26 красавiка 2024, Пятніца, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фрыдман: Новая палітыка Нямеччыны Лукашэнку не абяцае нічога добрага

2
Аляксандр Фрыдман: Новая палітыка Нямеччыны Лукашэнку не абяцае нічога добрага

Кіраўніца МЗС ва ўрадзе Шольца — прыхільніца жорсткіх захадаў.

Новы канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, а таксама новы ўрад, сфармаваны з прадстаўнікоў трох партый-сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ), ліберальнай Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) і партыі «Саюз-90»/«Зялёныя», прынялі прысягу.

Як зменіцца курс ключавой у Еўразвязе краіны? Ці чакаць ад Берліна ўзмацнення жорсткасці курсу ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў гісторык, доктар філасофіі, выпускнік Белдзяржуніверсітэта і выкладчык універсітэта імя Генрыха Гейнэ ( Дзюсельдорф) і Саарланскага ўніверсітэта (Саарбрукен) Аляксандр Фрыдман.

— Якія галоўныя адрозненні ад урада Мэркель вы бачыце ва ўрадзе Шольца?

- Па-першае, важнае адрозненне ў складзе ўрада. Урад Мэркель складаўся з дзвюх партый, цяпер жа іх тры. Прычым дзве партыі («Зялёныя» і «лібералы») прыходзяць з апазіцыі.

Кааліцыя пазіцыянуе сябе як сучасны ўрад, там зусім прапарцыйны склад мужчын і жанчын. Яны пазіцыянуюць сябе як урад мадэрнізацыі, хочуць развязваць і адказваць на выклікі, якія цяпер ёсць. Прычым як унутрыпалітычныя, так і замежнапалітычныя. Яны не называюць ўрад Мэркель дрэнным, але абазначаюць, што намеціўся свайго кшталту застой. Асабліва лібералы і «зялёныя» пра гэта шмат кажуць. Гэтыя партыі мяркуюць, што гэты застой трэба пераадольваць і дынамічна рухацца наперад.

- Наколькі моцна міграцыйны крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі на межах ЕЗ, паўплываў на палітычную сітуацыю ў Нямеччыне?

- Цікавы момант у тым, што крызіс пачаўся да выбараў. Падчас перадвыбарнай кампаніі гэтай тэме сур'ёзнай увагі не надавалася. У Нямеччыне мігранты знаходзіліся, але іх было не так шмат і сур'ёзнага абмеркавання не было. У канцы верасня гэтая тэма з'явілася, але асаблівай увагі ёй не надавалася, бо тры ключавыя партыі, якія змагаліся за ўладу (сацыял-дэмакраты, хрысціянскія дэмакраты і «зялёныя») пазбягалі яе, таму што гэтае пытанне вядзе да палярызацыі нямецкага грамадства.

«Зялёныя» - гэта партыя, якая выступае за прыём мігрантаў і наданне прытулку. Сацыял-дэмакраты таксама ў прынцыпе за прыём людзей, глядзяць на гэта вельмі спакойна. У хрысціянскіх дэмакратаў больш стрыманая палітыка, але агулам гэта тыя партыі, якія да міграцыі ставяцца станоўча. Калі ўзяць насельніцтва Нямеччыны, то там ёсць розныя зусім погляды.

Ёсць людзі, якія вельмі станоўча ўспрымаюць міграцыю і наданне прытулку, ёсць і скептыкі, і крытыкі. Таму гэта не тая тэма, якую хацелася падымаць.

Потым пачалося фармаванне кааліцыйнага ўрада, а ў гэты час міграцыйны крызіс разгараўся. Тады палітыкі вымушаныя былі рэагаваць і пытанне было непрыемнае. Таму што людзі, якія знаходзяцца на мяжы ЕЗ, хочуць менавіта ў Нямеччыну.

Адпаведна Нямеччына і павінна рэагаваць. І вось пытанне: Берлін гэтых людзей прымае ці не прымае? Калі не прымае, то як жа з гуманітарнымі каштоўнасцямі, з правам на прытулак. Калі прымае, то гэта свайго кшталту ўдар па дачыненнях з Польшчай з аднаго боку і патаканне шантажу афіцыйнага Менска, а з другога — калі сёння прымеш 2 тысячы мігрантаў, то заўтра давядзецца прымаць 20-30 тысяч. Таму да тэмы прыёму яны дагэтуль спрабуюць вельмі акуратна падыходзіць, спадзеючыся, што людзі ў большасці сваёй усё ж вернуцца на радзіму.

— Канцлер Олаф Шольц некалькі раз вельмі жорстка выказваўся пра Лукашэнку і ягоны рэжым. Ці варта чакаць, што пазіцыя захаваецца? Бо адна справа - перадвыбарчыя лозунгі, іншая - рэальныя дзеянні на пасадзе кіраўніка ўрада.

- Крытыкаваць ён будзе і будзе падтрымліваць захады супраць Лукашэнкі. Ён выказваўся і пра неабходнасць санкцый, і сустракаўся з Ціханоўскай. Таму гэтая падтрымка адназначна будзе. Іншае пытанне, больш цікавае, у дачыненні да Шольца не ў тым, што ён неяк зменіць сваё стаўленне да Лукашэнкі. Стаўленне да беларускага дыктатара стабільна дрэннае і Шольц зусім не саромеецца ў выразах. Ён выказваецца нават больш жорстка, чым Мэркель.

Пытанне хутчэй у тым, як ён збіраецца займацца беларускім пытаннем, наколькі Масква павінна быць уцягнутая ў гэта. Таму што пазіцыя Мэркель палягала ў тым, што ўсе беларускія пытанні мы спрабуем развязваць з Масквой. І нават калі яна патэлефанавала Лукашэнку, яна патэлефанавала ад безвыходнасці, бо развязваць гэтую праблему хацела з Масквой. Падчас размоў з Пуціным ёй, напэўна, далі зразумець, што без размовы з Лукашэнкам там наогул нічога не зрушыцца. Таму яна ў выніку наважыла зрабіць гэтыя званкі, якія былі ёй зусім непрыемныя і выклікалі таксама неадназначную рэакцыю.

Што тычыцца Шольца — гэта пытанне адкрытае. Ці будзе ён спрабаваць размаўляць на беларускую тэму з Масквой ці ж маскоўскі фактар будзе гуляць меншую ролю. Непасрэдна Шольц абыходзіць вострыя куты.

Напрыклад, цяпер адно з такіх пытанняў — гэта праект «Паўночнага струменю - 2». Ён на гэтую тэму цяпер спрабуе не выказвацца, абыходзіць бокам. Калі ўзяць тэму Украіны, напрыклад, Шольц выказвае падтрымку Кіеву, але непасрэдна на абвастрэнне сам канцлер не ідзе.

Аднак мы маем справу з кааліцыйным урадам. І ў гэтым плане партыя «зялёных» хоча ўзяць пад кантроль замежную палітыку краіны. Яны кажуць адкрыта, што гэта наша вобласць, мы будзем займацца замежнай палітыкай. А вось курс «зялёных» прынцыпова адрозніваецца ва ўсім ад курсу Мэркель, таму што яны думаюць, што фактар Масквы перабольшаны. Таму развязваць гэтыя пытанні з Расеяй ці цалкам спадзявацца на Крэмль - гэта няправільны шлях. Яны прыхільнікі жорсткіх захадаў.

Калі казаць пра міністра замежных спраў Бербак, то яна сфармулявала сваю палітыку стасункаў з дыктатарскім рэжымамі і яна складаецца з двух пунктаў. Першы пункт - мы гатовыя да прынцыповага дыялогу. То бок, дыялог магчымы, але калі будзе аб чым гаварыць. Пытанне, аб чым гаварыць з Лукашэнкам, яшчэ адкрытае.

А другі пункт - гэта жлрсткасць. Мы павінны паводзіць сябе жорстка, з пункту гледжання Бербак, а таксама бараніць свае каштоўнасці.

На яе думку не павінна быць «Паўночнага струменю – 2», на яе думку Нямеччына можа байкатаваць Алімпійскія Гульні ў Кітаі, а ў пытаннях з Лукашэнкам неабходна праяўляць жорсткасць.

Пытанне замежнай палітыкі будзе яшчэ прапрацоўвацца. Магчыма, будуць нейкія ўнутраныя канфлікты, але Бербак настроена вельмі рашуча, яна хоча сама праводзіць замежную палітыку і не думаю, што яна пацерпіць адкрытае ўмяшанне з боку Шольца (калі такое наогул будзе). Прынамсі, стварае ўражанне, што будучыня замежнай палітыкі Нямеччыны будзе грунтавацца на дэмакратычных каштоўнасцях. Ну і калі гэта будзе сапраўды так, то гэта Лукашэнку, Пуціну і Сі Цзіньпіну нічога добрага не абяцае.

Яшчэ адзначу, што ў беларускіх публікацыях бачыў фіксацыю на постаці Шольца. Яна ўяўляецца мне залішняй. З той простай прычыны, што Шольц (як і ўся ягоная палітычная кар'ера) кажа пра тое, што гэта чалавек, арыентаваны перш за ўсё на ўнутрыпалітычную позву.

Мэркель была канцлеркай з замежнапалітычнымі мэтамі, поглядамі і гэтак далей. Шольц у гэтым плане значна больш заменчаны на ўнутраную палітыку, замежная палітыка яго ніколі асабліва не цікавіла. У іх цяпер падчас кааліцыйных перамоваў «зялёныя» былі фактычна адзінай партыяй, якая хацела ўзначаліць міністэрства замежных спраў. Замежнапалітычных амбіцый у Шольца сур'ёзных няма (прынамсі, ён іх не дэманструе). Таму ў «зялёных» ёсць гістарычны шанец цалкам узяць на сябе замежную палітыку Нямеччыны і перафарматаваць яе.

Фактар фіксацыі на асобе Шольца мне здаецца залішнім, але ніякім прыхільнікам Лукашэнкі ён не з'яўляецца і з'яўляцца не можа. Проста Шольц вельмі спакойны чалавек. У яго наогул мала эмоцый. Ён кажа пра Лукашэнку спакойна манатонна, але рэзка.

Вось калі ўзяць «зялёных» і тую ж міністра замежных спраў Бербак, то там значна больш эмоцый, там больш экспрэсіі. І я думаю, што калі калі-небудзь адбудзецца размова паміж ёй і Лукашэнкам, то дыктатару будзе, мякка кажучы, не вельмі прыемна. Ён многае аб сабе пачуе.

- Яшчэ адзін паказальны момант - расследаванне, праведзенае праваабарончай арганізацыяй Libereco. Як выявілася, некаторыя нямецкія кампаніі купляюць рэкламу на беларускіх дзяржканалах. Henkel заявіў, што спыняе супрацоўніцтва. Наколькі сёння ў Нямеччыне такое супрацоўніцтва з беларускім рэжымам з'яўляецца таксічным?

- Яно з'яўляецца надзвычай таксічным. У гэтага дакладу ёсць адна асаблівасць, на якую, як я думаю, само Libereco не разлічвала. Справа ў тым, што калі быў апублікаваны даклад, ён па часе быў апублікаваны вельмі зручна. Акурат у той момант, калі міграцыйны крызіс яшчэ ёсць і калі рэжым Лукашэнкі паказаў увесь свой твар, а сутнасць гэтага рэжыму дайшла да яшчэ большай колькасці еўрапейцаў.

Тое, што ў гэты момант буйныя заходнія канцэрны размяшчаюць рэкламу на каналах Лукашэнкі, выклікала, мякка кажучы, здзіўленне. Для рэкламадаўцаў, якія ўвайшлі ў дзясятку Libereco, гэта іміджавыя страты.

Прыклад з Henkel вельмі красамоўны. Яны не проста адмовіліся купляць новую рэкламу. Ім вельмі важна было зрабіць дадатковую заяву, што яны адмовіліся ад куплі рэкламных паведамленняў не цяпер, не пад уплывам дакладу Libereco, а яшчэ летам, да міграцыйнага крызісу. Яны вельмі не хочуць, каб хтосьці падумаў, што яны з гэтым рэжымам былі звязаныя ў перыяд міграцыйнага крызісу.

Думаю, што і іншыя фірмы, якія там прадстаўленыя, рушаць услед прыкладу Henkel. Аднак асаблівасць палягае ў тым, што калі быў апублікаваны даклад, многія задалі сабе пытанне: што з сябе ўяўляе сённяшняя беларуская прапаганда. І, напрыклад, звярнулі ўвагу на выхадкі таго ж Азаронка, Гігіна і ўсіх астатніх.

Зразумела, гэтую прапаганду мала хто ў Беларусі сур'ёзна ўспрымае, яшчэ менш сочаць за гэтым за мяжой. Але калі, напрыклад, стала зразумела, што рэклама ідзе на канале СТВ, дзе адбываюцца перадачы Азаронка, які заклікаў нядаўна Урсулу фон дэр Ляен згвалтаваць і іншыя рэчы, узнікае пытанне: што наогул з вамі адбываецца, калі вы размяшчае там рэкламу. Тым самым вы фінансуеце такія выхадкі.

Або Гігіна, які параўнаў фон дэр Ляен з Гімлерам у эфіры «Беларусь 1». Задаюцца пытанні, і цяпер нямецкія журналісты звярнулі ўвагу на гэтую прапаганду. Аб гэтым будуць пісаць, я думаю, больш актыўна.

І гэтай прапагандзе ўсё гэта не абяцае, ізноў жа, нічога добрага. Бо калі заходняя публіка даведаецца, што паказваюць беларускія каналы і што там кажуць, шмат хто, я думаю, сапраўды жахнуцца. Так што заходняй рэкламы, думаю, стане менш.

Якія з гэтага будуць наступствы? Я думаю прапагандысцкія праграмы не спыняцца. Яны ж галоўным чынам робяцца для аднаго чалавека, для аднаго адзінага гледача. Але паколькі даходаў ад рэкламы будзе менш - гэта адаб'ецца на якасці астатніх праграм. У выніку будзе менш серыялаў, менш фільмаў, менш спартовых трансляцый. Так што з боку Liberco гэта вельмі ўдалы тактычны крок - апублікаваць гэты даклад менавіта цяпер. Пра гэта пішуць, пра гэта шмат гавораць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках