20 красавiка 2024, Субота, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэмпература паветра ў жніўні ў Беларусі чакаецца блізкай да кліматычнай нормы

Тэмпература паветра ў жніўні ў Беларусі чакаецца блізкай да кліматычнай нормы

Колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў.

Тэмпература паветра ў жніўні чакаецца блізкай да кліматычнай нормы, паведамілі БелТА ў Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Міністэрства прыроды.

«Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў жніўні чакаецца блізу кліматычнай нормы (норма - плюс 16-19 градусаў). Месячная колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма - 55-83 мм)», - сказалі ў Белгідрамеце.

У жніўні тэмпература паветра паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. Кліматычная норма ў гэтым месяцы складае ад плюс 16,2 на паўночным захадзе да 18,7 градусаў вышэй за нуль на паўднёвым усходзе краіны і ў параўнанні з ліпенем паніжаецца на 0,7-1,5 градуса. Больш чым у палове выпадкаў самай цёплай бывае першая дэкада, прыкладна адзін раз у 3 гады - другая дэкада, раз у 7-8 гадоў - трэцяя дэкада.

У асобныя гады тэмпература паветра можа прыкметна адхіляцца ад кліматычнай нормы. Асабліва цёплым выдаўся жнівень у 1992 годзе, 2007 г., 2010 г., 2015, 2018 гадах, калі сярэдняя месячная тэмпература паветра была на 2-3,5 градусы вышэй за кліматычную норму. Самы цёплы жнівень быў у 2010 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай паветра ў Беларусі плюс 20,8, што на 3,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Халодным (на 2-3 градусы ніжэй за кліматычную норму) быў жнівень 1956, 1964, 1965, 1976, 1977, 1980, 1987, 1993, 1998 гадоў. Самым халодным быў жнівень 1987 года, калі сярэднямесячная тэмпература склала плюс 14,3, што на 3 градусы ніжэй за кліматычную норму.

У жніўні днём паветра звычайна праграваецца да плюс 22-25. Абсалютны максімум (плюс 38,9) зарэгістраваны днём 8 жніўня 2010 года на метэастанцыі Гомель. Гэта самая высокая тэмпература, якая зафіксавана на тэрыторыі Беларусі за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. Уначы тэмпература паветра звычайна бывае плюс 11-14 градусаў. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра ў жніўні (мінус 3,4) адзначаны ў ноч на 30 жніўня 1966 года на метэастанцыі Палеская.

У канцы месяца сярэдняя сутачная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны пераходзіць праз адзнаку ў плюс 15 градусаў у бок паніжэння, толькі на поўдні краіны гэты пераход ажыццяўляецца ў першай пяцідзёнцы верасня. Прыкладна раз у 20 гадоў у трэцяй дэкадзе жніўня назіраюцца замаразкі. Аднак на Палессі замаразкі магчымыя і ў другой дэкадзе, а на асушаных тарфяніках часам назіраюцца і ў першай дэкадзе жніўня.

У сярэднім за месяц бывае 11-15 дзён з дажджом і выпадае 55-83 мм ападкаў. У дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2-4 месячнай нормы і складаць 142-329 мм, у засушлівыя гады ў асобных раёнах месячная сума змяншацца да 0-16 мм. Максімальная колькасць ападкаў за дзень (146 мм) зафіксаваная ў Бабруйску ў 1970 годзе.

Навальнічная дзейнасць у жніўні слабее, сярэдняя колькасць дзён з навальніцамі памяншаецца да 4-7 дзён. У жніўні ў сярэднім на працягу 1-4 начэй назіраюцца туманы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках