Сёння – Усебеларускі страйк!
26- 1.09.2020, 8:08
- 90,840
Выберыце найбуйнейшае прадпрыемства вашага горада і прыходзьце падтрымаць рабочых.
Забастоўка 1 верасня - па ўсёй Беларусі. Выберыце найбуйнейшае прадпрыемства вашага горада і прыходзьце на прахадную, каб падтрымаць рабочых.
Чаму заўтра нельга працаваць? Пра гэта распавялі звычайныя беларусы, піша тэлеграм-канал «Беларусь страйкуе».
«На сёння ніводнае з патрабаванняў грамадзян не выкананае. Не распачата ніводнай справы аб фальсіфікацый выбараў, Вярхоўны суд адмовіў у распачынанні спраў паводле сабраных скаргаў. Гвалт з боку сілавых структур прадаўжаецца. Вуліцамі гарадоў ходзяць злачынцы з аўтаматамі і затрымліваюць людзей.
Не вызваленыя палітычныя зняволеныя, ніхто з вінаватых у смерці людзей не прыцягнуты да адказнасці. Не прызначаныя новыя, сумленныя выбары.
Як даць ведаць упартай дзяржаве, што мы не згодныя з вынікамі?
Як растлумачыць, што мы будзем патрабаваць правасуддзя датуль, пакуль вінаватыя ў гвалце не будуць пакараныя?
На жаль, у людзей не застаецца нічога іншага, як проста сказаць «Стоп!» і спыніць працу, таму цяпер забастоўка - эфектыўны спосаб для мірнага дыялогу з уладай.
Рабочыя большасці дзяржаўных прадпрыемстваў праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны патрабуюць спыніць гвалт, прызнаць выбары несапраўднымі і пакараць вінаватых.
Людзі хадзілі на мітынгі і збіралі подпісы для абвяшчэння забастовак, у адказ супраць іх быў учынены сапраўдны тэрор. Ім пагражалі штрафамі, звальненнямі, затрыманнем і крымінальнымі справамі.
Мы выказваем салідарнасць з усімі страйкоўцамі Беларусі. Таму першага верасня праводзіцца акцыя салідарнасці. Самая буйная і масавая забастоўка ў гісторыі Беларусі.
Мы заклікаем усіх праявіць салідарнасць і спыніць працу на адзін дзень. Давайце пакажам уладам, як шмат людзей хочуць зменаў».
«Няхай у гэты дзень не працуюць бары і закусачныя, закрыюцца спартзалы і кветкавыя крамы, абменнікі і швейныя майстэрні, фабрыкі і архітэктурныя бюро. Хай лекцыі ва ўніверсітэтах пройдуць без выкладчыкаў і перад пустымі аўдыторыямі.
Толькі адзін, але вельмі важны дзень.
Замест гэтага прыходзьце падтрымаць рабочых. Прапануем сабрацца апоўдні, а 12:00 каля прахадных галоўных прадпрыемстваў, якія страйкуюць.
МТЗ, БелАЗ, МЗКТ, «Белшына», «Беларуськалій». Выберыце найбуйнейшае прадпрыемства вашага горада і прыходзьце на прахадную, каб падтрымаць працоўных».
«1 верасня - гэта дзень ведаў. Прыходзьце прыгожымі, з кветкамі і стужкамі. Замест падручнікаў бярыце канстытуцыю і працоўны кодэкс. Чытайце вершы пра рабочых і малюйце плакаты.
Дзень за днём, настойліва і метадычна, будзем паказваць нелегітымнай уладзе, што Беларусь - гэта ўсе мы, і іншай Беларусі не існуе».