26 красавiка 2024, Пятніца, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВПС ЗША ўпершыню ўзначаліў афраамэрыканец

ВПС ЗША ўпершыню ўзначаліў афраамэрыканец
Чарльз Браўн

Да гэтага генерал камандаваў Ціхаакіянскімі вайскова-паветранымі сіламі.

Генерал Чарльз Браўн-малодшы заняў пасаду начальніка штаба ВПС, стаўшы першым у гісторыі ЗША чарнаскурым начальнікам роду войскаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

"Гэта гістарычны дзень для нашай краіны, і я ўспрымаю гэты момант з усёй сур'ёзнасцю», - сказаў Браўн на цырымоніі перадачы камандавання на базе Эндрус пад Вашынгтонам.

Браўн падзякаваў лётчыкам-афраамэрыканцам, якія служылі да яго, за тое, што яны натхнялі яго ды іншых вайскоўцаў, у тым ліку так званых «пілотаў Таскігі» - першых чарнаскурых вайсковых лётчыкаў, якія змагаліся падчас Другой сусветнай вайны.

«Менавіта праз тыя выпрабаванні ды нягоды, што зазналі яны, пераадольваючы бар'еры, я магу звярнуцца да вас сёння ў якасці начальніка штаба ВПС», - сказаў ён.

Браўн змяніў на пасадзе генерала Дэвіда Голдфэйна, які сыходзіць на пенсію пасля 37 гадоў службы.

Голдфэйн назваў Браўна «сапраўдны ваякам», «лідэрам» і сваім сябрам.

Міністарка ВПС Барбара Барэт у чацвер заявіла, што «няма лепшага афіцэра, які мог бы ўзяць у свае рукі камандаванне штабам ВПС», чым генерал Браўн.

Яна дадала, што ягоны паслужны спіс «не мае аналагаў на Блізкім Усходзе, у Еўропе і Ціхаакіянскім рэгіёне».

Браўн служыў начальнікам Ціхаакіянскіх вайскова-паветраных сіл, якія нясуць адказнасць за дзейнасць ВПС у Ціхаакіянскім рэгіёне, плошча якога ахоплівае палову зямной кулі.

З ліпеня 2016 года да ліпеня 2018 года ён займаў пасаду намесніка начальніка Цэнтральнага камандавання ЗША, якое апякуецца над вайсковай дзейнасцю ЗША на Блізкім Усходзе. Дагэтуль ён узначальваў Цэнтральнае камандаванне ВПС ЗША.

Прэзідэнт Трамп правёў цырымонію прывядзення да прысягі ў Авальным кабінеце раней на гэтым тыдні.

У чэрвені Сэнат аднадушна зацвердзіў кандыдатуру генерала Браўна.

Прызначэнне Браўна адбылося на фоне абвастрэння палітычнай дыскусіі аб пытаннях расы і пратэстаў супраць расавай несправядлівасці.

«Я думаю, што маё прызначэнне можа даць некаторую надзею, але таксама спалучана з вялікім цяжарам. Я не магу выправіць стагоддзі расізму ў нашай краіне або дзесяцігоддзі дыскрымінацыі, пад якую падпадалі чальцы ВПС», - адзначыў Браўн у відэа для ВПС у чэрвені.

На рахунку Браўна - больш за 35 гадоў службы, амаль 3 000 налятаных гадзін і 130 гадзін баявога налёту на знішчальніку F-16. Ён быў прыняты на службу ў 1984 годзе як выдатны выпускнік Корпуса падрыхтоўкі афіцэраў запасу Тэксаскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках