8 траўня 2024, Серада, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенку прызналі палітвязнямі

1
Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенку прызналі палітвязнямі
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА І МАРЫЯ ТАРАСЕНКА

Вядомага праваабаронцу затрымалі 18 студзеня.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дваіх чалавек - старшыня Гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства», прэміі «Хартыі-97» Леаніда Судаленка і валанцёрку Марыю Тарасенку.

Судаленку затрымалі 18 студзеня. Ён з'яўляецца падазраваным паводле крымінальнай справы паводле арт. 342 («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і знаходзіцца ў ІЧУ. Імаверна, падставай стала тое, што Судаленка дапамагаў аплачваць штрафы пратэстоўцам.

Увечары таго ж дня затрымалі і пасадзілі ў ІЧУ валанцёрку «Вясны» Марыю Тарасенку. У чым падазраюць яе і ў якім працэсуальным статусе знаходзіцца жанчына, цяпер не вядома.

Праваабаронцы нагадваюць, што Судаленка вядомы сваёй праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі і за яе межамі. 20 гадоў ён займаецца абаронай правоў чалавека. За праваабарончую дзейнасць быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» ў 2018 г., а ў 2019-м стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».

«Сапраўдны крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці ў абароне правоў чалавека», - гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны нагадваюць, што ў СІЗА цяпер знаходзяцца валанцёры «Вясны» Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы прайшлі праз адміністратыўны пераслед.

Праваабаронцы лічаць пераслед Судаленкі і Тарасенкі палітычна матываваным. Таму патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць крымінальны пераслед.

Таксама агучваецца патрабаванне спыніць пераслед і ціск супраць усіх праваабаронцаў краіны, неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр «Вясна», РГА «Прававая ініцыятыва», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, простае таварыства «Ініцыятыва FORB», кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта», Беларуская асацыяцыя журналістаў , РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Беларускі ПЭН-цэнтр, офіс правоў людзей з інваліднасцю.

На сёння ў Беларусі налічваецца 189 палітвязняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках