26 красавiка 2024, Пятніца, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спадарожнікі зафіксавалі актыўнасць на ядзерным аб'екце КНДР

4
Спадарожнікі зафіксавалі актыўнасць на ядзерным аб'екце КНДР

Экспэрты мяркуюць, што там ствараюць боегалоўкі.

На раней невядомым заводзе Паўночнай Карэі, дзе, магчыма, вырабляюць ядзерныя боегалоўкі, зафіксаваная актыўнасць. Пра гэта 9 ліпеня паведаміў тэлеканал CNN.

Як адзначаюць журналісты, спадарожнікавыя здымкі завода былі зробленыя кампаніяй Planet Labs і прааналізаваныя экспэртамі з Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлбэры.

Прафесар Джэфры Люіс паведаміў журналістам, што ў гэтага аб'екта ёсць усе прыкметы паўночнакарэйскага ядзернага аб'екта: перыметр бяспекі, жыллё на месцы, помнікі для непублічных візітаў кіраўнікоў і падземныя аб'екты. Акрамя таго, аб'ект размешчаны проста побач з заводам вытворчасці бутыляванай вады, які не мае ніводнай з гэтых прыкмет.

Навуковец падкрэсліў, што каля завода назіраецца актыўны рух транспарту - легкавых, грузавых аўтамабіляў, грузавых кантэйнераў. На ягоную думку, гэта можа сведчыць аб працы над вырабам ядзернай зброі.

Спадарожнікавыя здымкі аб'екта КНДР апублікаваў у Twitter журналіст CNN Закарыя Коэн.

Упершыню гэты аб'ект быў знойдзены Цэнтрам даследавання праблем нераспаўсюджвання імя Джэймса Марціна яшчэ ў 2015 годзе. Але тады Льюіс і яго калегі-даследчыкі пастанавілі не публікаваць інфармацыю пра яго, паколькі яны не маглі вызначыць яго канкрэтную ролю ў ядзернай праграме Паўночнай Карэі.

Аднак 15 чэрвеня гэтага года была апублікавана кніга "Кім Чэн Ын і Бомба" аўтара Анкіта Панды. У сваёй кнізе аўтар сцвярджае, што гэты аб'ект звязаны з вытворчасцю боегаловак і можа таксама служыць сховішчам для гэтай зброі, калі паўночнакарэйскі лідар захоча павялічыць вытворчасць.

У навагоднім пасланні Пхеньян папярэдзіў, што ў найбліжэйшай будучыні прадэманструе "новую стратэгічную зброю". Са слоў экспэртаў, яна можа азначаць удасканаленую версію міжкантынентальнай балістычнай ракеты, піша Yonhap.

З 2006 года Паўночная Карэя зрабіла шэсць выпрабаванняў ядзернай зброі і дзясяткі запускаў балістычных ракет. Супраць краіны ўвялі санкцыі Еўразвяз, Рада бяспекі ААН, ЗША і шэраг краін, абмежавальныя захады неаднаразова пашыраліся.

12 чэрвеня 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Кім Чэн Ын падпісалі пагадненне ў Сінгапуры. У дакуменце пазначана, што ЗША дадуць КНДР гарантыі бяспекі, Паўночная Карэя пацвердзіла прыхільнасць поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы. 27-28 лютага 2019 года ва в'етнамскім Ханоі прайшоў другі амерыканска-паўночнакарэйскі саміт. Прэзідэнт ЗША сказаў, што паспрабуе дасягнуць з лідарам КНДР дамоўленасцяй аб дэнуклеарызацыі, а затым "ператварыць Паўночную Карэю ў эканамічны цэнтр". Стораны не дасягнулі пагаднення.

30 чэрвеня 2019 года Трамп і лідар Паўночнай Карэі сустрэліся ў Пханмунджоме - вёсцы ў дэмілітарызаванай зоне на мяжы КНДР і Паўднёвай Карэі. Бакі дамовіліся стварыць групу перамоўшчыкаў ад дзвюх краін, якія будуць упаўнаважаны займацца пытаннямі дэнуклеарызацыі.

З ліпеня 2019 года КНДР аднавіла запускі ракет.

Трамп заяўляў, што апошнія пускі ракет КНДР не парушаюць дамоўленасцяў, дасягнутых паміж ім і Кім Чэн Ынам. Кіраўнік Пентагона Марк Эспэр адзначыў, што ЗША не будуць рэзка рэагаваць на запускі ракет і маюць намер "трымаць дзверы адчыненымі" для перамоў з Пхеньянам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках