8 траўня 2024, Серада, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У шпіталях ужо як на вайне»: шакавальны аповед лекара пра недахоп кіслароду для хворых на COVID-19

8
«У шпіталях ужо як на вайне»: шакавальны аповед лекара пра недахоп кіслароду для хворых на COVID-19

Менскі тэрапеўт падзяліўся фактамі аб тым, што адбываецца ў клініках.

На ўмовах ананімнасці тэрапеўт адной з менскіх лякарняў падзяліўся з «Белсатам» сваім бачаннем сітуацыі з недахопам кіслародных пунктаў.

На днях галоўнае беларускае прадпрыемства для вытворчасці кіслароду - ААТ «Крыён» - паведаміла, што працуе ва ўмовах 100-адсоткавай загрузкі. Штодня на прадпрыемстве вырабляецца 200 тон медыцынскага кіслароду і столькі ж адгружаюць у шпіталі. Дадатковую вытворчасць пачалі амаль ва ўсіх абласцях краіны на іншых буйных прадпрыемствах. Ці выстарчыць айчыннага кіслароду на ўсіх, каму ён патрабуецца?

Са слоў нашага суразмоўцы, тэрапеўта адной са сталічных лякарняў, кісларод пакуль ёсць, але на тую колькасць хворых, якія цяпер у шпіталях, яго мала.

«Кіслародных пунктаў не стае. Таму некаторыя няцяжкія ляжаць удваіх на пункт. Адпаведна, калі каму горш робіцца, неабходна ці шукаць іншы пункт, каб увесь кісларод ішоў на аднаго, ці кагосьці адключаць, хто яшчэ не такі крытычны. Ад таго, што хворых больш, ціск у сістэме кіслароду па ўсім шпіталі не такі, які ў ідэале павінна быць: дзесьці меншы, дзесьці скача».

У медыцынскіх установах большасць аддзяленняў ужо перапрафіляваная для хворых з каранавіруснай інфекцыяй, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Лекар у размове заўважае, што ад астатніх ложкаў мала толку, бо асноўнае лячэнне хворых на ковід сёння - кісларод, а палаты і пункты, дзе ён быў, ужо занятыя.

Займаць пад ковід траўматалогію і іншыя аддзяленні без арганізацыі кіслародных пунктаў не мае сэнсу. Неабходна ўжо цяпер забяспечыць запасы балонаў і мабільных пунктаў з кіслародам у кожнай лякарні. Наш суразмоўца сцвярджае: калі кіслароду няма ў Беларусі, трэба прасіць дапамогі ў Расеі і Еўропы, бо запасу нашай сістэмы аховы здароўя на рэальную пандэмію няма.

«Чым далей, тым больш выгаранне і фізічнае, і маральнае. Хвораму горш, а ты і кіслароду даць не можаш, і ў рэанімацыю яго перавесці не можаш, там месцаў няма.

Ды і хворы туды не хоча, ён разумее, што рэанімацыя цяпер - гэта амаль прысуд. Доктару толькі і застаецца, што паплакаць разам з хворым або сарвацца ў істэрыку.

А ці шмат папрацуеш, калі некалькі разоў за дзень пераадзяваешся ў чырвоную зону? Чыстых зон у рэальнасці амаль і няма. У лякарнях ужо як на вайне - ідзе сартаванне: хто маладзейшы, каму даць кісларод, каго адабраць і ўзяць на рэанімацыйны ложак».

Колькасць хворых, адзначае спецыяліст, павялічылася ў разы - у лякарнях патрэбныя дадатковыя лекары, медсёстры, санітаркі, псіхолагі, бо тэлефоны разрываюцца ад званкоў сваякоў. Хворыя і іх родныя ўвесь час скардзяцца, лаюцца і крыўдзяцца, што ім надаюць мала ўвагі, не лечаць, а нават пагражаюць.

«Усе бачаць смерць у рэальнасці. А ставак ніхто не дадае. Людзей узяць няма адкуль, толькі і чуеш: вы і так ковідныя атрымоўваеце».

Мы спрабавалі атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя, але цягам некалькіх дзён там ніхто не адказаў, а на гарачай лініі Камітэта аховы здароўя Менгарвыканкама журналіста «Белсата» папрасілі не перабольшваць.

«Мы любім нешта яшчэ дадаць да той інфармацыі, якую маем. А па факце ты выязджаеш, а праблемнай сітуацыі і не было...Я не магу сказаць вам пра сітуацыю з каранавірусам. Усе, хто мае патрэбу ў кіслародзе, на кіслародзе».

Беларусы пачалі насіць маскі праз паўтара гады з пачатку пандэміі. Рэжым Лукашэнкі павінен быў перажыць тры хвалі пандэміі, каб 9 кастрычніка ўвесці ў нашай краіне абавязковы маскавы рэжым. За яго невыкананне пагражае штраф 870 рублёў. Медыкі заклікаюць клапаціцца аб уласным здароўі і раяць прышчэплівацца, правільна насіць маску, выкарыстоўваць антысептыкі, захоўваць дыстанцыю.

Міністэрства аховы здароўя тым часам фіксуе павелічэнне колькасці смяротных выпадкаў. На 18 кастрычніка - 15 чалавек. Усяго афіцыйна за час пандэміі памерлі 4 417 пацыентаў. Гэтым лічбам супярэчаць «злівы» ад медыкаў, а таксама шматлікія сведчанні карыстальнікаў тэлеграм-каналаў. Паводле звестак ініцыятывы «Белыя халаты», толькі ў дзвюх менскіх лякарнях 14 кастрычніка ад ковід памёр 21 чалавек.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках