26 красавiка 2024, Пятніца, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнікі мікрараёнаў беларускіх гарадоў заклікалі пачаць Генеральны наступ на ўзурпатара

85
Прадстаўнікі мікрараёнаў беларускіх гарадоў заклікалі пачаць Генеральны наступ на ўзурпатара
Фота: tut.by

Яны прапануюць 27 верасня правесці Марш 97%.

Шэраг беларускіх тэлеграм-каналаў апублікаваў заяву прадстаўнікоў мікрараёнаў беларускіх гарадоў і шэрагу страйкамаў.

Сайт Charter97.org прыводзіць тэкст заявы цалкам:

– 9 жніўня абсалютная большасць грамадзянаў Беларусі прагаласавала супраць дыктатара Лукашэнкі, за Святлану Ціханоўскую. Перапалоханая ўлада надумала сфальсіфікаваць выбары. Мы адказалі магутным пратэстам. Гэты пратэст доўжыцца ўжо паўтара месяца, ягонымі ўдзельнікамі сталі ўсе жыхары краіны – ад невялікіх вёсак да Менска.

Кожны дзень мы выходзім на вулічныя акцыі, праводзім маршы і сустрэчы ў мікрараёнах сваіх гарадоў, флэшмобы і партызанскія акцыі. Кожныя выхадныя сотні тысячаў беларусаў збіраюцца ў цэнтры сваіх гарадоў і дэманструюць жаданне жыць у вольнай краіне.

Гераізм, самаарганізацыя і смеласць нашага народа здзівілі ўвесь свет.

Мы паказалі, што нас – пераважная большасць. Цяпер трэба ісці далей і дамагацца выканання нашых законных патрабаванняў – вызвалення ўсіх палітвязняў, адстаўкі Лукашэнкі і правядзення сумленных выбараў. Для гэтага патрэбная максімальная канцэнтрацыя сілаў, павелічэнне маштабаў пратэсту і катэгарычныя дзеянні.

Марш справядлівасці паказаў, чаго больш за ўсё баіцца слабая і баязлівая ўлада – нашых моцных і скаардынаваных дзеянняў у цэнтры нашых гарадоў.

Дыктатар хоча атрымаць час, каб захаваць сваю ўладу, спадзяецца, што пратэст затухне. Мы не дапусцім гэтага.

Мы – прадстаўнікі групаў супраціву з мікрараёнаў Менска, ВНУ, а таксама розных гарадоў Беларусі. Мы ўсе розныя, але ў нас адна мэта – вызваленне краіны.

Мы прапануем пачаць Генеральны наступ на дыктатуру і ў якасці першага кроку – правесці ў нядзелю 27 верасня ў цэнтры нашых гарадоў а 14-й Марш 97%, зрабіць гэтую акцыю найбольш масавай у гісторыі Беларусі. Для гэтага ўсім прыхільнікам пераменаў сканцэнтраваць намаганні на яе падрыхтоўку, пачаўшы дзейнічаць проста цяпер.

Што для гэтага трэба?

Татальны распаўсюд інфармацыі пра Марш. Улёткі, стыкеры, графіці, любая наглядная агітацыя павінна з'яўляцца кожны дзень ва ўсіх даступных месцах.

Ноў-хаў беларускіх пратэстаў – групы супраціву ў мікрараёнах і кварталах. Кожны дзень нам трэба гутарыць з суседзямі, якія пакуль яшчэ не выходзяць на пратэст, запрашаць іх на Марш.

Выкарыстоўваць усе магчымасці, якія дае інтэрнэт. Інфармацыя пра Марш павінна быць ва ўсіх сацсетках і лакальных чатах.

Мы звяртаемся да ўсіх тэлеграм-каналаў, блогераў, СМІ. Мы дзякуем за дапамогу і падтрымку і просім максімальна шырока распаўсюдзіць інфармацыю пра Марш.

Мы просім нашых суайчыннікаў, усіх сяброў свабоднай Беларусі праводзіць акцыі каля амбасадаў не толькі нашай краіны, але і Расеі. Пуцін павінен зразумець, што падтрымка Лукашэнкі недапушчальная.

Крэатыў беларусаў падчас акцый пратэсту дзівіць. Давайце выкарыстаем яго для таго, каб прыдумаць новыя спосабы данясення інфармацыі пра Марш.

Пачынаем Генеральны наступ. Жыве Беларусь!

Народная ініцыятыва «Генеральны наступ»:

Алена, м-н вуліцы Маўра, Менск

Алег, м-н Каменная Горка, Менск

Belarus Freedom, Малінаўка 4, 5, Менск

Павал, м-н Лошыца, Менск

Аляксандр, м-н Міхалова, Менск

Аляксандр, м-н Чыжоўка, Менск

Дзмітрый, м-н Захарава, Менск

Сяргей, раён ст. м. «Магілёўская», Менск

Андрэй, м-н Сухарава, Менск

Дзмітрый, м-н Серабранка, Менск

Анжаліка, м-н Уручча, Менск

Сяргей, м-н Ангарская, Менск

Ігар, м-н Малінаўка 7, 8, Менск

Алекс, м-н Паўднёвы Захад, Менск

Андрэй, м-н Сляпянка, Менск

Стас, м-н Брылевічы, Менск

Іван, БДУІР

Мярэжа, БДУКМ

Дыяна, БНТУ

Васіль, Магілёў

Яўген, Наваполацк

Валянцін, Менскі раён

Альгерд, Гародня

Аляксей, Гомель

Ірына, Берасце

Вераніка, Жлобін

Васіль, Смалявічы

Макс, Барысаў

Сяргей, Ліда

Алег, Слуцк

Аляксей, страйкам МАЗ

Андрэй, страйкам «Гродна Азот»

Аўтары звароту запрашаюць усіх прыхільнікаў пераменаў далучацца да ініцыятывы.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках