Хрысціяне Менска вышлі на хросны ход супраць гвалту
24- 13.08.2020, 15:55
- 39,791
На чале хроснага ходу ішлі трое семінарыстаў і дыякан архікатэдральнага касцёла.
Менчукі - хрысціяне розных канфесій выйшлі з хрэсным ходам супраць гвалту, што адбываецца ў Беларусі, піша сайт naviny.by.
Блізу 13:00 побач з архікатэдральным касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі сабралася амаль 70 чалавек - праваслаўныя з абразамі, каталікі з ружанцамі і пратэстанты з Бібліямі. З чытаннем «Ойча наш» яны прайшлі ад плошчы Свабоды да галоўнага праваслаўнага храму сталіцы - Свята-Духава сабора, дзе іх чакалі яшчэ прыкладна столькі ж чалавек.
На чале хроснага ходу ішлі трое семінарыстаў і дыякан архікатэдральнага касцёла Юрый Рэшатко. Яны паведамілі БелаПАН, што гэта малітоўная акцыя, яны вераць у тое, што з дапамогай малітвы можна спыніць гвалт, што адбываецца ў краіне.
У Свята-Духавым саборы цяпер ідзе служба за Беларусь. Частка ўдзельнікаў акцыі, не чакаючы групы, якая рухалася ад касцёла, сышла на малітву ў храм, астатнія моляцца звонку. У малітоўнай акцыі цяпер удзельнічае блізу 150 чалавек, іх колькасць расце.
Варта адзначыць, што Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы (БПЦ) аператыўна адмежаваўся ад гэтай акцыі.
Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».