19 студзеня 2021, aўторак, 8:20
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адчуванне, што мы сфармаваліся як грамадзянская супольнасць і нас шмат, надае сіл»

2
«Адчуванне, што мы сфармаваліся як грамадзянская супольнасць і нас шмат, надае сіл»
Фота: AFP

Жнівень змяніў нас усіх.

Tut.by задалі пытанне: «Як вас змяніў гэты жнівень?» прадпрымальніку і валанцёрцы на Акрэсціне Ганне Кулаковай.

Падчас працы валанцёркай на Акрэсціне Ганна была сярод тых, хто першымі ўбачылі стан, у якім адтуль выходзяць людзі.

- Памятаю, што было адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца. А ў галаве круцілася толькі адна фраза: «Божа, гэта вайна». Тое, што мы чыталі ў падручніках гісторыі і ў кнігах пра Вялікую Айчынную, я ўбачыла на свае вочы.

Тады трэба было выпіць супакаяльнае і дзейнічаць - плакала ўжо потым. Ведаеце, чым ратавалася, калі было зусім кепска? Нон-стопам пераглядала «Гары Потэра». (Усміхаецца.)

Так, рукі ў мяне дрыжаць дагэтуль, але страху больш няма. Ёсць разуменне, што маўчанне цяпер таксама злачыннае, як і тое беззаконне, з якім мы не можам змірыцца. Ёсць велізарнае жаданне ні ў якім разе не здавацца. Нават калі са мной здарыцца дрэннае... Дні пралятаюць хутка, а сумленне і пачуццё ўласнай годнасці, варта іх хоць раз страціць, ужо не вярнуць.

Калі апускаюцца рукі, успамінаю, як мой маленькі сын, які на свае вочы пабачыў, як людзей хапаюць на прыпынку, калі мы праязджалі міма на аўто, спытаў: "Мама, што гэта?! Мама, гэта бандыты?”. Я хачу, каб маё дзіця расло ў краіне, дзе ў яго не будзе падставы задаваць мне такія пытанні.

Адчуванне, што мы сфармаваліся як грамадзянская супольнасць і нас шмат, надае мне сіл. Так, на адной шалі вагаў дзікі жах, беззаконне і боль, які нам прычынілі, але на іншай - выдатныя, згуртаваныя людзі: лекары, навукоўцы, творчыя людзі, прадпрымальнікі, праграмісты, рабочыя, годныя вайскоўцы. Тыя, што думаюць, светлыя, здольныя на эмпатыю беларусы.

Мабыць, мы чакалі моманту, каб паказаць сябе. Саромеліся. Ну, сарамлівы мы народ, што зрабіць.

Саромеліся-саромеліся - ды і перасталі. І што мы бачым? Дзівоснае згуртаванне, адсутнасць страху, каласальную падтрымку адзін аднаго. І гэта варта ўсіх тых жахаў, што мы перажывалі.

Гадоў 5-6 назад мне давялося пагаварыць з Міхаілам Саакашвілі, і я спытала, што ён думае пра беларусаў. Ён вось што сказаў: «У беларусаў унікальны патэнцыял. Яны еўрапейцы, паводле ментальнасці сваёй - сапраўдныя швайцарцы. Інтэлігентныя, працавітыя. Усё ў іх будзе добра».

У беларусаў сапраўды ёсць усё для таго, каб стаць найлепшымі. Закансерваваць нас і адправіць назад у Савецкі Саюз ужо не ўдасца.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».