У Турцыі знайшлі царкву раннехрысціянскай абшчыны
- 19.10.2021, 17:36
- 2,442
На падлозе археолагі выявілі рэшткі мазаікі з геаметрычным арнаментам.
Руіны царквы выявілі падчас археалагічных раскопак у старажытным горадзе Прыене на турэцкім узбярэжжы Эгейскага мора. Пра асаблівасці новай знаходкі турэцкаму агенцтву Anadolu распавёў кіраўнік раскопак прафесар Алі Алтын (Ali Altin) з Універсітэта Улудаг (Bursa Uludag University). З ягоных слоў, царкву ў Прыене можна ўважаць за самую раннюю ў рэгіёне. Хрысціяне пабудавалі яе на тэрыторыі могілак і выкарыстоўвалі для масавых рытуалаў, піша Naked science.
Будынак стаяў на падставе з дробных камянёў, на падлозе археолагі выявілі рэшткі мазаікі з геаметрычным арнаментам. На руінах сцен прысутнічаюць сляды шматслойных роспісаў. З гэтага зрабілі выснову, што царква функцыянавала з раннехрысціянскага часу да позневізантыйскага перыяду.
Прыена – аддзін з дванаццаці грэцкіх гарадоў-дзяржаў Іянійскага саюза, ён быў заснаваны ў канцы другога тысячагоддзя да нашай эры. Археолагі даследуюць гэты малаазійскі поліс Элады з канца XIX стагоддзя. За ўнікальную захаванасць горад атрымаў назву «Пампеі Анатоліі». У Прыене добра вывучаная гарадская планіроўка, выкананая паводле Гіпадамавай сістэмы. Вуліцы перасякаліся пад прамым кутом і абмяжоўвалі раўнацэнныя па памеры кварталы жылой забудовы (дэмакратычная сетка). Агора і іншыя грамадскія плошчы прымыкалі да цэнтральнай вуліцы. Храмы, тэатры і стадыёны ўзводзілі ў баку ад жылых кварталаў. У Латмійскай затоцы побач са старажытнагрэцкім полісам функцыянавалі два марскія порты. У часы Рымскай імперыі Прыена паступова страціла былое значэнне: рачныя наносы ракі Меандр адсунулі берагавую лінію, і горад апынуўся ў 16 кіламетрах ад мора.
У IV стагоддзі хрысціянства заваёўвае анаталійскі паўвостраў і паступова становіцца афіцыйнай рэлігіяй. У гэты час тут фармуецца Візантыйская імперыя, праводзяць першыя Сусветныя саборы, на якіх закладваюць асновы хрысціянскай дагматыкі. На ўсходзе сучаснай Турцыі ў IV стагоддзі хрысціянства прымае армянскае насельніцтва заходняй часткі Вялікай Арменіі. На захадзе паўвострава засноўваюць свае рэзідэнцыі Канстанцінопальскі і Антыахійскі праваслаўныя патрыярхі.
З канца IV стагоддзя пасля эдыкта імператара Феадосія 392 года аб забароне паганскіх культаў хрысціяне пачалі актыўна выкарыстоўваць для набажэнстваў былыя язычніцкія храмы і свяцілішчы. Такая практыка склалася і ў Рыме, і ў правінцыях. Даследнікі мяркуюць, што тая ж доля спасцігла мноства паганскіх святыняў у Прыене, у ліку якіх - храм Афіны Палады, заснаваны Аляксандрам Македонскім.