29 красавiка 2024, панядзелак, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні лукашэнкаўскі карнік ударыў цяжарную у жывот, і яна страціла дзіця

79
У Гародні лукашэнкаўскі карнік ударыў цяжарную у жывот, і яна страціла дзіця
ФОТА: NV-ONLINE.INFO

Зараз з дзяўчыны патрабуюць яшчэ і штраф.

Больш за месяц прайшло з падзей 9-11 жніўня, але мы працягваем дазнавацца пра жудасныя гісторыі, якія адбыліся з беларусамі ў гэтыя дні. «Народная Воля» распавяла, што здарылася з маладой мамай з Гародні Карынай Маліноўскай.

Карыну брутальна затрымалі 11 жніўня ў Гародні проста каля дома. Яна сядзела ў аўто і размаўляла праз тэлефон з мамай.

Затым Карыну адвезлі ў мясцовае РУУС: «Адвялі ў кабінет, дзе было шмат міліцыянтаў. Зайшлі яшчэ двое, адзін быў у балаклаве. Другі, у цывільным, тут жа ўдарыў мяне па шыі так, што я адразу ж упала на падлогу». Карыну прымушалі падпісаць пратакол, пагражаючы, што інакш у яе забяруць дзіця і арыштуюць ейную маму, якая ўжо стаяла пад РУУС. Казалі, што калі яна падпіша пратакол, яе «проста» адвязуць у турму, асудзяць і адпусцяць.

Падчас размовы нехта нечакана ўдарыў Карыну ў жывот: «Я закрычала, што цяжарная, пасля гэтага мяне зачынілі ў камеры. Праз тры гадзіны ў мяне пачаў моцна балець жывот. Я прасіла выклікаць хуткую, чарговым разам сказала ім, што цяжарная».

Да Карыне падышлі мужчына і жанчына, псіхалагічны ціск трываў. Ёй зноў пачалі пагражаць, казалі, што калі яна напраўду не цяжарная, яе адвядуць у спартзалу, дзе асабліва жорстка збівалі затрыманых. У выніку жанчыну агледзела лекарка з РУУС і сказала, што неўпэўненая ў ейнай цяжарнасці. «Я тады ім заявіла, што калі са мной нешта здарыцца, яны будуць за гэта адказваць. Мабыць, мае словы іх пераканалі, таму што яны ўсё ж выклікалі хуткую».

Карыну адвезлі ў шпіталь, яе агледзеў лекар і сказаў, што ёсць кіста, таму дзяўчыне патрэбная неадкладная шпіталізацыя. Словы медыка Карына перадала жанчыне-міліцыянту, якая яе суправаджала. Тая адказала, што калі Карына застанецца ў лякарні, яе прычэпяць кайданкамі да ложка, а потым усё адно прывязуць у турму. І прапанавала адразу паехаць у ізалятар і дачакацца суда там.

Карына пагадзілася на другі варыянт і ўсю дарогу прасіла сілавікоў, каб іх болей не білі. «У турме я ўбачыла, як збіваюць мужчын. Мяне таксама хацелі біць, але нехта крыкнуў, што я цяжарная. Я адварочвала твар, каб не бачыць збіванняў, але адзін міліцыянт увесь час паварочваў яго так, каб я бачыла тое, што адбываецца. Гэта нагадвала кадры з фільма: гестапа ў чорным б'е ні ў чым невінаватых людзей, жорстка, без жалю».

Пасля ўбачанага Карыне стала дрэнна. Ёй зноў выклікалі хуткую і адвезлі ў лякарню. Там лекары зафіксавалі разрыў кісты і прызначылі тэрміновую аперацыю. «Пасля я даведалася, што страціла цяжарнасць».

Карына правяла ў лякарні яшчэ некалькі дзён, да яе не прыходзіў ніхто з міліцыі. «Праваахоўнікі» звязаліся з ёй, калі яна ўжо прыехала дадому. «Не прадстаўляючыся, мне казалі прыйсці ў міліцыю, падпісаць пратакол і атрымаць штраф за тое, што я нібыта нецэнзурна выказвалася каля свайго пад'езда, крычала і кідалася на людзей». Пасля Карына даведалася, што ёй у пратакол запісалі яшчэ і тое, што яна гандлявала петардамі - хоць дзяўчына ніколі гэтым не займалася. Але! Калі яе затрымалі 11 жніўня, Карыну, пагражаючы забраць дзіця, прымусілі зманіць на камеру акурат пра гандаль. Відэа, дзе Карына кажа пра гандаль петардамі, паказалі на БТ1. Дзяўчына збіраецца падаць у суд на тэлеканал.

У выніку Карына адмовілася падпісваць пратакол. На яе склалі іншы - за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, і прывезлі проста дадому позву ў суд. З-за таго, што ў жанчыны хварэла дзіця і яна была на лістку непрацаздольнасці, Карына не з'явілася на судовае пасяджэнне. Не гледзячы на тое, што тэрмін разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Карыны скончыўся, ёй усё адно прысудзілі штраф на 10 базавых адзінак. Зараз жанчына рыхтуе апеляцыю.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках