19 красавiка 2024, Пятніца, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазыкі беларускіх «флагманаў» накіраваліся да гістарычнага максімуму

Пазыкі беларускіх «флагманаў» накіраваліся да гістарычнага максімуму

Больш за ўсіх завінаваціліся прадпрыемствы Менска.

У краіне аднавіўся рост сумарнай запазычанасці буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Сума завінавачанасці перад крэдыторамі блізкая да рэкорднай, піша banki24.by.

Звесткі аб стане разлікаў флагманскіх кампаній у Беларусі паступаюць з затрымкай на 1,5 месяца пасля заканчэння справаздачнага перыяду. Таму самая свежая інфармацыя ў сярэдзіне кастрычніка - гэта звесткі на 1 верасня.

На 1 верасня 2021 года сумарныя пазыкі флагманаў перавысілі 162,3 млрд BYN. У параўнанні з пачаткам года сума завінавачанасці бізнэсу вырасла на 2,5%. Рэкордная значэнне запазычанасці адзначалася на 1 ліпеня і складала 162,6 млрд BYN. Такім чынам, да пачатку восені пазыкі прадпрыемстваў зноў накіраваліся да максімальнага паказчыку за гісторыю вымярэнняў.

У мінулай пяцігодцы дынаміка запазычанасці была такой: за 2016 год - рост на 7,4%, за 2017 год - на 12,9%, за 2018 год - на 10,7%, за 2019 год - на 7,4%, за 2020 год - на 19,3%. Агулам за 5 мінулых гадоў прырост запазычанасці склаў 72% у пераліку на BYN-эквівалент.

Імклівы рост у мінулым годзе звязаны з дэвальвацыяй беларускага рубля. Бо частка запазычанасці намінаваная ў замежнай валюце, абясцэненне «зайчыка» аўтаматычна павялічвае рублёвы эквівалент пазыкі.

На 1 верасня 2021 нода больш за ўсіх завінаваціліся флагманскія кампаніі Менска. На справаздачную дату сума іх пазыкі склала 43,7 млрд BYN.

Хутчэй за ўсё растуць пазыкі ў флагманаў Гарадзенскай вобласці - на 11,7% за 8 месяцаў. Дзякуючы гэтаму арганізацыі Гарадзеншчыны выйшлі на другое месца ў краіне паводле аб'ёму назапашанай запазычанасці (28,3 млрд BYN).

Менская вобласць замыкае топ-3 у пазыках. На справаздачную дату на Міншчыне флагманы назапасілі завінавачанасць на суму 28,1 млрд BYN. У 2021 годзе пазыкі гэтых кампаній выраслі на 8,2%.

У астатніх абласцях сітуацыя з завінавачанасцю флагманаў была наступнай: Берасцейская - 10,3 млрд BYN, Віцебская - Br14,3 млрд BYN, Гомельская - 24,1 млрд BYN, Магілёўская - 13,5 млрд BYN. У прамысловасці сумарныя пазыкі дасягнулі 93,2 млрд BYN. З пачатку года яны выраслі на 20,8%.

Больш за ўсё пазык назапасілі флагманы апрацоўчых галін - 67,6 млрд BYN. У энэргетыцы абавязанні падняліся да 21,6 млрд BYN (рост у 3,5 раза). У сельскай гаспадарцы пазыкі склалі 16,3 млрд BYN, у будаўніцтве - 7,8 млрд BYN, у аптовым гандлі - 7,5 млрд BYN, у раздробным гандлі - 10,4 млрд BYN, у транспарце - 7,3 млрд BYN.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках