8 траўня 2024, Серада, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка наклікаў на сябе чараду «чорных лебедзяў»

8
Лукашэнка наклікаў на сябе чараду «чорных лебедзяў»

Беларусам застаецца толькі дапамагчы гэтым птушкам дабіць гада.

Навошта беларускі рэжым развязаў гібрыдны канфлікт на межах з ЕЗ? Што азначае заклік Пуціна да дыялогу афіцыйнага Менска і апазіцыі? Чаго ўдалося дабіцца страйкоўцам?

На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бандарэнка.

- Гарачая фаза гібрыднага канфлікту, які развязаў рэжым Лукашэнкі на мяжы ЕЗ і Беларусі, працягваецца ўжо два тыдні. Чаго дамагаюцца беларускія ўлады і ці ўдаецца краінам Еўразвязу жорстка адказваць на дзеянні рэжыму?

— Гібрыднай атакай на краіны-суседкі Лукашэнка спрабуе адцягнуць увагу беларусаў ад гаротнага становішча ў эканоміцы краіны, ад падзення ўзроўню жыцця і ад ковіднай катастрофы, якая цяпер назіраецца ў Беларусі. Таму што паведамленні аб трохстах памерлых штодзень гавораць аб тым, што ў Беларусі за месяц памірае блізу дзесяці тысяч чалавек. Цяпер гэтая тэма абмяркоўваецца ўсімі беларусамі, бо з COVID-19 сутыкаюцца многія сем'і. Нават калі ёсць тыя, хто не хварэў і не страчваў блізкіх, яны ведаюць, што іхнія суседзі і сябры з такой бядой сутыкаліся.

Таксама Лукашэнка быў упэўнены, што ён зможа нанесці сваімі дзеяннямі прамую эканамічную шкоду і Літве, і Польшчы, і Латвіі, і агулам Еўрасаюзу. Такім чынам ён хацеў стаць фігурай, роўнай Эрдагану, якому Захад выдаткаваў мільярды даляраў, каб прыняць мігрантаў з Сірыі, дзе ідзе вайна.

Аднак гэтая задума для ўзурпатара цалкам была хібнай, бо і Латвія, і Літва, і асабліва Польшча паказалі, што ў дэмакратычных краінах існуюць прафесійныя ва ўсіх сэнсах сілавыя структуры. Гэтыя краіны змаглі абараніць свае межы. Яны дабіліся падтрымкі ўсяго Еўразвязу і блока NАТО, атрымалі дапамогу ад кіраўнікоў органаў NАТО і ЕЗ. Задума Лукашэнкі ў гэтым плане не ўдалася.

Адзінае, што яму ўдалося - ён змог нагадаць пра сабе як пра крыніцу небяспекі. Пра Лукашэнку неяк ужо пачалі забываць, а цяпер праблема таго, што на мяжы Еўразвязу і NАТО знаходзіцца такі небяспечны рэжым, які з'яўляецца прамой пагрозай рэгіянальнай бяспецы, стала заўважнай усім еўрапейцам. Яны разумеюць цяпер, што праблему Лукашэнкі проста так не заўважаць немагчыма - трэба з гэтым нешта рабіць. Гэта не значыць весці з ім перамовы, цяпер усе дружна гавораць аб санкцыях, аб скаардынаваных дзеяннях. Ужо аналітыкі адзначаюць, што эканамічныя санкцыі павінныя быць накіраваныя не на тое, каб змяніць паводзіны Лукашэнкі, а на тое, каб адхіліць яго ад улады.

- Падзяліліся меркаванні і пра ролю Пуціна ў гэтым канфлікце. Нехта кажа, што канфлікт цалкам спланаваны Крамлём, нехта адзначае, што ён нясе небяспеку і для самога Пуціна. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Думаю, што гэта была ініцыятыва Лукашэнкі. Спачатку Пуцін і расейскія сілавікі надумалі актыўна не ўмешвацца, бо тут сапраўды ёсць магчымасць для іх атрымаць новы досвед гібрыдных аперацый супраць еўрапейскіх краін. Нездарма актывізаваліся палёты расейскіх самалётаў уздоўж мяжы - яны адсочваюць, як рэагуюць сілавыя структуры краін NАТО ў такой сітуацыі.

Але хутка стала зразумела, што ў Лукашэнкі нічога не атрымліваецца, і Расея нясе прамыя эканамічныя страты. Вялізныя чэргі грузавога аўтатранспарту ўтварыліся на мяжы, закрыты пераходы ў Кузніцы. Паколькі Расея вельмі адчувальная да транзіту, то для яе гэта прамыя страты.

Калі яшчэ будуць закрытая чыгунка ў той жа Кузніцы — удар па расейскай эканоміцы будзе яшчэ большы. Таму што большасць грузаў, якія ідуць праз беларуска-польскую мяжу, ідуць далей у Расейскую Федэрацыю.

Для Расеі гэта адзіны калідор сувязі з ЕЗ, бо з Украінай стасункі сапсаваныя. Пуцін, натуральна, паспрабуе ўтаймаваць Лукашэнку, каб ён там не пераходзіў межы. Асабліва на фоне заяў, што Лукашэнка перакрые газаправод, які яму не належыць. Гэта таксама далёка не ў інтарэсах Расейскай Федэрацыі.

- Кіраўнік Крамля нядаўна заклікаў Лукашэнку да дыялогу з апазіцыяй. Што можа азначаць гэтая заява?

- Лукашэнка даўно раздражняе Пуціна, ён непрадказальны васал. Ёсць пацверджаная інфармацыя, што беларускі дыктатар абяцаў кіраўніку Крамля транзіт улады і што ён сыдзе з пасады прэзідэнта, але потым гэту пастанову стаў зацягваць. Цяпер Пуцін нагадаў Лукашэнку аб тым, што дамоўленасці трэба выконваць.

Мы бачым, што новых крэдытаў Лукашэнка не атрымлівае, мы бачым, што вялікай любові паміж кіраўнікамі няма. Цалкам зразумела, што Расея хоча, каб застаўся лукашысцкі рэжым у Беларусі, але без Лукашэнкі і паспрабуе палепшыць свае стасункі з Захадам, прапанаваўшы ролю пасярэдніка ў развязанні беларускага крызісу. Ясна, што на свой манер, але тым не менш я звярнуў бы ўвагу беларускіх сілавікоў на тое, што нават Расея зацікаўленая ў развязанні беларускага крызісу.

Усім беларускім сілавікам трэба задумацца. Бо хто яго ведае, раптам заўтра Бабарыка можа стаць прэм'ер-міністрам або прэзідэнтам Беларусі. Што яны тады будуць рабіць? Таму час вярнуцца да законнасці ў краіне і спыніць усялякія садысцкія дзеянні ў дачыненні да палітвязняў.

Тут жа хачу дадаць, што ўсё будзе залежаць ад суверэнных дзеянняў беларускага народа, беларускай апазіцыі. Нельга разлічваць, што Захад ці тым больш Расея ўсё вызначаць за беларускі народ і тады беларусам стане добра. Не, толькі сам народ выбірае свой лёс.

- Яшчэ адна гарачая тэма гэтага месяца - страйк. Чаго ўжо ўдалося дабіцца рабочым лідарам, якія заклікалі беларусаў заставацца дома?

- Мне здаецца, Беларускае аб'яднанне рабочых прадэманстравала чалавечую і стратэгічную мудрасць. Бо захворванне і смяротнасць ад каранавіруса ў Беларусі проста катастрафічныя. Колькасць памерлых і хворых вялізная. Рабочыя заклікалі беларусаў заставацца дома, абараняць сваё здароўе і жыцці.

Я неяк размаўляў з Сяргеем Дылеўскім і ён сказаў, што працоўны так створаны, што не ідзе на працу, толькі калі ён ужо не можа хадзіць у літаральным сэнсе гэтага слова. Калі ён падае.

Рабочыя лідары звярнуліся да працоўных з заклікам думаць найперш пра здароўе. Калі мы гаворым пра тое, што да 300 чалавек (а некаторыя гавораць пра 500) памірае штодня, то мінімум памерлых у Беларусі за тры месяцы — трыццаць тысяч чалавек. І з іх дзесяць тысяч – гэта працоўныя людзі, а дваццаць тысяч – родныя працоўных. Гэта проста шок для многіх беларускіх сем'яў. Заклік да Народнага лакдаўну ратуе жыцці людзей.

Па-другое, страйк — гэта ахоўная рэакцыя на інфармацыю, якая з'явілася летам, аб тым, што рыхтуюцца масавыя звальненні на прадпрыемствах. Найперш — сябраў незалежных прафсаюзаў і тых, хто ўдзельнічаў у страйку год таму.

У выніку падрыхтоўкі і самога страйку ўстанаўліваюцца новыя гарызантальныя сувязі. На шмат якіх прадпрыемствах улады зразумелі, што проста так гэтыя звальненні не пройдуць. Хоць з тых звестак, якія ідуць з прадпрыемстваў і нават дзяржаўных структур, маштаб магчымых звальненняў - некалькі сотняў тысяч чалавек.

Мудрасць яшчэ ў тым, што вялікая колькасць працоўных знаходзіцца ў адпачынках, хварэе, многія сем'і знаходзяцца на карантыне. У гэтых умовах, напрыклад, нявыхад на працу двухсот ці трохсот тысяч чалавек раўнасільны нявыхаду на працу цэлага мільёна ў звычайнай сітуацыі.

Зваротная сувязь у гэтым пытанні існуе: спісы людзей, якія не выйшлі на працу. У першыя дні гэта было лёгка ўстанавіць. Потым улады забаранілі даваць інфармацыю, колькі працоўных хварэе, чаму людзі адсутнічаюць. Таксама на многіх прадпрыемствах закрылі інфармацыю аб выдачы інвентару. Гэта сведчыць аб тым, што сапраўды многія не выйшлі на працу.

Яшчэ б дадаў, што страйк выявіў людзей, якія супраць яе выступаюць. Як ні дзіўна, у адной кампаніі былі і Лукашэнка, і Латушка, і Ціханоўская, і фармальны лідар незалежных прафсаюзаў Ярашук, які набраў у рот вады. У краіне тысячамі паміраюць людзі, ідуць масавыя звальненні на прадпрыемствах, а так званыя лідары маўчаць. Ні народ не падтрымалі, ні страйк. Але гэта таксама, увогуле, такі сігнал і працоўным, і ўсім беларусам. Цяпер абсалютна зразумела, хто гатовы бараніць інтарэсы людзей працы, хто з імі, а ў каго проста свае ўласныя дробныя мэты.

- Вы ўжо закранулі тэму масавых звальненняў пад шыльдай “аптымізацыі” Навошта яна спатрэбілася?

- Мы назіраем крах беларускай эканомікі. Адной з умоваў падтрымкі Лукашэнкі з боку Пуціна з'яўляецца допуск расейскага капіталу, расейскіх алігархаў на рынак скупкі беларускіх прадпрыемстваў. Прычым, найперш, іх там будуць цікавіць нават не прадпрыемствы, а зямля, памяшканні гэтых заводаў. Мы ведаем, як праходзіла рабаўніцкая прыватызацыя ў Расеі. Таго ж расейскія алігархі патрабуюць ад Лукашэнкі. Кажуць, маўляў, "мы будзем гатовы нешта купіць, калі ты прыбярэш крыкуноў". Прычым самі ўжо "аптымізуйце" колькасць работнікаў.

Бо калі прыйдуць расейцы і яны будуць звальняць, то супраціўленне будзе мець характар яшчэ і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Сёння сам Лукашэнка праводзіць масавыя звальненні, выконваючы ролю такога паліцая, які знішчаў культуру свайго народа, яго мову, а зараз знішчае эканоміку і пазбаўляе працоўных кавалка хлеба, проста выкідваючы іх на вуліцу.

Мы бачым, што гэта не праблема аднаго прадпрыемства, гэта масавая з’ява. Я прагназую, што страйк можа ўспыхнуць у снежні з новай сілай, бо сотні тысяч чалавек апынуцца проста на вуліцы.

Усе гэтыя драконаўскія законы супраць актывістаў прыводзяць да таго, што людзей залічаюць у «дармаеды». Таксама ў іх запісваюць працоўных, якія не змаглі з'ехаць на заробкі ў суседнія краіны. Нармальнай працы ў Беларусі няма, а амаль мільён чалавек хочуць прымусіць плаціць надмерныя «дармаедскія» тарыфы за камуналку.

Мы ведаем, што ў 2017 годзе гэта прывяло да масавых бунтаў.

- Беларускія ўлады заяўляюць, што сітуацыя з COVID-19 пачала паляпшацца, але незалежныя СМІ кожны дзень паведамляюць аб новых ахвярах эпідэміі. Чаму рэжым спрабуе схаваць рэальны маштаб праблемы?

- Ён увесь час яго хавае. Вось нядаўна адзін з лекараў казаў пра тое, што Лукашэнка ж першапачаткова спрабаваў атрымаць эфект калектыўнага імунітэту без усялякіх вакцын. Памятаецца ягоную размову, што захварэюць 60 адсоткаў і тады заражацца ніхто не будзе.

У першую хвалю была проста страшная смяротнасць. Праз яе калектыўны імунітэт сапраўды на нейкі час з'явіўся. Аднак пра сур'ёзную вакцынацыю ніхто не думаў. Не думалі аб тым, каб закупіць заходнія вакцыны, аб тым, каб медыцынская сістэма была лагістычна гатова.

У Беларусі ўжо пасля экстраных мер апошніх месяцаў прышчэпленых усяго дваццаць адсоткаў. Мы ведаем, што ў заходніх краінах колькасць прышчэпленых 50-80 адсоткаў, а эпідэмія ўсё адно ўзмацнілася. Вельмі шмат і хворых, і памерлых сярод так званых антываксераў.

У Беларусі вялізная колькасць людзей, якія хацелі зрабіць прышчэпку, але яны не змаглі. Менавіта таму маштабы захворвання і смерцяў, я думаю, значна мацнейшыя, чым у краінах ЕЗ. Хаця, безумоўна, у гэтых краінах ёсць праблемы, але статыстыку не падмануць і нават лекары Міністэрства аховы здароўя Беларусі заяўлялі, што ёсць ужо беларускі варыянт “дэльта”-штаму. Свой, асаблівы, які яшчэ ў некалькі разоў больш небяспечны ў сэнсе заразнасці і смяротнасці. У нас гэта проста нацыянальная катастрофа, за якую нясуць адказнасць Лукашэнка, ягоная сям'я, сілавікі і кіраўнікі беларускай аховы здароўя.

- Як беларускаму грамадству сёння рэагаваць на вострыя выклікі - мігранцкі крызіс, катастрафічную сітуацыю з COVID-19, масавыя звальненні на месцах працы - і адначасова набліжаць перамогу над дыктатурай у краіне?

— Трэба ўспомніць словы Чэрчыля. Я не буду іх цытаваць, многія беларусы іх ведаюць. Скажу, што лёгкага шляху не будзе. Не можа быць і іншага шляху - схавацца пад коўдрай і думаць, што праблемы рассмокчуцца самі сабой.

Мы ўсе разам вельмі шмат зрабілі для таго, каб перамагчы. Мы заслужылі гэтую перамогу. Вораг дэмаралізаваны, аслаблены і наварочваецца на новы калючы дрот санкцый, якія ён сваімі шалёнымі дзеяннямі правакуе.

На баку беларусаў увесь цывілізаваны свет. І хатні страйк - адзін са сродкаў бяспечнага спосабу супраціву. Я ўжо сказаў, што эканамічныя праблемы ў краіне будуць толькі нарастаць. Нават афіцыйныя звесткі гавораць пра тое, што прамысловасць не развіваецца, а будзе толькі падаць. Трэба быць гатовымі да барацьбы і быць гатовымі да апошняй вызначальнай бітвы. Трэба памятаць, што мы працягваем заставацца ў абсалютнай большасці.

Можа мець месца індывідуальны сыход у страйк і закрыццё ўласнага бізнэсу. Для кагосьці, магчыма, ад'езд з краіны, калі чалавек лічыць для сябе гэта прымальным. У сённяшніх умовах гэта будзе ўдарам па эканоміцы рэжыму.

Таксама важная гатоўнасць маладых людзей, гатоўнасць патрыётаў Беларусі да барацьбы і таго, што момант вызвалення блізкі. Такія рэжымы як лукашэнкаўскі, неаднаразова ўжо гаварылася, спыняюць сваё існаванне вельмі нечакана.

Ужо столькі «чорных лебедзяў» Лукашэнка наклікаў на сваю галаву, што яны прыляцелі і сваімі «дзюбамі» дзяўбаюць яго ў патыліцу. Беларусам трэба толькі дапамагчы гэтым птушкам дабіць гада.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках