26 красавiка 2024, Пятніца, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы здолеем

28
Мы здолеем
Наталля Радзіна

Сістэма ўжо бурыцца.

У Беларусі сёння ідуць палітычныя працэсы, напэўна, мала адрозныя ад сталінскіх, часта няма нават падабенства законнасці. Відавочна, што сістэма пачала руйнавацца і сутаргава спрабуе заткнуць рот кожнаму і запхнуць у турму ўсякага, не ўсведамляючы нават, што ўсялякаму сваволлю прыходзіць канец і за ўсё давядзецца адказаць.

У гэтыя дні судзяць і Віктара Бабарыку - кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, які адыграў вялікую ролю ў рэвалюцыйным уздыме беларусаў у 2020 годзе. Не магу сказаць, што гэтай мой кандыдат, аднак уважаю за патрэбнае менавіта цяпер выказаць захапленне мужнасцю гэтага чалавека. Так, вядома, можна было і на некалькі дзесяцігоддзяў раней зразумець, хто такі Лукашэнка, але тое, што Віктар Бабарыка кінуў выклік тырану і заявіў пра намер ісці ў прэзідэнты - безумоўна, смелы і варты павагі ўчынак.

Я некалькі разоў размаўляла са спадаром Віктарам напярэдадні арышту. У чымсьці, на мой погляд, ён быў наіўны, у нечым залішне асцярожны, але мне падалося, што ён думаў пра людзей і шчыра хацеў перамен.

Суд над Віктарам Бабарыкам - адназначна палітычны, і няма сэнсу занурацца у дэталі фальшывага абвінавачвання. Менавіта з гэтай прычыны працэс закрыты, і ў залу пасяджэнняў не пускаюць журналістаў і людзей, якія жадаюць падтрымаць яго.

Але трагічнасць гэтай сітуацыі не толькі ў чарговай расправе над кандыдатам у прэзідэнты. Беларусаў зноў спрабуюць пазбавіць лідара, перспектыўнага палітыка, які можа ўзначаліць краіну і прывесці яе да нармальнага жыцця. Гэта ўсё ўжо было: так забілі ў 1999 годзе Генадзя Карпенку, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку, так распраўляліся ў 2006 годзе з Аляксандрам Казуліным і ў 2010 годзе з Андрэем Саннікавым і Мікалаем Статкевічам. У 2020 годзе за кратамі апынуліся амаль усе лідэры.

Людзі рызыкнулі ўсім сваім жыццём, дабрабытам сваіх жонак і дзяцей, а ці ўсё мы зрабілі для іх?

А паміж намі ж ёсць сувязь значна больш моцная, чым здаецца на першы погляд. Здавалася б, я або вы - не Мікалай Статкевіч, не Павел Севярынец, не Яўген Афнагель, не Сяргей Ціханоўскі, не Ігар Аліневіч, не Мікалай Аўтуховіч і не Віктар Бабарыка. Але наша жыццё нябачнай ніткай злучаная з іхным жыццём. Іхны лёс - будучыня нашай краіны.

Таму цяпер так важна не паўтараць памылкі і няцвёрдасць мінуўшчыны, а дамагацца вызвалення Віктара Бабарыкі ды іншых лідараў з турмаў. Выратуем іх - выратуем сябе.

Што для гэтага трэба? Пратэсты ў іх абарону ўнутры краіны і за мяжой. Няма іншага рэцэпту, акрамя ціску на нахабную ўладу.

Я звяртаюся да беларускай дыяспары. Вынік выпраў і сустрэч з заходнімі палітыкамі Ціханоўскай, НАК і КР - занадта малы, уведзеныя персанальныя санкцыі - нікчэмныя. Значыць, патрэбныя высілкі ўсіх беларусаў за мяжой. Пікетуйце МЗС і парламенты сваіх краін, патрабуйце ўвядзення жорсткіх эканамічных і фінансавых санкцый супраць фашыстоўскага рэжыму Лукашэнкі, выгнання паслоў дыктатара з дэмакратычных дзяржаў і неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і асуджаных за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі.

Сістэма ўжо бурыцца, уцякаюць на Захад былыя чыноўнікі, якія служылі дзесяцігоддзямі верай і праўдай, сыходзяць у адстаўку праваахоўнікі. Калі праўда, што расфармаваная чацвёртая ўправа КДБ (аналаг пятай управы КДБ СССР) - значыць, супраць Лукашэнкі ўжо пайшла частка спецыяльных службаў.

Дыктатар, як паказала ягоная калгасная, стылізаваная пад з'езд КПСС зборня, канчаткова страціў сувязь з рэчаіснасцю. Дастаткова будзе сур'ёзных санкцый або якога-небудзь вялікага выбуху незадаволенасці ў сталіцы - страйку або масавай акцыі пратэсту - каб рэжым ляснуў.

Галоўнае - верыць у сябе. Дыктатура немінуча абрынецца.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках