24 красавiка 2024, Серада, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка – нуль, а нас 97%

35
Лукашэнка – нуль, а нас 97%
Фота: tut.by

План дзеянняў на 9 і 10 жніўня.

Наша свабода зусім блізка. У гэтага наскрозь прагнілага паганага рэжыму няма ніякіх шанцаў. Аднак цяпер неабходныя мабілізацыя і канцэнтрацыя ўсіх нашых сілаў і магчымасцяў. Важныя салідарнасць і падтрымка, адвага і мужнасць.

Ясна, што ніякіх выбараў пры Лукашэнку няма. Ясна, што ягоныя змоўнікі зноў сфальсіфікуюць вынікі. Баршчаварка Ярмошына пры пустых участках на датэрміновым галасаванні ўжо намалявала яўку 41,7 адсотка. Мы для іх увогуле не людзі: нас не бачаць, не чуюць, не заўважаюць, галасы нахабна крадуць, а пашпартныя звесткі выкарыстоўваюцца як заўгодна і кім заўгодна.

Але, можа быць, хопіць? Колькі яшчэ гадоў жыцця мы павінны аддаць гэтаму пражэрліваму паразіту, які захапіў нашу краіну?

Час паказаць, што мы ёсць. Прымусіць іх убачыць, пачуць і заўважыць нас. І зрабіць гэта можна толькі адным спосабам – выйшаўшы на вуліцу. Гэта наша канстытуцыйнае права і права, прапісанае ў Дэкларацыі правоў чалавека – патрабаваць правядзення свабодных і сумленных выбараў на мірных акцыях пратэсту.

Лукашэнка – ніхто, нуль. Ён незаконна ўтрымлівае ўладу больш за два дзясяткі гадоў і наперадзе яго чакаюць толькі суд і турма. Усе, хто будзе спрабаваць яму дапамагаць падоўжыць агонію – фальсіфікатары галасавання або амапаўскія апрычнікі – аўтаматычна запісваюцца ў суўдзельнікі злачынства і абавязкова зазнаюць люстрацыю.

Самае галоўнае – разумець, наколькі іх мала. Нас 97 адсоткаў. І гэта не проста прыгожыя словы, гэта рэальнасць. Уся краіна паўстала супраць гэтага калгаснага рэжыму. Нам проста трэба быць разам і, нягледзячы ні на што, не здавацца.

Які агульны план дзеянняў? У дзень галасавання, 9 жніўня, людзей заклікаюць збірацца каля выбарчых участкаў у цэнтральных раёнах гарадоў да часу іх закрыцця а 20-й для падвядзення вынікаў незалежных падлікаў галасоў (платформа «Голас» і іншыя).

На наступны дзень, у панядзелак, 10 жніўня, ужо з раніцы неабходна будзе рэагаваць на заявы ўладаў. Калі прызнаюць паразу, то мільёны беларусаў выйдуць на святочнае шэсце. Калі будуць хлусіць, то мільёны беларусаў іх спакойна аспрэчаць праз усебеларускі страйк і штодзённыя дэманстрацыі пратэсту ва ўсіх беларускіх гарадах з 19-й.

Яны хочуць адключыць інтэрнэт? Выдатна. Не трэба панікаваць. Выходзьце на вуліцу, каб на свае вочы ўбачыць, як творыцца гісторыя.

Нас немагчыма адключыць ад свету і свабоды. Мільёны людзей на планеце сочаць за намі і жадаюць перамогі.

Мы – большасць. Мы – сіла. А яны – аджылае мінулае, якое сутаргава спрабуе чапляцца за нас. Аднак без шанцаў. Мінулае ніколі не вяртаецца. Наперадзе – толькі будучыня. Вольная і шчаслівая.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках