28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адзін баявы»: як Алек Болдуін забіў чалавека з рэквізітнага пісталета

4
«Адзін баявы»: як Алек Болдуін забіў чалавека з рэквізітнага пісталета

Новыя падрабязнасці пра здарэнне на здымачнай пляцоўцы «Раста».

Амерыканскі актор Алек Болдуін застрэліў аператарку Галіну Хатчынс, грамадзянку Украіны, на здымачнай пляцоўцы фільма «Раст», параніўшы таксама рэжысёра Джоэла Соўза. У паліцыі заявілі, што актор страляў з рэквізітнага пісталета. Як гэта магло адбыцца?

Пра тое, што Болдуін страляў з бутафорскай зброі, заявілі прадстаўнікі актора і паліцыя. З іх слоў, гэта быў пісталет, зараджаны халастымі патронамі.

Адразу пасля гэтага здарэння, увечары ў чацвер паводле мясцовага часу (у Еўропе была раніца пятніцы), прафзвяз работнікаў шоў-бізнэсу ЗША і Канады IATSE Local 44 разаслаў сваім сябрам ліст, у якім гаварылася: «Вядучы актор выпадкова стрэліў адным баявым патронам».

Паліцыя, аднак, пакуль не пацвярджае і не зняпраўджвае меркаванне, што ў пісталеце разам з халастымі патронамі выпадкова апынуўся баявы.

Работнікі амерыканскага кінематографа кажуць, што абыходжанне са зброяй на амерыканскіх здымачных пляцоўках вельмі строга рэгламентаванае. Такія здарэнні адбываюцца, але рэдка, і кожнае з іх шакуе кінаіндустрыю.

«Я нядаўна працаваў над фільмам, і нават пластмасавыя пісталеты трэба было кожны дзень выпісваць і вяртаць пад распіску, - распавядае аўстралійскі актор Рыз Малдун. - Менавіта таму ў гэтым выпадку мы былі асабліва шакаваныя».

Пра тое ж сказаў знаёмы і калега забітай украінкі Аляксей Фядосаў у інтэрв'ю ВВС.

«На пляцоўцы, дзе ёсць зброя, абавязкова павінна прысутнічаць паліцыя, - кажа ён. - Заўсёды зброя, перад тым як яе даюць камусьці ў рукі, старанна правяраецца. Правяраецца абойма, правяраецца, што нічога няма ў ствале... Пробны стрэл у зямлю, і толькі пасля гэтага чалавека са зброяй пускаюць на пляцоўку», - кажа ён.

Рэквізітная зброя і халастыя патроны, хоць і ўважаюцца за бяспечныя, у некаторых выпадках цалкам могуць забіць чалавека.

Што такое халасты патрон?

Халастыя патроны ў кінаіндустрыі выкарыстоўваюцца для імітацыі сапраўднай агнястрэльнай зброі. Яны пераканаўчыя менавіта таму, што фактычна з'яўляюцца мадыфікаванымі сапраўднымі.

Патрон - гэта гільза, у якой змяшчаецца лёгкаўзгаральнае рэчыва, часцей за ўсё порах. Калі порах выбухае, выбухной сілай ён выштурхвае кулю.

Халасты патрон - гэта патрон без кулі. Замест яе пярэдні край патрона часта затыкаюць паперай або ватай.

Сам тэрмін «рэквізітная зброя» можа належаць амаль да ўсяго - ад цацачных пісталетаў да дэактываваных стралковых. Аднак часта гаворка ідзе менавіта аб баявой зброі, пераробленай пад халастыя.

Халастыя вельмі рэалістычна выглядаюць у кіно - порах выбухае па-сапраўднаму з выбліскам і грукатам.

І тым не менш акторы часам забіваюць халастымі партнёраў па здымачнай пляцоўцы ці сябе.

Самы вядомы смяротны выпадак адбыўся з Брэнданам Лі на пляцоўцы здымачнага фільма «Крумкач» у 1993 годзе, але ён не адзіны.

У 1984 годзе на здымках тэлешоў выпадкова застрэліўся актор Джон-Эрык Хексум.

Здымкі затрымліваліся, Хексум стаміўся чакаць і пачаў гуляць з цацачным рэвальверам. Ён прыставіў яго да скроні і стрэліў халастым.

Хексум памёр не адразу, а ў лякарні, ад пералому касцей чэрапа.

Правільнае абыходжанне з халастымі патронамі

Смерць Хексума кажа нам пра тое, што з халастымі патронамі таксама трэба абыходзіцца асцярожна.

Нават без кулі сілы хвалі ад выбуху пораху цалкам дастаткова, каб параніць людзей, якія стаяць занадта блізка да зброі.

Да таго ж у кіно часта карыстаюцца халастымі патронамі з павялічанай колькасцю пораху, каб успышка была больш прыкметнай на экране.

Звычайна на здымачных пляцоўках дзейнічаюць найстражэйшыя правілы. Рэквізітную зброю выдаюць спецыялісты, якія потым назіраюць за яе правільным ужываннем.

«На кожнай пляцоўцы дзейнічаюць строгія правілы», - кажа збройнік Майк Трыстана, які ў мінулым працаваў з Болдуінам.

«Калі вы на лініі агню, то на вас будзе маска, акуляры. Вы будзеце стаяць за адмысловым экранам, а ў камеры будзе мінімум людзей», - кажа ён.

«Чаго я не разумею, дык гэта, як у гэтым выпадку можна было параніць дваіх людзей, адзін з якіх памёр», - кажа ён.

Іншыя кінаработнікі, напрыклад, тэлесцэнарыст Дэвід Слэк, выказаліся за поўную забарону выкарыстання халастых патронаў на пляцоўцы. Ён падкрэсліў, што збройны агонь у 100% выпадкаў можна замяніць кампутарнай графікай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках