20 студзеня 2022, Чацвер, 14:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яшчэ не было такога, каб 17 пахаванняў за адзін дзень»

4
«Яшчэ не было такога, каб 17 пахаванняў за адзін дзень»

Рытуальныя агенцтва распавялі пра чацвёртую хвалю каранавіруса ў Баранавічах.

Чацвёртая хваля COVID-19 у Беларусі нават у афіцыйнай статыстыцы пабіла рэкорды ў колькасці захварэлых і памерлых. Пра тое ж, што адбываецца ў канкрэтных рэгіёнах, застаецца толькі здагадвацца, бо гэтыя лічбы даўно засакрэчаныя.

Аднак, з дапамогай супрацоўнікаў рытуальных агенцтваў Intex-press удалося даведацца, якая смяротнасць у нашым горадзе і чым цяперашняя хваля адрозніваецца ад папярэдніх.

Нягледзячы на тое, што на рынку рытуальных паслуг горада сёння працуе блізу дзясятка агенцтваў, пагаварыць аб смяротнасці ў Баранавічах нават на ўмовах ананімнасці пагадзіліся нямногія.

«Калі ў першую хвалю хавалі старых, то ў гэтую шмат маладых»

Ксенія працуе ў сферы рытуальных паслуг больш за 15 гадоў. Але, кажа жанчына, ніколі яшчэ ў яе не было столькі работы, як у апошнія некалькі месяцаў.

- Кожны дзень толькі на гарадскіх могілках Русіна прыблізна 17 пахаванняў. Але ёсць яшчэ і раённыя могілкі, дзе таксама хаваюць людзей. І гэта вельмі страшна, бо на маёй памяці ніколі яшчэ не было такога, каб аж 17 пахаванняў было ў адзін дзень і на адных могілках! А працую я з сярэдзіны 2000-х, - распавядае Ксенія. - І калі ў першую хвалю мы хавалі, у асноўным, старых са спадарожнымі хранічнымі захворваннямі і ковідам, то ў гэтую хвалю шмат маладых.

Сярэдні ўзрост памерлых, пахаванне якіх у чацвёртую хвалю каранавіруса даводзілася арганізоўваць жанчыне, 40 гадоў. Але былі і зусім маладыя.

- У гэтую хвалю пайшлі і 20-ці, і 30-ці, і 40-гадовыя, якія кожны тыдзень паміраюць ад ковід. Гэта вельмі страшна, - распавядае гараджанка.

Пры гэтым у заключэнні аб смерці, са слоў Ксеніі, каранавірус у якасці прычыны смерці значыцца, у асноўным, толькі ў людзей без хранічных захворванняў. Людзям сталага веку з букетам іншых хвароб акрамя ковід у заключэнні аб смерці, часцей за ўсё, паказваюць менавіта адно са спадарожных захворванняў.

Сітуацыя са смяротнасцю, кажа супрацоўніца пахавальнага бюро, страшная па ўсёй Беларусі.

- На гэтым тыдні мы вазілі нябожчыка ў крэматорый у Менск, дык да гадзіны дня мы былі на 68-м месцы ў чарзе на крэмацыю, - распавядае яна. - Пакуль стаялі там, людзі казалі, што такімі тэмпамі ўся Беларусь вымрэ. Не ратуюць ні маскі, ні пальчаткі, ні прышчэпкі.

Лічба

1 277,1 рубля – сярэдняя сума дапамогі на пахаванне ў Беларусі паводле звестак на 1 красавіка 2021 года.

«Катэгарычна адмовіліся адпяваць у храме»

У першую хвалю каранавіруса памерлых ад ковід хавалі ў закрытай труне і сваякі не маглі з імі развітацца. Але цяпер, са слоў супрацоўнікаў рытуальных агенцтваў, труны з такімі нябожчыкамі на жаданне сваякоў адкрываюць.

- Раней людзі баяліся заразіцца ад памерлага каранавірусам. Цяпер яны ўжо прывыклі да гэтай хваробы, таму, калі просяць - мы адкрываем труну, - распавядае мужчына ў іншым рытуальным агенцтве, - праўда, нябожчыка па-ранейшаму не цалуюць, блізка да яго не падыходзяць і ніяк не кантактуюць. Нават у катафалку з намі не едуць. Проста здалёку глядзяць на памерлага.

Правіла «не кантактаваць з памерлым» прытрымліваюцца не толькі сваякі, але і святары, якія не адпяваюць памерлага ад каранавіруса ў храме.

- Цэрквы катэгарычна адмовіліся адпяваць памерлых ад каранавіруса ў храме. Таму цяпер у асноўным памерлых возяць у рытуальныя залы. Бацюшка прыязджае туды, адыходзіць далей ад труны і адпявае, - распавялі ў агенцтве.

«Падаражанне выкліканае ўсеагульнай інфляцыяй»

З ростам колькасці пахаванняў у Баранавічах выраслі і кошты паслуг тых, хто іх праводзіць. Прычым, як адзначаюць самі супрацоўнікі, у некаторых агенцтвах яны выраслі настолькі, што людзі папросту не ўкладваюцца ў дапамогу на пахаванне.

- Падаражанне выкліканае ўсеагульнай інфляцыяй. Даражэе ўсё: «камуналка», паліва, адпаведна, і нашы паслугі. За год я не прыгадаю нічога, на што кошт стабільна трымаўся б, - кажа работнік іншай пахавальнай канторы. - Але ў нас чалавек цалкам сабе можа ўкласціся ў дапамогу на пахаванне, а ў некаторых канкурэнтаў на тыя ж паслугі патрэбныя ледзь не дзве такія дапамогі.

Разам з тым, кажа мужчына, для кліентаў пахавальных агенцтваў рост коштаў, які адбыўся да чацвёртай хвалі каранавіруса, не асабліва прыкметны, бо кошт тавараў і паслуг падвышаўся пакрысе цягам года.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».