26 красавiка 2024, Пятніца, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Толькі наша поўная перамога вызваліць і Паліну, і ўсіх палітвязняў

2
Андрэй Шарэнда: Толькі наша поўная перамога вызваліць і Паліну, і ўсіх палітвязняў
АНДРЭЙ ШАРЭНДА

Справа супраць актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» – спланаваная правакацыя.

Пра гэта сайту Charter97.org расказаў муж актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда. Нагадаем, сёння стала вядома, што маці дваіх дзяцей прымусова накіравалі на псіхіятрычную экспертызу:

– Паліна абвінавачваецца паводле артыкула 364 – гэта гвалт або пагроза гвалту супрацоўніку міліцыі. Як казаў адвакат, у справе фігуруюць такія словы, што нібыта падчас ператрусу яна спрабавала сарваць медыцынскую маску супрацоўніку міліцыі. Менавіта спрабавала! Гэтым, як гаворыцца ў справе, яна выклікала псіхалагічную траўму ў супрацоўніка МУС.

Справа супраць Паліны і нашай сям'і – спланаваная правакацыя. Падчас ператрусу проста былі выбітыя дзверы. Гэта рэаліі Беларусі, і не трэба нічога рабіць, каб сядзець у турме. Можна быць арыштаваным проста за свае погляды.

З самага пачатку, калі Паліна была зняволеная ў СІЗА ў Берасці, на яе пачалі псіхалагічна ціснуць. У першую чаргу – поўная адсутнасць лістоў ад яе. Мне амаль за два месяцы, як яна сядзіць у СІЗА, дайшоў адзін караценькі ліст, дзе яна папрасіла спіс рэчаў, якія трэба перадаць. Наколькі я ведаю ад адваката, яна напісала мне мінімум 10 лістоў і ні адзін з іх не дайшоў. Ад мяне прыкладна тое самае: толькі некалькі лістоў. Я, напэўна, дзясяткі два лістоў напісаў. Яе загналі ў вакуум і ціснулі адсутнасцю інфармацыі ад мяне, сям'і.

Адразу ж яе змясцілі ў камеру, дзе яна сядзела з дзвюма ВІЧ-інфекаванымі дзяўчатамі, якія абвінавачваліся ў распаўсюдзе наркотыкаў, то-бок гэта таксама псіхалагічны ціск.

Паліна адразу ж сказала, што яна не прызнае следчыя дзеянні, якія супраць яе ідуць. Сябе вінаватай не прызнае і цалкам адмовілася ад якіх-небудзь следчых дзеянняў і прызнанняў. Таму яны і пачалі псіхалагічна ціснуць.

– Як вы пракаментавалі б новыя спробы ўладаў націснуць на вашу жонку?

– Я літаральна ўчора выйшаў з ІЧУ, адразу пайшоў перадаць перадачу. Праз адваката я даведаўся, што ўжо практычна адбылося этапаванне ў менскі цэнтр «Навінкі» для псіхалагічнага абследавання. Улада дзейнічае такімі ж прынцыпамі, як дзейнічалі фашысты і камуністы ў свой час. Менавіта псіхалагічны ціск.

Наколькі вядома, яны хацелі ў Берасці гэтую працэдуру правесці, але там адмовіліся. І для гэтага ўжо выкарыстоўваюць правераны варыянт, у правераную ўстанову паслалі. Я ведаю, што некаторыя актывісты ўжо праходзілі там абследаванне. Па-першае, гэта доўгі этап, псіхалагічных стрэс, які можа доўжыцца суткамі.

Сама ўстанова, наколькі я ведаю, гэта вельмі цёмны, стары будынак, які сам сабой цісне на псіхіку. Ёсць пагроза, што супраць яе будуць далей прадаўжацца нейкія дзеянні.

– Вы сказалі, што амаль не атрымлівалі лісты ад Паліны, але вы атрымлівалі нейкія паведамленні праз адваката. Як яна трымаецца?

– Да яе рэгулярна ходзіць адвакат, гэта адзіная магчымасць сувязі з ёй. Паводле словаў адваката, Паліна трымаецца добра, перадае ўсім прывітанні, яна адчувае падтрымку, да яе прыходзіць да 10 лістоў у дзень. Яна спрабуе адказаць на ўсе, але цэнзура прапускае, мабыць, адзінкі.

Паліна трымаецца, адзінае пра што яна просіць: «Перадайце, што трэба браць тапкі і дабіваць гэтага таракана». Паліна не спыняецца і ідзе далей. Толькі наша поўная перамога вызваліць і Паліну, і тысячы палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі, пад хатнім арыштам, на «хіміі». Толькі поўная перамога вызваліць гэтых людзей.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках