26 красавiка 2024, Пятніца, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладнікаў ААН з нагоды аўдыязапісу з голасам Карпянкова

7
Беларускія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладнікаў ААН з нагоды аўдыязапісу з голасам Карпянкова

Супраць рэжыму трэба ўжываць неадкладныя захады.

Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да спецдакладнікаў ААН з паведамленнем пра тое, што ўлады Беларусі гатовыя перайсці да яшчэ больш радыкальных дзеянняў у дачыненні да пратэстоўцаў, зрабіўшы рэалізацыю правоў чалавека абсалютна немагчымай.

Нагодай для звароту стаў апублікаваны аўдыязапіс з чалавекам, чый голас падобны на голас намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, паведамляе БХК.

Зварот накіраваны да наступных механізмаў ААН: спецдакладніку ў пытанні спрыяння вызначэння ісціны, правасуддзя, кампенсацыі і гарантый непаўтарэння Фібіяну Сальвіёлі, спецдакладніцы ў пытанні пазасудовых пакаранняў смерцю, пакаранняў без належнага судовага разбору або адвольных пакаранняў смерцю Агнесе Каламар, спецдакладніку ў пытанні права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клеману Ньялетсосі Вуля, спецдакладніцы ў пытанні заахвочвання і абароны права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэне Кхан, спецдакладніку ў пытанні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання прафесару Нілсу Мелзеру, працоўнай групе адвольных затрыманняў, спецыяльнай дакладніцы ў пытанні становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, вярхоўнай камісарцы ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет.

15 студзеня ініцыятывай ByPOL, у якую ўваходзяць звольненыя беларускія сілавікі, быў апублікаваны аўдыязапіс, на якім чалавек, чый голас падобны на голас цяперашняга намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, паведамляе падначаленым пра планы, якія абмяркоўваліся на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі для ўзмацнення жорсткасці дзеянняў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Чалавек на запісе кажа, што загінулы 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская» Аляксандр Тарайкоўскі памёр «ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі». Са спасылкай на прэзідэнта гэты чалавек дае ўказанне ўжываць несмяротную зброю ва ўпор. Таксама ён адзначае: «Лукашэнкам мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане ўжывання зброі». Гэты ж чалавек паведамляе, што ў Беларусі ствараецца база звестак удзельнікаў пратэставых акцый, і той, хто трапіў у яе другі раз, «той павінен там і застацца». Паводле ягоных словаў, у краіне будзе створаны «лагер для асабліва востракапытных, для адсялення», абнесены калючым дротам.

«І хоць у цяперашні час немагчыма сцвярджаць пра сапраўднасць запісу, шэраг фактаў паказвае на тое, што з высокай ступенню верагоднасці апублікаваны запіс з'яўляецца сапраўдным. Напрыклад, падзеі, якія мелі месца ў лістападзе 2020 года (г.зн. непасрэдна пасля нарады ў Лукашэнкі), сведчаць пра эскалацыю гвалту з боку сілавых структураў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту», – адзначаюць праваабаронцы.

Яны паказваюць, што ў апублікаваным аўдыязапісе ўтрымліваецца спасылка на поўную свабоду дзеянняў, санкцыянаваную Лукашэнкам, што паказвае поўнае ігнараванне ўладамі базавых асабістых правоў чалавека, як права на жыццё, на свабоду ад катаванняў, на свабоду ад паднявольнага стану і прымусовай працы, на свабоду і асабістую недатыкальнасць.

Праваабаронцы просяць cпецдакладнікаў звярнуцца да ўрада Беларусі з патрабаваннем ужыць неадкладныя захады для выканання сваіх міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншых міжнародна-прававых дакументах, а таксама задзейнічаць усе неабходныя і наяўныя сродкі міжнародна-прававога рэагавання на грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках