая творчая звышзадача — каб беларускія артысты гучалі па-беларуску. А яшчэ гэта спроба рабіць нашу поп-музыку паэтычнай ці для пачатку хаця б не шаблоннай.

Intelligency - беларускі гурт, які выконвае электронную музыку. Свой альбом Renovatio, які выйшаў у снежні 2019 года, куды трапіў August, яны самі ахарактарызавалі як «беларускі вулічны тэхнаблюз». Усяго ў калектыве чатыры ўдзельнікі: Усевалад Доўбня (вакал, гітара), Юры Тарасевіч (драм-машына, перкусія, клавішы), Яўген Мурашка (гітара, бэк-вакал) і Міхаіл Станевіч (бас-гітара, клавішы). Год таму гурт падпісаў кантракт з сусветным гігантам Warner Music Group, а яшчэ Intelligency паспелі пабываць у гасцях на «Вечаровым Урганце» і на шоў Comedy Сlub.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках