26 красавiка 2024, Пятніца, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таемны экспарт: Што Беларусь на самай справе пастаўляе ў Расею?

4
Таемны экспарт: Што Беларусь на самай справе пастаўляе ў Расею?

У 2021 годзе аб'ём засакрэчанага беларускага экспарту рэзка вырас.

Дзель «засакрэчанага» беларускага экспарту ў Расею за паўгоддзе вырасла ў 10 разоў у параўнанні з усім 2020 годам. У студзені – чэрвені 2021 года экспарт Беларусі ў Расею вырас на 24% і склаў 7,2 млрд даляраў. З іх, паводле звестак РБК, у 2021 годзе аб'ём засакрэчанага беларускага экспарту ў Расею рэзка вырас і дасягнуў 1,28 млрд даляраў. Год таму такога экспарту было толькі на суму 152 млн даляраў.

Газета «Беларусы і рынак» паспрабавала даведацца, што экспартуе Беларусь у Расею і чаму экспарт больш чым на 1 млрд даляраў засакрэчаны?

Расеі выгадна набываць беларускую прадукцыю

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч сцвярджае, што «Расея свядома набывае беларускія тавары. І такая тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, прадоўжыцца ў 2022 годзе».

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што Расею нельга прымусіць набываць беларускую прадукцыю:

– У Расеі эканоміка больш рынкавая, калі браць такія манапалізаваныя галіны, як здабыча нафты і газу, нафтаперапрацоўка. Таму меркаваць, што нехта можа прымусіць расейскія прадпрыемствы набываць беларускую прадукцыю, – не выпадае.

Але на самай справе ва ўмовах паслаблення беларускага рубля да расейскага набыццё беларускай прадукцыі выгаднае Расеі.

– Іншая рэч, што ва ўмовах паслаблення беларускага рубля да расейскага сама працэдура набыцця беларускай прадукцыі становіцца выгоднай (у пераліку на расейскі рубель тавары робяцца таннейшымі). А акрамя таго, існуе маса льготных рэжымаў (растэрміноўка на месяц, на два месяцы), што таксама стымулюе расейцаў набываць беларускую прадукцыю, паколькі заходнія вытворцы такіх умоваў не прапануюць, – падкрэсліў Леў Марголін.

Што Беларусь экспартуе ў Расею?

– Структура беларускага экспарту ў Расею моцна не мяняецца. Аснову складаюць прадукты харчавання, перш за ўсё мяса і малако: экспарт малочных прадуктаў у аб'ёме атрыманай валюты займае трэцяе месца (услед за нафтапрадуктамі і калійнымі прадуктамі). Больш за 90% экспартаванага мяса і малака ідзе на Расею, – адзначае доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.

Акрамя таго, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія ўчыняюцца расейскім лобі, у Расеі карыстаецца попытам беларуская тэхніка.

– Абсталяванне, транспартныя сродкі – МАЗ прыкладна 70% працуе на Расею, МТЗ не менш за палову трактароў экспартуе ў Расею, і «Гомсельмаш». Хоць расейскія вытворцы аналагічнай прадукцыі паволі ўстаўляюць нам палкі ў колы. У першую чаргу мясцовае малочнае лобі і вытворцы прадукцыі машынабудавання абмяжоўваюць беларускі ўдзел у расейскім дзяржзаказе, – адзначае прафесар.

Увогуле ў гандлёва-эканамічных стасунках з Расеяй назіраецца дысбаланс, які афіцыйны Менск і не спрабуе выправіць.

– Сёння імпарт з Расеі б'е рэкорды: ягоная дзель складае 57%. А беларускі экспарт у Расею складае блізу 47%, гэта ненармальна. У свой час Макей сказаў, што трэба імкнуцца да формулы: траціна – Еўразвяз, траціна – у Расею і траціна – у краіны так званай «далёкай дугі». Нічога не атрымалася, і цяпер беларускія ўлады нават не ўспамінаюць пра гэтую формулу. Як адысці ад Расеі – вялікае пытанне. Трэба прабівацца на рынкі найбліжэйшых суседзяў, Еўразвязу. Але сітуацыя такая, што не надта атрымліваецца. Задача дыверсіфікацыі экспарту пакуль не развязваецца.

Што засакрэчана?

– Многія пазіцыі таварнага экспарту Белстат засакрэчвае, але ў асноўным гэта датычыцца экспарту нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, але яны якраз ідуць не ў Расею, – адзначыў Барыс Жаліба. – Магчыма, засакрэчаныя пастаўкі ваеннай тэхнікі, тэхнікі падвойнага прызначэння.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках