19 студзеня 2022, Серада, 5:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскі фатограф: На шырокіх праспектах Менска проста ў спальных мяшках ляжаць мігранты

33
Французскі фатограф: На шырокіх праспектах Менска проста ў спальных мяшках ляжаць мігранты

Фотажурналіст Поль Дза быў шакаваны ўбачаным у Беларусі.

Французскі фатограф Поль Дза нядаўна вярнуўся з Беларусі, дзе здымаў мігрантаў, якія спрабуюць перайсці польскую мяжу. У інтэрв'ю Расейскай службе RFI ён кажа, што гэты рэпартаж быў самым цяжкім у ягоным прафесійным жыцці. Да гэтага ён двойчы бываў у Менску, у тым ліку падчас прэзідэнцкіх выбараў, здымаў пратэставыя маніфестацыі. Але на гэты раз чалавечыя гісторыі безвыходныя, а ціск уладаў не пакідае магчымасці для рэпарцёрскай працы, кажа фатограф.

– З чаго пачаўся ваш рэпартаж у Беларусі?

– Я не збіраўся вяртацца, хоць, вядома, я палюбіў Менск і ягоных жыхароў і сачыў за становішчам у краіне. Але да мяне звярнулася агенцтва SIpa з прапановай зрабіць рэпартаж пра сітуацыю з мігрантамі на польскай мяжы. І я, вядома, ім вельмі ўдзячны, гэта была вялізная дапамога. Іх зацікавіла, што я ўжо бываў у краіне, і што ў мяне захавалася сетка знаёмстваў.

Прапанова зацікавіла мяне яшчэ і таму, што да гэтага часу адзіныя фатаграфіі на гэтую тэму, якія я бачыў у прэсе, былі зробленыя альбо агенцтвамі, напрыклад, з польскага боку, альбо вайскоўцамі і паліцыяй, з беларускага. Вядома, магчымасць паехаць на месца і прывезці інфармацыю з першых рук мяне зацікавіла. Гэта адпавядае майму ўяўленню пра свабоду інфармацыі.

– Вы паехалі не толькі ў Менск, але і на мяжу?

Цалкам дакладна. Як толькі я прыляцеў у Менск, што само сабой было не проста, таму што прамых рэйсаў з Парыжа больш няма, і на дарогу пайшло больш за 30 гадзінаў, – я адразу на цягніку скіраваўся ў Гародню. Гэта найбліжэйшы да польскай сталіцы вялікі горад. Адтуль я паспрабаваў, як мог, дабрацца да мяжы, але мяне спынілі вайскоўцы. Наўпрост там да мяжы не больш за 15 хвілінаў, але ўвесь рэгіён пераўтвораны ў ваенную зону. Мяне спынілі і адправілі ў Менск, нават не ў Гародню. Было зразумела, што патрапіць у мігранцкі лагер будзе немагчыма і што гэта проста небяспечна. Я быў замежнікам, ды яшчэ і журналістам у гэтай вайсковай зоне, і, вядома, без акрэдытацыі, якую атрымаць немагчыма. Але ў Менску я сустрэўся з мігрантамі, правёў з імі некалькі дзён, яны сталі героямі майго рэпартажу.

– Хто яны, грамадзяне якой краіны?

– Тыя людзі, з якімі я пазнаёміўся, былі іракскімі курдамі, прыкладна майго ўзросту, гэта значыць блізу трыццаці гадоў. Гэта былі маладыя мужчыны без сем'яў, з даволі высокім узроўнем адукацыі, прынамсі, скончаным школьным і ажно да магістарскай ступені.

– Як яны патрапілі ў Беларусь, якімі шляхамі?

– Усе дабіраліся па-рознаму, праз Дубай, праз Ліван, Турцыю або Сірыю. Тамака яны траплялі ва ўладу мафіёзных сетак і плацілі блізу 4000 еўраў. У гэтую суму ўваходзіць кошт беларускай візы і будучыя «паслугі» – жыллё на першы час і гэтак далей. Часта высвятлялася, што гэта ўсё падман. Калі людзі дабіраліся да Менска і ішлі на ўказаны адрас, ніякага жылля там не было. Наадварот, у кватэры іх чакалі іншыя мафіёзныя асобы, а паколькі ў мігрантаў з сабой былі даволі буйныя сумы гатовых грошай, то іх там абіралі.

– Як атрымалася, што яны накіраваліся менавіта ў Беларусь?

– Амаль ва ўсіх былі сваякі і знаёмыя, якія тым ці іншым чынам ужо патрапілі ў Еўропу. Калі я сказаў, што я француз, некаторыя расказалі, што іх сваякі жылі ў Кале і перабраліся ў Вялікую Брытанію. Акрамя таго, у сацыяльных сетках дзейнічаюць, здаецца, групы, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю. Напрыклад, што трэба ехаць у Беларусь, і што адтуль вельмі лёгка патрапіць у Еўропу. На маіх вачах, калі я ўжо быў у Менску, у адной з такіх групаў узніклі паведамленні, што назаўтра, а восьмай раніцы, Польшча адкрые сваю мяжу, і былі заклікі туды адправіцца. Я разумеў, што нічога гэтага не будзе, але людзі чарговы раз кінуліся да мяжы. Такія выпадкі я назіраў двойчы. Я не ведаю, што гэта за групы, але яны заснаваныя на імкненні ўплываць на паводзіны мігрантаў і кіраваць імі.

Акрамя таго, з іракскім пашпартам практычна немагчыма нікуды патрапіць. І калі высветлілася, што з такой лёгкасцю можна атрымаць візу ў Беларусь, краіну, якая геаграфічна такая блізкая да Еўропы, усе паспрабавалі гэтай магчымасцю скарыстацца.

– Што яны збіраюцца рабіць у такой цяжкай сітуацыі?

– Яны знаходзяць жыллё, здымаюць на дваіх, жывуць там пятнаццаць – дваццаць чалавек. Пры любой магчымасці спрабуюць усё ж пракрасціся ў Еўропу, перайсці мяжу. Яны арганізуюцца праз whatsapp, наймаюць разам аўтобус і чакаюць, калі ўзнікне магчымасць. Звычайна яны збіраюцца за Палацам спорту, тамака вялікая плошча, на якой яны і чакаюць адпраўкі гэтага аўтобуса. Але аўтобусы ўсё роўна заварочвае паліцыя і войска. Людзі альбо вяртаюцца ў Менск, альбо блукаюць па лесе, шукаюць нейкую шчыліну. Нехта трапляе ў лагер мігрантаў на мяжы.

– Як да іх ставіцца мясцовае насельніцтва?

– Мясцовыя жыхары іх баяцца. Я думаю, у гэтым сэнсе таксама спрацаваў разлік беларускага кіраўніцтва. Людзі і так жывуць у страху, яны ніколі ў жыцці не бачылі ніводнага замежніка, іх проста няма ў Беларусі. А тут 15 000 замежнікаў ходзяць па іх вуліцах, спяць проста на вуліцы. Я суправаджаў адну групу мігрантаў у краму, мы хадзілі па прадукты, якія яны набывалі перад чарговай спробай перабрацца праз мяжу – бульбу, яшчэ нейкія самыя простыя рэчы. І там мяне ўразілі погляды іншых пакупнікоў. Поўныя страху і непрыязнасці.

З іншага боку, я збольшага разумею вытокі гэтай рэакцыі. Менск – горад сталінскай архітэктуры, там шырокія праспекты і больш нічога. А на іх – спальныя мяшкі, у мяшках спяць людзі. Мігранты мне казалі, што іх абражаюць, яны становяцца ахвярамі расісцкіх выхадак.

– Ірак пачаў рэпатрыяваць сваіх грамадзянаў. Ці збіраюцца людзі, з якімі вы сустракаліся, вярнуцца?

– Зусім не, наадварот, для іх гэта квіток у адзін бок. Уся сям'я збірала для іх апошнія грошы, яны маюць намер што б там ні стала патрапіць у Еўропу. Пытанне пра вяртанне проста не стаіць. Аднойчы я фатаграфаваў людзей, якія сядалі ў аўтобус, што выпраўляўся да мяжы, і адзін з мігрантаў угаворваў іншых не ехаць. Ён казаў, што ўсё гэта ашуканства, што мяжу перайсці немагчыма, што гэта бескарыснае марнаванне сілаў і сродкаў. Але ўсе іншыя не хацелі яго слухаць і адказвалі, што для іх ніякай іншай магчымасці няма. Проста няма выбару. Зусім бязвыхадная сітуацыя. Для мяне гэта быў самы цяжкі рэпартаж ва ўсім маім прафесійным жыцці. Не думаю, што я хуткім часам вярнуся ў Беларусь.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».