20 студзеня 2022, Чацвер, 14:09
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мігранты ў Берасці: Прыязджаюць з мяжы, каб «адляжацца»

14
Мігранты ў Берасці: Прыязджаюць з мяжы, каб «адляжацца»

Горад апанавалі нелегалы з Блізкага Усходу.

У рэпартажах пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы цяпер звычайна згадваецца транспартна-лагістычны цэнтр каля пункта пропуску "Брузгі" ля Гародні, дзе размясцілі выхадцаў з Ірака і іншых краінаў, якія хочуць трапіць у ЕЗ. Аднак усё больш мігрантаў назіраецца цяпер у іншым буйным горадзе на беларуска-польскай мяжы – Берасці, паведамляе dw.com.

Мігранты "прыязджаюць з мяжы, каб адляжацца"

Мясцовыя жыхары кажуць, што невялікія групы мігрантаў заўважалі ў Берасці яшчэ ў пачатку восені, аднак па-сапраўднаму сур'ёзны наплыў адбываецца з сярэдзіны лістапада.

Як расказвае кіроўца таксі Андрэй, у большасці выпадкаў мігранты прыязджаюць у Берасце не з Менска, а з беларуска-польскай мяжы – пасля беспаспяховых спробаў перасячы яе нелегальна. "Калі падвозіў некаторых замежнікаў з Ірака, яны казалі, што правялі на мяжы некалькі тыдняў, але патрапіць у Польшчу так і не атрымалася, а ў лесе вельмі холадна. Цяпер хочуць адляжацца ў Берасці і зноў скіравацца на мяжу", – адзначае Андрэй.

Ягоны калега ў бізнэсе, які назваўся Віктарам, таксама пацвярджае факт, што мігранты пакуль не маюць намеру вяртацца ў беларускую сталіцу, адкуль арганізаваныя эвакуацыйныя рэйсы ў Ірак. "Я рабіў на мяжу ў Камянецкі раён ужо чатыры рэйсы, – прызнаецца Віктар. – Усе, хто былі маімі пасажырамі, ехаць у Менск не хочуць: пасля прылёту туды яны адразу выправіліся ў памежжа, дзе разбілі стыхійны лагер і спрабуюць прарвацца ў Польшчу. Калі не атрымліваецца, наездамі наведваюць Берасце, каб прывесці сябе крыху ў парадак".

Праз мігрантаў у Берасці даражэе здымнае жыллё

І кіроўцы таксі, і людзі, якія здаюць кватэры для начлегу, кажуць, што цяпер у Берасці могуць знаходзіцца некалькі сотняў мігрантаў. Большасць з іх імкнуцца ў ажыўленых месцах не з'яўляцца, каб не звяртаць на сябе ўвагу. Але ёсць і тыя, хто засяляецца ў гатэлі легальна.

"Мы абслугоўваем мігрантаў, але для гэтага яны павінны мець пашпарты і дзейныя беларускія візы", – растлумачыла Людміла, адміністратарка аднаго з Берасцейскіх гатэляў. Паводле ейных словаў, апошнім часам сярод пастаяльцаў гатэля грамадзянаў Ірака шмат і засяляюцца яны вялікімі сем'ямі на два-тры дні.

"Кошты двухмесных нумароў ад 70 да 85 беларускіх рублёў за дзень (25–30 еўраў) замежнікаў не адпужваюць, а мы ідзем насустрач, калі ў такі нумар бяруць некалькі дзяцей", – адзначае Людміла.

Аднак значна часцей мігранты робяць спробы засяліцца ў арандаваныя кватэры. Берасцейскі таксіст Віктар расказвае, што ён і ягоныя калегі цяпер актыўна кантактуюць з уладальнікамі такіх кватэраў. "Мігрантам такі варыянт падабаецца больш, таму што ў аднапакаёвай кватэры могуць змясціцца на ноч і 10, і 12 чалавек", – кажа Віктар. Ён жа дадае, што праз наплыў замежнікаў арандатары рэзка паднялі кошты жылля. Калі яшчэ нядаўна зняць самую простую кватэру ў Берасці можна было за 50 даляраў на дзень, то цяпер гандаль пачынаецца з адзнакі 100 даляраў.

"Можа, яшчэ не ўсведамляюць, што іх падманулі"

Пра якія-небудзь канфлікты ў Берасці ў сувязі са з'яўленнем у горадзе нараджэнцаў арабскіх краінаў пакуль нічога не вядома, і ў цэлым мясцовыя жыхары спакойна ставяцца да цяперашняй сітуацыі.

"Вядома, ведаем, што адбываецца: часам сустракаем мігрантаў на вуліцах або ў крамах. Шкада бывае, калі бачыш, што дзеці апранутыя не на сезон. Здаецца, хочацца дапамагчы, але потым усведамляеш, што такі выбар зрабілі іхнія бацькі", – дзеліцца ўражаннямі. берасцейка Наталля.

Яна ж расказвае, што размаўляць з мігрантамі цяжка, бо мала хто з іх ведае хоць бы ангельскую мову. Таму кароткую размову атрымліваецца весці толькі з дапамогай анлайн-перакладніка, а з фразаў мігрантаў можна толькі даведацца, як яны пакутуюць на мяжы ад холаду і адсутнасці ежы. "Напэўна, не ўсе з іх яшчэ ўсведамляюць – а можа робяць выгляд, што не разумеюць – што былі жорстка ашуканыя, калі надумалі прыляцець у Беларусь у надзеі на беспраблемнае перасячэнне мяжы з Еўразвязам", – мяркуе Наталля.

Што агульнага паміж мігрантамі з Чачні і Ірака?

Некалькі гадоў таму жыхары Берасця ўжо адчулі на сабе, што такое плынь мігрантаў, калі ў горадзе было шмат нараджэнцаў Чачні. Тады таксама рэзка вырас попыт на здымнае жыллё, а таксісты маглі прыкметна павялічыць кошт сваіх паслуг.

"Я не стаў бы параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з курдамі з той, што была з чачэнцамі. Усё ж тады патрапіць у ЕЗ спрабавалі на цягніку і прасілі прытулку на першай польскай станцыі ў Тэрэспалі", – успамінае кіроўца таксі Віктар.

"Мне таксама не падабалася, калі Берасце апанавалі мігранты з Чачні і цяжка было набыць квіток на цягнік у Польшчу, але яны хоць бы масава не штурмавалі мяжу, каб перасячы яе нелегальна", – кажа берасцейка Наталля.

Яна таксама адзначае, што цяпер у яе знаёмых назбіралася шмат негатыву на адрас беларускіх памежнікаў. "Мае сябры шчыра заяўляюць, што не могуць цяпер спакойна кантактаваць з тымі, хто на гэты момант служыць на мяжы. Бо там адбываюцца абсалютна непрадказальныя рэчы, а нашы памежнікі садзейнічаюць нелегальнай міграцыі", – расказала жыхарка Берасця.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».