18 красавiка 2024, Чацвер, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нашаму сыну злачынна не аказалі дапамогу, ён не памёр, ён загінуў»

24
«Нашаму сыну злачынна не аказалі дапамогу, ён не памёр, ён загінуў»
ФОТА: SVABODA.ORG

Сваякі 25-гадовага Аляксандра Віхора, які памёр пасля затрымання, не могуць яго пахаваць.

Спачатку сям'я Віхоры тры дні шукала інфармацыю пра тое, куды зніклі іх сын і брат Аляксандр. Ніхто не казаў. Потым даведаліся, што Саша ў моргу. Але прычына смерці не названая. Абставіны смерці афіцыйна невядомыя, паведамляе «Радыё Свабода».

«Яму проста злачынна не аказалі дапамогу, ён не памёр, ён загінуў», - кажа айцец Аляксандр.

«Мы хочам ведаць праўду - чаму памерла наша дзіця», - кажа мама Святлана.

«Мы не дазволім, каб пасля смерці, улады ачарнілі яго, каб сказалі, што ён альбо наркаман, ці неадэкватны!» - кажа сястра Вольга.

Увечары 9 жніўня 25-гадовы Аляксандр Віхор паехаў на спатканне са сваёй дзяўчынай. Ён жыве ў Касцюкоўцы пад Гомелем, дзяўчына жыве ў спальным раёне Гомеля. Таму Саша зрабіў перасадку ў цэнтры горада і патрапіў пад «хапун» АМАПа.

Яму ўдалося паведаміць маці, што ён затрыманы. Больш не выходзіў на сувязь. Бацькі кінуліся шукаць сына. Ім не далі ніякай інфармацыі ні ў адным аддзяленні міліцыі, следчым ізалятары ці ізалятары часовага ўтрымання. «Быў у спісе ў ІЧУ. Потым удакладнілі, што ў спісах яго няма. Я шукала яго ў СІЗА, два дні ездзіла па ўсіх інстанцыях», - плача маці.

Толькі 12 жніўня ў Чыгуначным РАУС ёй паведамілі, што яе сын знаходзіцца ў моргу. «Міліцыянты заявілі, што яму стала дрэнна, ён вёў сябе неадэкватна і яго адвезлі ў псіхіятрычную бальніцу. Навошта? Ён адэкватны, нармальны, здаровы, былы спартовец, які не піў, не калоўся, нават не паліў! Я не дазволю запляміць яго памяць, як гэта прынята ў нашай краіне, зрабіць з яго неадэкватны, вар'ята ці алкаголіка», - кажа маці.

У псіхіятрычным шпіталі лекары заўважылі, што гэта не іх пацыент, ён адэкватны, і выклікалі хуткую дапамогу. У Сашы раней былі праблемы з сэрцам. «Я не веру, што ён не сказаў міліцыі або канвою, што ён сардэчнік, што яму дрэнна, што патрэбна дапамога! Ён казаў, што прасіў пра дапамогу, але каго пра яе прасіць? У звяроў, якія б'юць людзей палкамі?» - кажа сястра Сашы.

Яны напісалі заявы ў пракуратуру і Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу. «Але мы ведаем, як гэта робіцца ў нашай краіне. Цяпер усё замажуць, фальсіфікуюць, паперы перапішуць... Нам сказалі, што на ім не было бачных слядоў збіцця. Але маглі біць так, што на целе не будзе відаць, будуць унутраныя пашкоджанні. Яго цела ў моргу нам не паказалі! Ніякай даведкі пра прычыну смерці нам не выдалі», - кажа маці.

Сваякі заклікаюць тых, хто быў побач з Сашам, у аўтазаку або бачыў яго пасля затрымання, адгукнуцца, каб даведацца праўду.

«Мы бегаем па горадзе і збіраем інфармацыю - дзе ён быў, калі... Ні міліцыя, ні ўлады нам не дапамагаюць. Мы ведаем, што а 18-й гадзіне быў суд. А прывезлі яго ў рэанімацыю а 2 гадзіны ночы. Дзе ён быў увесь гэты час?» - плача маці. Цяпер яны знайшлі адваката, які спрабуе дапамагчы сям'і. «Людзі, адгукніцеся, дапамажыце даведацца праўду», - просяць сваякі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках