26 красавiка 2024, Пятніца, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анжаліка Агурбаш: У мяне падрыхтаваны падарунак усяму беларускаму народу

46
Анжаліка Агурбаш: У мяне падрыхтаваны падарунак усяму беларускаму народу

Вядомая спявачка распавяла пра самазнішчэнне лукашызму.

Беларуская і расейская спявачка, заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш рэзка асуджае гвалт у Беларусі, крытыкуе «лукашызм» і людзей, якія выконваюць злачынныя загады, абураецца маўчаннем Анатоля Ярмоленкі, падтрымлівае беларускіх палітвязняў і распавядае пра свой бел-чырвона-белы сцяг, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра катастрофу пад назвай «лукашызм»

Сітуацыя крытычная ў Беларусі. Мала казаць, трэба дзейнічаць сур'ёзна. Я вельмі спадзявалася на тое, што Расейская Федэрацыя дапаможа беларускаму народу, як мінімум, спыніць гэты гвалт, тэрор і вычварэнствы, што ідуць з боку Лукашэнкі і ягонай (інакш не магу сказаць) банды, самай сапраўднай бандыцкай групоўкі. Людзі цяпер знаходзяцца ў канцлагеры, жывучы ва ўласнай краіне ў ХХІ стагоддзі. Гэта пачварна. Гэта па-за дабром і злом. Вар'яцтва і ідыятызм, калі судзяць жанчыну 1931 года нараджэння, якая выйшла на марш пратэсту з нашымі дарагімі пенсіянерамі.

Колькі такое скоцтва будзе трываць? Я хачу спытаць, дарагія мае прадстаўнікі Следчага камітэта, судоў, дзе вашае сумленне? З Лукашэнкам усё зразумела, а дзе ваша прафесійнае і чалавечае стаўленне? У нас цяпер COVID-19, а ў мяне адчуванне, што нейкая бацыла, вірус і ўжо катастрофа пад назвай «лукашызм». Лукашызм заражае розумы і свядомасць людзей, паралізуе іх, пазбаўляе уласнай думкі і прафесійных якасцяў.

Пра санкцыі супраць Лукашэнкі

Расея і еўрапейскаы супольнасць павінны былі б спыніць гэтую агрэсію супраць беларускага народа. Патрэбна канкрэтная абарона беларускага народа, патрэбны трыбунал, арышт злачынцаў, якія працягваюць здзекавацца з невінаватых людзей. Банды і злачынцы ўжо прыходзяць у дамы, стукаюцца ў кватэры, і яны будуць ўрывацца ў кватэры. Народ цяпер у пастцы, нягледзячы на тое, што ўжо пачалася адназначная партызанская вайна ў раёнах, дварах, дзе людзі аб'ядноўваюцца, генеруюць мірныя ідэі ў выглядзе флэшмобаў, акцый салідарнасці, каб паказаць, што яны не спыніліся.

Пра два сцягі

Лукашэнка не разумее, што ўсімі сваімі дзеяннямі ён робіць усё з дакладнасцю да наадварот, пачынаючы ад бел-чырвона-белага сцяга. Ён зрабіў усё, каб гэты сцяг (і гэта радасна) стаў сімвалам свабоды, веры і справядлівасці. Ён і ягоныя лукашысты зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб сённяшні дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг стаў сімвалам агрэсіі і беззаконня. Гэта ўсё ягонымі рукамі зроблена. Ён самзнішчыўся, і ўся яго сістэма самазнішчаецца. Але каб пры гэтым не зазнавала вялікая колькасць мірных грамадзян.

Пра палітвязняў і галадоўку Ігара Лосіка

Моцна за ўсіх хвалююся. Кожны, хто цяпер знаходзіцца ў турме, героі. Сёння кожнага асвечанага беларуса, які выступае супраць тэрору, агрэсіі і гвалту, можна далучыць да ліку святых. Гэта людзі, якія змагаюцца сваімі добрымі сэрцамі са злом і несправядлівасцю. Зараз ідзе страшная вайна дабра і зла, цёмных і светлых сіл. Я хачу падтрымаць Ігара Лосіка і ягоную сям'ю. Я абавязкова напішу яму ліст, я хачу заклікаць яго спыніць галадоўку. Ён павінен перш за ўсё думаць пра тое, як выйсці з турмы жывым. Нікому нічога ў гэтай сітуацыі давесці немагчыма. Звярнуць увагу на свае прынцыпы, на сваю чалавечую годнасць немагчыма, бо няма перад кім сыпаць бісер. Засталіся нелюдзі, нягоднікі і злачынцы. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Народ прачнуўся, і народ аб'яднаны, і гэта ўжо не здушыць і не спыніць.

Пра песню «Наўздагон» пра пагоню

Песню «Наўздагон» заспявала яшчэ ў 1991 годзе, калі мне было 21 год. Я ганарылася, што лунае бел-чырвона-белы сцяг над Беларуссю, ганарылася «Пагоняй». Падзенне духоўнасці адбылося ў 1995 годзе, калі воляй Лукашэнкі прыбралі нашу дзяржаўную сімволіку. Гэта была ягоная воля, я гэта дакладна ведаю. І паволі пачало валіцца ўсё. Мы ўсе паволі сталі закладнікамі абставін і сітуацыі. Я таксама была як у тумане. Ніхто і думаць не мог, што ў гэтым чалавеку хаваецца столькі нянавісці, злосці і агрэсіі. Калі ў свой час я кантактавала з Валодзем Някляевым, я была яшчэ недасведчаная. Ён яшчэ ў 1990-я гады казаў, і не толькі мне: «Вы не разумееце, што робіць Лукашэнка, ён чыніць злачынства над беларускім народам». А я тады шчыра не разумела, якое злачынства - ну не вельмі добра кажа, але на практыцы... Беларусамі заўсёды захапляліся ў свеце, на постсавецкай прасторы, і ў што ён ператварыў краіну - у калгас.

Пра эстрадную тусоўку і Анатоля Ярмоленку

Я бачу, што цяпер падзяліліся людзі на дзве краіны і на два народы. Светлыя, чыстыя і нейкія азлобленыя. Адказваючы на вашае пытанне пра музыкаў, якія засталіся вакол Лукашэнкі (Саладуха, Ланская, сёстры Груздзевы, Ярмоленка, Дарафеева), Я б выключыла з гэтага спісу Анатоля Ярмоленку. Мне вельмі шкада, што ён застаўся на тым беразе. Гэта паважаны і таленавіты чалавек, якога я вельмі люблю, які ў свой час быў вельмі прыязным у дачыненні да мяне. Калі я звольнілася з «Верасоў», у мяне забралі ўсе песні. Засталася адзіная песня не Васіля Раінчыка, песня «Раз ды разок», якую я мела права выконваць. І Раінчык прапанаваў Анатолю Ярмоленку праспяваць гэтую песню. Ён адмовіўся і падтрымаў мяне. Ён у нашай (у добрым сэнсе) эстрадзе застаўся адзіным зубрам, на якога раўняюцца людзі. І, на мой погляд, ён павінен быў стаць у першую чаргу наперад і абараніць людзей сабой, сваім аўтарытэтам. Так павінны былі зрабіць шматлікія.

Мне зразумелая пазіцыя Ланской, Саладухі, яны з Лукашэнкам. Хтосьці з музыкаў падтрымаў народ, светлы бок, але мне незразумелая ніякая пазіцыя маіх калег, якіх я шанавала і паважала. Мне здавалася, што яны, як мінімум, па-чалавечы хоць бы нейтральна павінны былі пазначыць сваю пазіцыю і падтрымаць свет, дабро, справядлівасць, але, на жаль, адмоўчваюцца.

Я размаўляю з прадстаўнікамі інтэлігенцыі беларускага паходжання, якія жывуць у Расеі. Выказаліся Андрэй Макарэвіч, Дакота... выказаліся многія выдатныя акторы, Лаліта Міляўская жорстка сказала пра «лукашызм».

Пра стометровы нацыянальны сцяг

У мяне падрыхтаваны падарунак усяму беларускаму народу - гіганцкі бел-чырвона-белы сцяг, 4,5 метра на 100 метраў. Цяпер я чакаю сітуацыі, калі змагу зрабіць акцыю ў падтрымку беларускага народа. Можа, нарэшце гэты стометровы сцяг спыніць гэта вар'яцтва і ідыятызм, якія робяцца ў Беларусі для знішчэння ўсяго бел-чырвонага.

Я была перакананая, што гэтую рэпрэсіўную машыну спыніць сусветная супольнасць, спыніць Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. На мой погляд, сёння адзіны аўтарытэт для Лукашэнкі - гэта Пуцін. Я вельмі на яго спадзяюся. На мой погляд, ніякай небяспекі ад гэтага для Беларусі быць не можа, бо цяпер адна небяспека для Беларусі - гэта Лукашэнка. У мяне даверу больш да Расеі. Наколькі дэмакратычна і прыязна да сітуацыі ў Беларусі ставіўся Еўразвяз і ўся сусветная супольнасць, але я не бачу ніякіх сур'ёзных, кардынальных дзеянняў для абароны палітвязняў і ўсяго беларускага народа з боку ЗША, ЕЗ і ўсяго свету.

Пра смелы учынак

Веру, спадзяюся, люблю. Я вельмі веру ў беларусаў, спадзяюся, што светлыя сілы перамогуць, што ваяры святла перамогуць гэтае зло. Я нямоглая цяпер. Не ведаю, як дапамагчы людзям, але я вельмі стараюся - сваёй энэргіяй, сваім стаўленнем, сваёй бясстрашнасцю, нарэшце. Цяпер мы павінны трымацца адзін аднаго, падтрымліваць тых, хто за кратамі. Калі будзе крытычная сітуацыя (я ведаю сябе), я гатовая да самых смелых учынкаў і пастаноў. Я іх прадумваю. У мяне шмат пунктаў дапамогі і падтрымкі. У крайняй сітуацыі, калі будзе востра стаяць пытанне, мне ўжо будзе ўсё роўна, што будзе са мной і якой будзе мая будучыня. Я буду заўсёды побач з маім беларускім народам.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках